Роўна 28 гадоў таму, 23 траўня 1996 года, беларускі вайсковы лётчык Уладзімір Карват здзейсніў подзвіг. Калі яго самалёт загарэўся, ён адмовіўся катапультавацца і цаной свайго жыцця выратаваў жыхароў дзвюх вёсак, на якія мог зваліцца яго знішчальнік. Карват стаў першым Героем Беларусі — пасмяротна. Успамінаем біяграфію гэтага чалавека, цяжкасці, якія яму давялося пераадолець (разам з калегамі ён жыў проста на аэрадроме ў халупе, дах якой працякаў), а таксама абставіны яго подзвігу.
Любоў да гісторыі і служба на Далёкім Усходзе
Уладзімір Карват нарадзіўся 28 лістапада 1958 года ў Брэсце (у некаторых СМІ і нават кнігах яго прозвішча часам пішуць праз «о», але варыянт «Корват» — памылковы). Яго бацька Мікалай быў брыгадзірам пуцейцаў (спецыялістаў, якія абслугоўваюць чыгуначныя камунікацыі) — цягаў шпалы, пакуль не падарваў здароўе. Ён памёр, калі сын яшчэ вучыўся на першым курсе лётнага вучылішча. Маці Агрыпіна таксама працавала на чыгунцы. Яна памерла ў 2014-м, пражыўшы больш за 90 гадоў. Гэты шлюб стаў для яе другім: першы муж загінуў на фронце падчас Другой сусветнай, ад яго засталося двое дзяцей. Сям’я жыла ў Валынскай вобласці Украіны, а пазней Агрыпіна пераехала ў Брэст, дзе ў яе нарадзіліся малодшыя дзеці: Мікалай і Уладзімір.
«Ён быў звычайным хлапчуком з Граеўкі (мікрараён у Брэсце. — Заўв. рэд.). Выдатнікам не быў, але затое добра гуляў у футбол. Тады за спаборніцтвы давалі талончыкі, якія можна было памяняць на прадукты і прысмакі. І ён усе гэтыя талоны аддаваў маме, каб яна купіла нейкія элементарныя прадукты. Ён ужо ў школе быў адказным хлопцам», — расказвала пра дзяцінства Карвата Алена Кітленка, дырэктарка музея гэтага лётчыка (установа знаходзіцца ў брэсцкай сярэдняй школе № 8, якую скончыў Карват).
Паводзіны хлопца тлумачацца тым, што сям’я з чатырма дзецьмі жыла небагата. Таму, расказвала Агрыпіна Карват, абодва малодшыя сыны пайшлі ў вайсковыя вучылішчы — каб хутчэй трапіць на дзяржзабяспечанне, якое належала вайскоўцам. Мікалай служыў у войсках сувязі, а вось Уладзімір вырашыў стаць лётчыкам.
У будучага героя Беларусі сапраўды былі здольнасці да спорту: трэнеры нават прадракалі яму добрую футбольную кар’еру. Але яшчэ ў дзяцінстве ён зацікавіўся ваеннай гісторыяй, увесь вольны час бавіў з настаўнікам і сябрамі ў Брэсцкай крэпасці. Гісторыя пра яе абарону ў 1941-м зрабіла на Уладзіміра вялікае ўражанне, і ён захацеў стаць вайсковым лётчыкам. Так мара падлетка супала з няпростымі сямейнымі абставінамі.
Скончыўшы ў 1976-м школу, Уладзімір уладкаваўся на першую працу — стаў слесарам. Праз год яго прызвалі ў армію — тады ж ён паехаў у Расію, дзе паступіў у Армавірскае вышэйшае вайскова-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў. Скончыўшы яго ў 1981-м, Карват выправіўся на службу на Далёкі Усход — у пасёлак Калінка Хабараўскага краю.
На той час ён ужо быў жанаты — на апошніх курсах вучылішча зрабіў прапанову беларусцы Ніне. З ёю Уладзімір пазнаёміўся, калі яшчэ быў школьнікам. Дзяўчына часта прыязджала ў госці да сваёй бабулі, якая жыла па суседстве з сям’ёй Карвата. «У іх знаёмстве не было бурнага рамана, вар’яцкіх учынкаў залётніка. Валодзя Карват грунтоўна (што называецца — павольна, але дакладна) заваёўваў сэрца Ніны і ўрэшце свайго дамогся, яны ажаніліся», — пісалі журналісты.

Кар’ера беларуса на Далёкім Усходзе развівалася паспяхова: лётчык — старшы лётчык — камандзір звяна — намеснік камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі — намеснік камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. У Хабараўскам краі ён асвоіў самалёты Л-29, МіГ-23 і Су-27.
Усё гарманічна было і ў сям'і: у пары нарадзіліся сын і дачка. Паводле жонкі, рознагалоссі ўзнікалі толькі праз захапленне Карвата спортам. Як і ў дзяцінстве, Уладзімір часта бавіў вечары на стадыёне: летам гуляў у футбол, зімой — у хакей. Зрэшты, Ніна разумела, што хобі дапамагае яму падтрымліваць добрую фізічную форму, неабходную лётчыку.
Вяртанне ў Беларусь
У 1991-м Беларусь абвясціла незалежнасць, а ў канцы наступнага года пасля доўгіх палітычных спрэчак беларускае войска нарэшце прысягнула на вернасць сваёй краіне. Паралельна ішоў працэс, падчас якога некаторыя нашыя суайчыннікі, што служылі ў іншых рэгіёнах ужо былога Савецкага Саюза, вярталіся на радзіму, каб служыць у яе Узброеных сілах.
Як пісаў у сваёй кнізе дэпутат беларускага парламента тых гадоў Сяргей Навумчык, яшчэ ў студзені 1992 года Беларускі народны фронт заклікаў вайскоўцаў-беларусаў вяртацца дадому. На гэты зварот пачалі адклікацца беларускія афіцэры, але іх прыезд дадому тармазілі генералы-штабісты з былой Беларускай вайсковай акругі, якая стала Мінабароны незалежнай краіны, «большасьць з якіх не нарадзілася ў Беларусі і не адчувалі сябе беларусамі і, канешне, не жадалі страчваць „хлебныя“ месцы», пісаў Навумчык. У кастрычніку 1992 года быў створаны грамадскі камітэт па вяртанні вайскоўцаў, пасля чаго гэты працэс нарэшце паскорыўся.
Але Карват змог вярнуцца ў Беларусь толькі ў жніўні 1994-га. Прысягу на вернасць народу ён прыняў у верасні таго ж года і быў прызначаны начальнікам паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й авіябазы, якая базавалася ў Баранавічах.

Беларуская вайсковая акруга ў Савецкім Саюзе лічылася адной з наймацнейшых. Як адзначаў TUT.BY, у спадчыну ад СССР нашай краіне дасталіся і самыя сучасныя на той момант савецкія самалёты — знішчальнікі чацвёртага пакалення Су-27. Яны былі, відаць, найлепшымі ў сваім класе — параўнальныя якасці мелі толькі апошнія версіі амерыканскага F-15. З красавіка 1991-га 61-ы баранавіцкі авіяполк, які стаў у гады незалежнасці авіябазай, пачаў атрымліваць новенькія Су-27П (літара «П» азначае «перахопнік»). Адзінаццаць машын прыйшло з завода, яшчэ некалькі бартоў перадалі з іншых палкоў.
Але грошай на войска ў пачатку 1990-х у Беларусі не было. Лётчыкі 61-й знішчальнай авіябазы рабілі што маглі, па меры магчымасцяў праводзілі вучэнні, але самалёты старэлі, запчастак не хапала, сродкаў на рамонт і тэхабслугоўванне — таксама.
Ды і ўмовы службы вымушалі жадаць лепшага. Карват з сям’ёй жыў за некалькі сотняў метраў ад узлётна-пасадачнай паласы. «Хібара, нібы ў насмешку, называлася прафілакторыем, прапускала ў дождж ваду — але трынаццаць сем’яў авіятараў радыя былі і такому даху над галавой. Такое-сякое, але жыллё», — пісалі журналісты.
Адным з сяброў Карвата на новым месцы службы стаў тэхнік-трэнажор лётнага складу 61-й авіябазы Пётр Трухан. Лётчыкі былі знаёмыя даўно: разам вучыліся ў Армавіры, толькі Уладзімір быў на два курсы старэйшы. Сябры гулялі ў футбол, ездзілі на рыбалку. А на службе ў пары адпрацоўвалі прыёмы манеўранага паветранага бою.
«Ой, як мы з ім у небе разам круціліся… Я на Су-29, ён на Су-27. Напярэдадні, памятаю, сядзіць, рыхтуецца да палёту, разлічвае. „Што ты там, Валодзя, робіш?“ — пытаю. „А гэта мой сакрэт!“ Ну, кажу, тады і ў мяне сакрэт будзе, — расказваў Пётр Трухан. — У нас тады быў рэальны паветраны бой, толькі без пуску ракет. Мы дамовіліся, што бой будзе выйграны, калі мы зробім несінхронную стральбу. Ні ён, ні я не выйграў. Перагрузкі былі такія, што вочы закрываліся».
Апошні палёт
23 траўня 1996 года 37-гадовы падпалкоўнік Карват адправіўся на вучэбна-трэніровачнае заданне. На знішчальніку Су-27П яму трэба было праляцець у аблоках з вялікімі вугламі нахілу і адпрацаваць вядзенне паветранага бою ноччу ў складаных метэаўмовах на малых вышынях.
На той час Уладзімір быў ужо вельмі дасведчаным лётчыкам: яго агульны налёт складаў 1226 гадзін. Самалёт — практычна новы, яго выпусцілі ў 1991-м, ён меў усяго 123 гадзіны налёту. Палёт пачаўся ў 22 гадзіны 44 хвіліны і праходзіў на нізкай вышыні, каля 800 метраў. Праз восем хвілін пасля ўзлёту, у 22.52, пачаў падаць ціск у першай гідрасістэме (гідраўліка ў самалёце адказвае за кіраванне рулямі, механізацыяй крылаў, стабілізатарам, рэгулюе выпуск і прыбіранне шасі). Лётчык далажыў пра гэта на зямлю, пасля чаго адразу атрымаў загад вярнуцца на базу. Праз паўхвіліны сігнал пра падзенне ціску ў гідрасістэме раптам знік, але нечакана пачалі з’яўляцца паведамленні пра адмову іншых сістэм знішчальніка.
У гэты час у самалёце пачаўся пажар. Як тлумачыў кіраўнік палётаў Аляксандр Мурычын, калега па службе Уладзіміра, Карвата «падвяла тэхніка. Калі пажар развіваецца ў адсеку рухавікоў, спрацоўваюць сігналізатары, і лётчык іх бачыць. А ў яго агонь з’явіўся ў тым адсеку самалёта, дзе сігналізатараў няма (гаворка ішла пра адсек левага хваставога абцякальніка, які да гэтага выпадку лічыўся пажарабяспечным. — Заўв. рэд.). Пачала перагараць сістэма кіравання самалётам, і машына стала неадэкватна сябе паводзіць. Што лётчык адчуваў у такі момант, ніхто не скажа — але гэта былі велізарныя перагрузкі».
«Полымя набірала сілу, пажар распаўсюджваўся ўсё далей. А лётчык „цягнуў“ [у бок аэрадрома], не падазраючы, не здагадваючыся пра пажар, пра тое, што адбываецца за спінай: яшчэ трохі, яшчэ крыху. Ён ведаў, ён верыў: калі што — Рыта (маўленчы інфарматар — сістэма галасавога абвяшчэння ў самалётах гэтага тыпу. — Заўв. рэд.) папярэдзіць, а катапульта не падкачае… Але Рыта асуджана маўчаў, не папярэджваў: полымя даўно „зжэрла“ ўсе правады», — апісвалі сітуацыю журналісты.
На вышыні 600 метраў самалёт раптам уздыбіўся і з левым нахілам ірвануўся ўверх. Прычына, паводле журналістаў, была ў тым, што электражгуты кіравання перагарэлі, стабілізатар стаў у становішча, якое кідае машыну ўверх: «Карват не перастаў валодаць сабой нават у гэтае страшнае імгненне. Запіс чорнай скрыні паказаў — ён дзейнічаў дакладна па інструкцыі: перайшоў на рэзервовую сістэму кіравання, аддаў ручку кіравання па дыяганалі ад сябе і адхіленнем правай педалі спрабаваў вывесці знішчальнік у гарызантальнае становішча. Самалёт не падпарадкаваўся. Ён нібы ашалеў. Імкліва набліжалася зямля».
За 14 секунд да падзення самалёта лётчык далажыў, што машына некіравальная. Камандзір палётаў даў Карвату каманду катапультавацца. Але ў гэты момант машына знаходзілася над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча.
«Поза лётчыка ў кабіне пасля сутыкнення з зямлёй (левая рука на ручцы кіравання рухавіком і правая — на ручцы кіравання самалётам) сведчыць, што апошнія 14 секунд палёту падпалкоўнік Карват, выкарыстоўваючы мінімальныя магчымасці ўздзеяння на самалёт, працягваў адводзіць яго ад вёскі», — адзначалася ва ўзнагародным лісце, складзеным па выніках працы камісіі, якая расследавала прычыны авіяцыйнай катастрофы. Так Уладзімір выратаваў мноства чалавечых жыццяў: у 22.54 знішчальнік зваліўся на поле канюшыны паміж Арабаўшчынай і Вялікім Гацішчам.
Сведкамі падзення сталі шматлікія жыхары гэтых вёсак, якія кінуліся тушыць пажар. На месцы рваліся снарады боекамплекта, паліўныя бакі, балоны. Праз 20 хвілін прымчалі пажарныя з пасёлка Гарадзішча. Агульнымі намаганнямі яны не дапусцілі полымя да кабіны лётчыка.
«Калі мы туды прыехалі, крылы ляжалі ў адным баку, насавая частка з кабінай — у канаве. І ён… сядзіць у кабіне. Як жывы», — успамінаў Пётр Трухан.
Цела Уладзіміра няўдала спрабавалі выцягнуць з самалёта за стропы парашута. Потым адзін з мясцовых жыхароў з дапамогай пажарнай сякеры перарэзаў плечавыя рамяні і за рукі паспрабаваў дастаць цела пілота з машыны. Безвынікова. Дастаць Карвата ўдалося толькі раніцай наступнага дня.
«Тое, што ўдалося адвесці самалёт, — гэта цуд», — казаў Аляксандр Мурычын. «Ён сапраўды здзейсніў гераічны ўчынак. Адвёў самалёт, — згаджаўся ягоны калега Аляксандр Марфіцкі. — Усё ж 24 тоны, 4 тоны паліва, калі б ён зваліўся дзесьці ў населены пункт, там не адзін дом бы згарэў. Вельмі шмат было б ахвяр, тым больш ужо начны час быў, усе людзі знаходзіліся дома, наступствы маглі быць самыя сумныя».
Зорка Героя і жыццё сям'і пасля трагедыі
Ніна Карват звычайна чакала мужа з палётаў, не кладучыся спаць. Але своечасова ён не вярнуўся. Праз некалькі гадзін да іх дома пад’ехаў вайсковы УАЗ. Жанчына спалохалася, але аўтамабіль павольна пад’ехаў да суседняга пад’езда, куды скіравалася некалькі афіцэраў, якія выйшлі з машыны. «Значыць, не да нас», — супакоілася жанчына, а праз некалькі хвілін спусцілася і падышла да машыны, даведацца, у чым рэч. Салдат, які сядзеў за рулём, адказаў, што разбіўся лётчык, і на ўдакладняльнае пытанне назваў прозвішча — Карват. Выявілася, што афіцэры часткі пайшлі да суседзяў, каб тыя дапамаглі паведаміць Ніне гэтую навіну.
Пахавалі пілота ў родным Брэсце.

Тым часам камісія па расследаванні катастрофы ўзялася за працу. Вынік быў наступным: прычынай узнікнення пажару стала ўзгаранне гідрасістэмы. Апошняе адбылося праз парушэнне герметычнасці ў выніку карозіі. А яе справакавала «недастатковая зацяжка абціскальнай гайкі на заводзе-вытворцы».
Гэтая ж камісія прыйшла да высновы, што Уладзімір Карват здзейсніў подзвіг і выратаваў жыцці людзей у дзвюх вёсках. У выніку 21 лістапада 1996 года яму пасмяротна надалі званне Героя Беларусі — гэта было першае ўручэнне такой узнагароды ў гісторыі краіны. У гонар лётчыка назвалі вуліцы ў Мінску, Брэсце і вёсцы Арабаўшчына (у яе цэнтры паставілі помнік — хвост вайсковага знішчальніка, які нібыта ўрэзаўся ў зямлю), сквер і бульвар у Баранавічах, сярэднюю школу № 8 у Брэсце. Стыпендыю імя Уладзіміра Карвата атрымліваюць найлепшыя курсанты авіяцыйнага факультэта Беларускай вайсковай акадэміі.
Удава Ніна Карват больш не выйшла замуж, станам на 2016 год яна жыла ў Брэсце. Дачка лётчыка Кацярына скончыла Брэсцкі педінстытут, выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей. Жыла ў Жабінцы, потым у Брэсце. Сын Вячаслаў да гібелі бацькі марыў стаць лётчыкам, пасля трагедыі абраў прафесію доктара. Таму, калі яму прапанавалі стаць навучэнцам Мінскага сувораўскага вучылішча, адмовіўся. У тым жа 2016 годзе жыў у Расіі — як і брат героя Мікалай.
На 20-годдзе подзвігу ў Ніны Карват узялі невялікае інтэрв'ю. Яна так і не змірылася са стратай: «Толькі ўнучкі мяне і радуюць, вельмі прыгожанькія растуць… А так я тут адна ў вялікай кватэры. Бачыце, тут паламалася, там адкруцілася — відаць, што мужчыны няма ў доме, — плакала жанчына. — Гэта такая страта для сям'і. Такая страта… Дзеці вельмі перажывалі. Сыну тады 7 было, дачцэ — 13. Сын казаў: „Мама, як такое можа быць, што таты няма?“ А Валодзя так за іх баяўся заўсёды… <…> Гэта быў сапраўдны мужчына, такіх больш няма. І вельмі, вельмі прыгожы».
Паводле Ніны, пасля трагедыі ёй дапамагалі толькі мясцовыя ўлады: «Хацелася б, каб Мінабароны памятала пра тых, хто страціў члена сям'і, які загінуў падчас выканання службовых абавязкаў».
Жонка ўспамінала, што Уладзімір начамі спаў моцна. Але незадоўга да гібелі ён расказаў Ніне, што яму прысніўся сон: ён стаіць на краі прорвы, а яна трымае яго за руку, але ў нейкі момант іх рукі разрываюцца, і ён падае. На няшчасце, сон аказаўся прарочым.
«Люстэрка» расказвае пра людзей, знаёмых вам яшчэ са школьных падручнікаў, як пра жывых: з поспехамі і няўдачамі, складанасцямі і супярэчнасцямі. Мы жадаем паказаць вам поўную карціну, каб вы маглі скласці ўласнае меркаванне аб чалавеку і яго эпосе.
Дапамажыце «Люстэрку» ствараць больш такіх матэрыялаў
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.
Чытайце таксама


