«Выдаткі вельмі вялікія». Улады Мінска назвалі рэальны кошт праезду ў грамадскім транспарце
29 студзеня 2025 у 1738128720
Вера Караўская / «Зеркало»
Мінчукі, купляючы талончык, аплачваюць менш за траціну рэальнага кошту праезду ў грамадскім транспарце - астатняе кампенсуе дзяржава. А насамрэч адна паездка каштуе каля трох рублёў - пра гэта паведаміў старшыня Мінгарсавета Арцём Цуран, перадае дзяржагенцтва «Мінск-Навіны».
На прыёме ў чыноўніка пенсіянер з Заводскага раёна падняў пытанне аплаты праезду ў грамадскім транспарце. Мужчына часта наведвае дактароў, і на адну паездку ва ўстанову аховы здароўя ў яго ідзе чатыры талоны. Ён папрасіў прадугледзець для пенсіянераў ільготны праезд у грамадскім транспарце або «ўвесці ў практыку разгляд і задавальненне ў індывідуальным парадку патрэбы асобных грамадзян».
Арцём Цуран прапанаваў мінчуку звярнуцца па адрасную матэрыяльную дапамогу ў Мінгарвыканкам, калі ён адпавядае крытэрам.
Што да зніжэння кошту талончыкаў для пенсіянераў, паводле чыноўніка, дзейны тарыф і без таго льготны, бо пасажыр, аплачваючы праезд, кампенсуе менш за траціну рэальнага яго кошту - астатняе дадае гарадскі бюджэт. Да таго ж штогод з таго самага бюджэту дзясяткі мільёнаў рублёў скіроўваюцца на абнаўленне рухомага саставу.
- Выдаткі на камунальны транспарт у нас вельмі вялікія. Калі б ён быў самаакупальным, як таксі, і талон каштаваў блізу 3 рублёў, як мусіў бы каштаваць, калі ласка, можна было б уводзіць і льготы, - заявіў старшыня Мінгарсавета, аднак паабяцаў «прапрацаваць пытанне».
Цяпер білет на аўтобус, тралейбус, трамвай, электробус у Мінску каштуе 85 капеек, а калі купляць у кіроўцы - 90 капеек. Талон на аўтобус-экспрэс - 1 рубель, калі купляць у кіроўцы - 1,05 рубля. Жэтон на метро каштуе 90 капеек.
Адзначым, сабекошт праезду ў метро ўлады Мінска ацэньваюць у 2,12 рубля - такую суму ў канцы мінулага года назваў старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. Чыноўнік таксама заявіў, што розніцу закрываюць за кошт гарадскога бюджэту - у сярэднім за год на гэта выдаткоўваюць каля 134 млн рублёў.
Аднак бюджэт Мінска на 94% фармуецца за кошт падаткаў. Гэта значыць, што не наўпрост, але праз аплату падаткаў кампаніямі і насельніцтвам людзі ўсё роўна робяць унёсак у аплату праезду ў метро.