Расійскі фільм «Халоп-2», які выйшаў у пракат 1 студзеня, б’е рэкорды па зборах: на момант публікацыі ён ужо сабраў больш за 1,5 мільярда расійскіх рублёў (прыкладна 16,4 млн даляраў) у РФ. Гэтая карціна надзвычай паспяхова ідзе і ў беларускіх кінатэатрах — яна лідзіруе ў сталічным пракаце. Але ёсць важны нюанс: актор Іван Ахлабысцін, які грае адну з галоўных роляў, падтрымлівае агрэсію РФ ва Украіне, заклікае да захопу Еўропы і адмаўляе існаванне беларусаў як самастойнай нацыі. Расказваем пра гэтага чалавека падрабязней.
«Халоп» і яго працяг
«Халоп-2» — працяг фільма, які выйшаў яшчэ ў 2019 годзе. Рэжысёрам абедзвюх карцін выступіў Клім Шыпенка. Паводле сюжэта малады мажор Грыша (акцёр Мілаш Бікавіч) загуляўся ў прыгожае жыццё і вырашыў, што яму ўсё дазволена. Ён нарабіў шмат справаў, і цяпер яму пагражае турма. Каб выправіць свайго сына, бацька-алігарх (Аляксандр Самойленка) у роспачы ідзе на крайнія меры. Разам са сваёй каханкай (Марыя Міронава) і яе даўнім сябрам-псіхолагам (менавіта яго ролю граў Ахлабысцін) ён прыдумляе ўнікальны праект: на базе закінутай вёскі ўзнаўляецца атмасфера Расіі дзевятнаццатага стагоддзя. Грыша трапляе ў зымітаваную аварыю і нібыта пераносіцца ў мінулае.
Карціна аказалася надзвычай паспяховай. У спісе самых касавых расійскіх фільмаў у гісторыі кінапракату Расіі «Халоп» знаходзіцца на другім месцы — ён сабраў больш за 3 млрд расійскіх рублёў і саступае толькі «Чабурашку», які выйшаў праз тры гады. У фільме сыграла ўраджэнка Беларусі Аляксандра Борціч, а адным з прадзюсараў быў Віталь Шляпо, былы капітан каманды КВН БДУ. Дарэчы, у гэтай жа якасці ён засвяціўся і ў «Чабурашцы», і ў «Слове пацана», і ў другой частцы «Халопа».
Апошняя стартавала ў пракаце 1 студзеня гэтага года. Паводле сюжэта Грыша ляціць у Дубай, а па дарозе назад сутыкаецца з п’янай скандалісткай Кацяй (Аглая Тарасава). Яна мусіць сядзець у турме за нядаўні дэбош, але мама, буйная чыноўніца, выцягнула яе адтуль. Тады Грыша выкрадае дзяўчыну, якая, як і ён у першым фільме, пераносіцца ў «мінулае».
У адрозненне ад гледачоў, крытыкі ў асноўным ацанілі новы фільм скептычна. Іх агульнаяадзнака па выніках шасці рэцэнзій — 54 балы са 100. Галоўныя прэтэнзіі: «Сіквел — копія арыгіналу», «Сумнеўны выраб без душы, зроблены паводле ўжо зацёртых у цэху лякалаў», «Ад прагляду <…>, безумоўна, можна атрымаць задавальненне, як ад дзяжурнага паходу ў толькі што адкрыты рэстаран. Але ці атрымаецца ўспомніць смак страваў праз некалькі дзён — пытанне дыскусійнае».
Як Ахлабысцін стаў вядомы
Здымкі ў «Халопах» прынеслі актору Івану Ахлабысціну дадатковую папулярнасць. Але ўсё ж, калі б не было гэтай карціны, ён і так не пакутаваў бы на недахоп вядомасці.
Ахлабысцін нарадзіўся ў 1966 годзе. Яго 60-гадовы бацька тады працаваў доктарам, а 19-гадовая маці была студэнткай. Адукацыю атрымаў ва УДІКу (ВГИК), дзе скончыў рэжысёрскі факультэт (1992) і вучыўся разам з Рэнатай Літвінавай і Фёдарам Бандарчуком.
Яшчэ падчас навучання Іван зняўся ў карціне «Нага», прысвечанай наступствам вайны ў Афганістане (СССР трымаў там войскі дзесяць гадоў, у 1979−1989 гадах). Гэтую карціну, знятую ў канцы існавання Савецкага Саюза, нярэдка называюць адным з найлепшых савецкіх антываенных фільмаў.
Але калі Ахлабысцін і прытрымліваўся антываеннага пафасу «Нагі», то толькі ў той час. Ужо ў 1995-м ён стаў вядоўцам праваслаўнай тэлепраграмы «Канон» на канале ТВ-6 і вёў яе да 1999-га. «Праваслаўе аказалася даволі агрэсіўным: Ахлабысцін не прапускаў магчымасці аблаяць сектантаў. <…> Каталікі і баптысты нібыта насмеліліся „падвергнуць інтэлектуальнай крытыцы рэлігію“; праваслаўе — адзіная рэлігія, „усё астатняе — гэта альбо псіхічныя трэнінгі, альбо адкрытая містыфікацыя“», — пераказвала яго пазіцыю яшчэ ў 2002-м «Независимая газета».
У 2000 годзе выйшла яшчэ адна знакавая карціна, над якой працаваў Ахлабысцін, — гаворка пра артхаўсную камедыю «ДМБ», у якой ён выступаў адным са сцэнарыстаў. Фільм, які таксама можна інтэрпрэтаваць як антываенны, амаль імгненна разышоўся на цытаты і ператварыўся ў класіку сучаснага расійскага кіно.
У той жа час захапленне рэлігіяй зайшло так далёка, што ў 2001-м Ахлабысціна пасвяцілі ў святары, прычым у Ташкенцкай епархіі. Праўда, амаль адразу пасля гэтага ён вярнуўся з Узбекістана ў Маскву. Паводле яго словаў, жонцы (дарэчы, усяго ў іх шлюбе шасцёра дзяцей — два сыны і чатыры дачкі) не падышоў мясцовы клімат.
Наогул раман Ахлабысціна з царквой цягнуўся ўсе нулявыя. Зрэшты, у храме ён служыў толькі да 2007 года — а потым вярнуўся да акторскай дзейнасці і працы над сцэнарамі, патлумачыўшы гэта неабходнасцю ўтрымліваць вялікую сям’ю. У 2010-м Ахлабысціну — на ягоную ж просьбу — часова забаранілі праводзіць службы. Так ён канчаткова абраў працу ў кіно.
Акурат у гэты час на экраны выйшаў серыял «Інтэрны» (2010−2016), які зрабіў Ахлабысціна вельмі папулярным сярод масавай аўдыторыі. Можна доўга разважаць, што «Інтэрны» — гэта копія амерыканскай «Клінікі» або «закос» пад «Доктара Хаўса». Але ўсё ж серыял аказаўся годным прадуктам. Шмат у чым дзякуючы гульні Ахлабысціна — пры ўсёй сваёй крайняй неадназначнасці ў жыцці ён выглядаў надзвычай харызматычным на экране.
Падтрымка «рускага свету» і нянавісць да ЛГБТ
Паралельна Ахлабысцін развіваў свае шавіністычныя, а часам наогул фашысцкія погляды. Ён выклаў іх у «Дактрыне-77», агучанай у 2011 годзе. У ёй актор заявіў пра асаблівую місію рускага народа. «Отчего же мы столь безнадежны? Ответ до страшного прост. Мы созданы для войны. И нам нет места в обычной мирной жизни. <…> Мы всегда были такими. <…> На генном уровне не интересно все, что не связано с военно-промышленным комплексом. Господь создал много народов. И у каждого из них своя задача. <…> Пусть немцы делают машины. <…> Японцы — компьютеры. <…> Итальянцы одежду», — пісаў ён.
Ахлабысцін сцвярджаў, што «за короткий промежуток времени десятки племен венедов, антов, полян, древлян, радовичей (магчыма, ён меў на ўвазе радзімічаў. — Заўв. рэд.), вятичей и т.д. вплоть до сорока кровей, до этого активно мигрировавших по материку, смешиваются в единый этнос. Принимают на себя функции Третьего Рима и обязанность стражей православной веры». Насамрэч актор усё пераблытаў. Венедамі і антамі ў старажытнасці называлі славян у цэлым. Іншыя назвы належалі розным славянскім плямёнам. Ды і ідэя «Трэцяга Рыма» з’явілася толькі праз стагоддзі. А прадстаўнікі названых плямёнаў (не кажучы ўжо пра антаў і венедаў) былі паганцамі, а зусім не «вартавымі праваслаўнай веры».
Таксама Ахлабысцін заявіў у сваёй дактрыне, што «русский не умеет жить для себя. Когда он молится в храме, он молится за весь мир. Когда он выходит навстречу к врагу, за его спиной — все человечество. Русский рожден быть героем или святым! Посередине ничего нет! Или есть, но не русское». Таксама ён прапанаваў аднавіць Расійскую імперыю і пасадзіць на трон імператара.
«Простыми словами: смысл доктрины заключался в том, что наша национальная идея — нести ответственность за весь мир. Как только мы начинаем думать о частном, пошло-эгоистичном, мы перестаем быть русскими и очень быстро деградируем. Та идея, к которой я склоняюсь, это рашизм — слово, которым пытаются оскорбить. А что оскорбительного? Рашизм, если говорить языком рабочих окраин, это так — не Крым наш, а все наше», — тлумачыў у 2014 годзе Ахлабысцін.
У 2016-м актор даў інтэрв'ю парталу TUT.BY. У ім яму працытавалі фразу з той самай «Дактрыны-77», з якой ён пагадзіўся: «Суть в том, что предназначение русских — противодействовать реализации национальных идей других народов, кои в своем болезненном пиковом проявлении являются мировым господством». Адказваючы на наступнае пытанне, ён заявіў: «Надо уточнить, что я подразумеваю под своим народом. Боюсь вас напугать, но белорусы входят в это, как и Украина. Я считаю, что эта триада, такой разбитый клинок, рано или поздно будет восстановлен. Эта ответственность, которую возложил на нас Господь, он не только на нас возложил, а на весь конгломерат, который „русским миром“ называют… Когда завязалась история с Крымом… Мне нравятся государственные преобразования, была б возможность — весь мир бы присоединил».
У 2013 годзе Ахлабысцін паехаў у расійскі Новасібірск. Падчас выступу гледачы спыталі яго пра стаўленне да гомасэксуалаў. Актор адказаў, што ён бы «их всех живьем в печку запихал». «Это Содом и Гоморра, я как верующий человек не могу к этому относиться равнодушно, это живая опасность моим детям!» — працягнуў ён. Пазней актор напісаў адкрыты ліст прэзідэнту Уладзіміру Пуціну з просьбай вярнуць у Крымінальны кодэкс артыкул «Мужаложніцтва», скасаваны пасля распаду Савецкага Саюза.
Захоп Украіны і большай часткі Еўропы
Нядзіўна, што Ахлабысцін вельмі станоўча ўспрыняў падзеі, якія адбыліся ва Украіне. Ён падтрымаў расійскае ўмяшанне ў справы гэтай краіны ў 2014-м, анексію Крыма, стварэнне самаабвешчаных ДНР і ЛНР.
У кастрычніку 2014 года яму аднаму з першых забаранілі ўезд ва Украіну. «Чуў я, што мне на Украіну забаранілі ўязджаць? Ну, гэта глупства. Майму тату таксама забаранялі. Уехаць. У 43-м, на танку», — цынічна адрэагаваў актор. У жніўні 2015 года Ахлабысціна ўключылі ў яшчэ шырэйшы спіс як пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны.
У 2016-м ён атрымаў пашпарт самаабвешчанай ДНР і назваў яе «оплотом „русского мира“». У 2017-м міжнародная незалежная расследавальніцкая група Bellingcat апублікавала даклад пра чалавека, які, паводле яе звестак, адказваў за дастаўку ў Данецкую вобласць Украіны ракетнага комплексу «Бук» — менавіта з яго, як мяркуецца, за тры гады да гэтага быў збіты малайзійскі «Боінг» (рэйс MH17). Гаворка ішла пра адстаўнога расійскага афіцэра, вядомага пад пазыўным «Хмурый». У дакладзе прыводзіліся фатаграфіі, на дзвюх з якіх мужчына быў выяўлены ў кампаніі з Ахлабысціным і Міхаілам Парэчанкавым — апошні таксама адкрыта выступаў у падтрымку прарасійскіх узброеных фарміраванняў на ўсходзе Украіны.
Яшчэ адзін скандал з удзелам Ахлабысціна адбыўся пасля таго, як РПЦ у 2018-м абвясціла пра разрыў адносін з Канстанцінопальскім патрыярхатам. На наступны дзень актор напісаў рэзкі пост на сваёй старонцы ў сацсетцы «ВКонтакте». «Зачем с ними договариваться? Они твари продажные. Какая вера? Какой томос?! Душить предателей», — заклікаў ён, пры гэтым наўпрост не сказаўшы, каго мае на ўвазе. Пазней пост быў выдалены са старонкі актора.
Ахлабысцін цалкам падтрымлівае расійскія ўлады. Так, у 2019-м ён выступіў супраць закона пра хатні гвалт. У чэрвені 2020-га зняўся ў агітацыйным роліку тэлеканала RT, які заклікае расіян прыняць папраўкі да Канстытуцыі (яны абнулялі прэзідэнцкія тэрміны Пуціна). «Да, я тяготею к фашизму, — у тым самым годзе прызнаваўся актор. — Ну, я православный, это так, в принципе, нормально же».
Ці варта здзіўляцца, што Ахлабысцін цалкам падтрымаў поўнамаштабную агрэсію ў дачыненні да Украіны, якая пачалася ў лютым 2022-га. «Наша программа-минимум: лишить их моря, — тлумачыў актор у верасні 2023 года. — Западную Украину, что нас никогда не любила и не полюбит, отдать полякам (они давно эту землю облюбовали), часть в Белоруссию уйдет (Чернигов или что там представляет интерес для туристов съездить как в зомбиленд). Все остальное — разумеется, наше. А в идеале — подчистить все, чтобы не было и намека на украинское государство. Из-за нашей халатности и некомпетентности мы позволили им сплотиться как нации. Пока все это не укрепилось в сознании, все это надо уничтожить. <…> И с языком надо разобраться. Он не нужен, он создан искусственно и только помогает самоидентификации новообразованной нации, которая всегда будет представлять для нас опасность. Единственный способ от этой опасности избавиться — нейтрализовать всю государственность. Вот прям все зачистить!»
А яшчэ да гэтага, у снежні 2022 года, ён адкрыта расказаў пра планы па заваяванні Еўропы: «Итак, совсем в общих чертах: вне зависимости от времени достижения ранее заявленных Президентом целей СВО (так у РФ называюць вайну супраць Украіны. — Заўв. рэд.) Россия освободит от сатанинского морока сначала Украину, потом Прибалтику, потом и большую часть европейских стран. По факту завершения освобождения и тщательной зачистки от вражеских элементов все освобожденные территории станут полноправными частями Российской империи».
Нядзіўна, што менавіта Ахлабысцін, які крычыць «гойда» на Краснай плошчы, стаў адным з сімвалаў сучаснай Расіі. Між тым заклік «гойда» выкарыстоўваўся апрычнікамі — фактычна асабістай гвардыяй, створанай маскоўскім царом Іванам Грозным. Палітыка апрычніны, якую ён праводзіў, уключала ў сябе рэпрэсіі і тэрор у дачыненні да ўласнага насельніцтва. У яе межах толькі ў Ноўгарадзе былі знішчаныя 10−15 тысяч чалавек, у той час як усё насельніцтва горада не перавышала 30 тысяч. Паход туды быў не адзіным — па дарозе войска апрычнікаў пабывала ў Цверы, дзе забіла некалькі тысяч чалавек, па дарозе назад — у Пскове.
Рэпрэсіі супраць уласнага насельніцтва і суседзяў (Грозны, напрыклад, штурмам узяў Полацк, расправіўшыся з яго жыхарамі) і нават супраць царквы (ён загадаў забіць мітрапаліта Філіпа — фактычнага кіраўніка Рускай царквы) Ахлабысцін напэўна лічыць нармальнымі. Гэта заканамерны вынік яго кар’еры і самая красамоўная характарыстыка гэтага чалавека.
Чытайце таксама