«Спеў пра Раство, дум хараство». Паглядзіце, як неверагодна заспявалі знакаміты «Шчэдрык» па-беларуску
24 снежня 2022 у 1671868080
«Зеркало»
Напярэдадні Раства мінскія музыканты апублікавалі новую беларускую версію знакамітага украінскага «Шчэдрыка», ці Carol of the bells - адной з самых вядомых калядных песень у свеце. Толькі за першыя паўдня відэа сабрала больш за чатыры тысячы праглядаў на старонцы аўтаркі і больш за сотню рэпостаў.
Версію а капэла запісалі пяць вакалістаў, яшчэ адзін чалавек выконваў бітбокс-партыю. Ніякіх музычных інструментаў пры запісе не выкарыстоўвалася.
Для тых, хто захоча развучыць і заспяваць песню самастойна, аўтары кавэра апублікавалі тэкст - гэта новы пераклад, які іх каманда падрыхтавала адмыслова для свайго кавера.
Слухай, звіняць,
Званы звіняць!
Пяюць удалеч,
Сум гоняць прэч.
Прыйшло Раство,
Цуд прынясло.
Дзецям малым,
Людзям сталым.
Дзінь-дон, дзінь-дон,
Чароўны звон!
Спеў пра Раство,
Дум хараство!
Зычым дабра
Вам і сябрам!
Шчасця ў дом!
Разам спяём.
Званы звіняць,
Гукі ляцяць
Да вас, сябры,
Ва ўсе двары.
Хопіць сядзець,
Давайце пець!
Раство прыйшло,
Мір прынясло!
Свята, свята, свята, свята блізка!
Свята, свята, свята, свята блізка!
Тыя званы
Здалёк чутны.
Свята ў нас,
Радасці час!
Гэта, вядома, далёка не першая беларуская версія «Шчэдрыка», песню раней не раз перакладалі і спявалі розныя калектывы. Напрыклад, існуюць варыянты ў выкананні хору «Канкордыя» і хору мінскай пратэстанцкай царквы «Ян Прадвесьнік».
Сусветна вядомая калядная песня «Шчэдрык», у англійскай версіі - Carol of the bells, была створаная ўкраінскім кампазітарам Міколам Леантовічам у пачатку ХХ стагоддзя, ён працаваў над ёй больш за 20 гадоў.
Нядаўна сваім выкананнем «Шчэдрыку» ўразілі вайскоўцы НАТА - яны запісалі свой кавэр у заснежаным латвійскім лесе.