Музыка з Ваўкавыска Павел Паўловіч любіць рабіць каверы на хіты вядомых рок-гуртоў і выкладваць відэа ў свой Instagram. Часам гурты заўважаюць віртуозную ігру і дзеляцца яго пастамі на сваіх старонках. Але таго, што здарылася ў пачатку лістапада, 26-гадовы гітарыст дакладна не чакаў. Яго відэа заўважыў легендарны гурт Metallica. Пра гэтую гісторыю піша NewGrodno.By.
— Я вырашыў запісаць звычайны reels, з душой сыграў, выкінуў да сябе на старонку, зрабіў «сторыс» і пайшоў спаць. А ўжо на наступны дзень выявіў, што сама Metallica дадала мяне да сябе ў гісторыі, — кажа хлопец і прызнаецца, што, вядома, быў вельмі рады.
Ён адзначае, што сыграць такія каверы па-майстэрску не так і проста, кампазіцыі даволі складаныя. Але сам запіс адбываецца хутка, больш часу ідзе на мантаж.
На старонцы Metallica — 9 мільёнаў падпісчыкаў. Некаторыя з іх прыйшлі ў каментары да жыхара Ваўкавыска і выказалі захапленне яго ігрой на гітары. У самога музыкі падпісчыкаў зусім мала, але яго публікацыя ў выніку атрымала больш чым паўтысячы лайкаў — гэта дзесьці ў дзесяць разоў больш, чым звычайна.
Павел расказаў, што ён і раней трапляў на старонкі вядомых рок-гуртоў: яго адзначалі ў сацсетках Atilla, At the Gates, Children Of Bodom, Riot, Fear Factory. Між іншым, менавіта з Children Of Bodom пачалася ў хлопца любоў да цяжкай музыкі. Ён вучыўся граць на акустычнай гітары з васьмі гадоў, а аднойчы ўбачыў выступ гэтага гурта і захацеў стаць такім жа віртуозам, як гэтыя фінскія музыкі. Першую электрагітару яму падарыў бацька, таксама музыка, з якім яны пасля разам выступалі на карпаратывах.
Павел Паўловіч пачынаў граць у родным Ваўкавыску, потым быў гітарыстам у кавер-бэндах у Гродне падчас вучобы. А цяпер малады чалавек жыве ў Польшчы і з’яўляецца лід-гітарыстам польскага метал-гурта Neaghi.
— Граю злы метал у Польшчы, але сувязі з Гродзеншчынай не страчваю. У мяне тут шмат сяброў, — кажа ён.