Опубликовано 25 чэрвеня 2023 у 15.19
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-site.space/news/economics/42244.html    

Крэмль абвясціў, што Прыгожын з'едзе ў Беларусь. Якіх «збеглых» прытуліў Лукашэнка, а каго быў гатовы ўзяць на ўтрыманне, але тыя адмовіліся

Кіраўнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын адыдзе ў Беларусь, крымінальная справа ў дачыненні да яго будзе спыненая, заявіў афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў. Пры гэтым палітычны аналітык Арцём Шрайбман справядліва адзначае, што «рабіць яму ў Беларусі няма чаго». Але для мяцежнага вагнераўца ёсць добрая навіна: Лукашэнка не выдае палітыкаў, якім публічна паабяцаў абарону. Успомнілі некалькі прыкладаў.

Трагедыя ў Вільнюсе: папярэднікі Лукашэнкі выдалі абвінавачаных, ён — не

Аднойчы Беларусь ужо выдавала збеглых палітыкаў. Праўда, гэты выпадак адбыўся незадоўга да прыходу Лукашэнкі да ўлады. Ён звязаны з падзеямі ў Вільнюсе: тады літоўцы паспрабавалі вярнуць сабе незалежнасць і выйсці з СССР, які акупаваў рэспубліку ў 1940 годзе.

У ноч з 12 на 13 студзеня 1991 года савецкія вайскоўцы і спецслужбы штурмавалі ў Вільнюсе тэлевізійную вежу і будынак Літоўскага радыё і тэлебачання. Загінулі 13 чалавек (яшчэ двое памерлі пазней), больш за 500 былі параненыя.

Миколас Бурокявичюс. Фото: Devidstankev, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Мікалас Буракявічус. Фота: Devidstankev, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Палітычная эліта Літвы выступіла за незалежнасць, але сярод яе знайшліся і здраднікі. Сярод іх былі сакратары мясцовай кампартыі Мікалас Буракявічус і Юозас Ермалавічус, якія падтрымалі Маскву. Пасля таго як авантура Крамля правалілася, яны пераехалі ў Мінск, дзе і жылі наступныя тры гады.

15 студзеня 1994 года, у дзень візіту ў Беларусь амерыканскага прэзідэнта Біла Клінтана, супрацоўнікі літоўскіх спецслужбаў арыштавалі гэтых дваіх на тэрыторыі Беларусі. Кіраўнікі айчынных спецслужбаў вусна дазволілі такую аперацыю, але не прынялі адпаведнай пастановы, што было парушэннем закона.

Шакаваны парламент арганізаваў працэдуру імяннога галасавання пра давер да генпракурора Васіля Шаладонава, міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Ягорава і старшыні КДБ Эдуарда Шыркоўскага. Двух апошніх адправілі ў адстаўку, генпракурор ацалеў. Але Шаладонаў быў чалавекам прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, а Ягораў і Шыркоўскі арыентаваліся на ліберальнага спікера парламента Станіслава Шушкевіча. Апошні застаўся без абароны і ў тым жа месяцы быў адпраўлены ў адстаўку, што яшчэ больш адкрыла Лукашэнку дарогу да ўлады.

Юозас Ермалавичюс. Фото: Nut1917, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Юозас Ермалавічус. Фота: Nut1917, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Як пісаў палітык Сяргей Навумчык, выдача літоўскіх палітыкаў стала «нагодай для сапраўднай істэрыі (іншага слова падабраць не магу) некаторых дэпутатаў на сэсіі Вярхоўнага Савета, у тым ліку дырэктара саўгаса „Гарадзец“ Аляксандра Лукашэнкі і былога сакратара ЦК КПБ (і будучага старшыні Канстытуцыйнага суда) Валерыя Ціхіні».

Ермалавічус сядзеў у турме да 2002 года, яго таварыш — да 2006-га.

Владимир Усхопчик. Фото: bymedia.net
Уладзімір Усхопчык. Фота: bymedia.net

Прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка зрабіў адпаведныя высновы і ўсяляк супраціўляўся спробам прыцягнуць да адказнасці іншых людзей, абвінавачаных у падзеях 1991 года. Сярод іх быў і Уладзімір Усхопчык, тады — камандуючы Вільнюскім гарнізонам. Пазней быў пераведзены на службу ў Беларусь і даслужыўся да пасады намесніка міністра абароны (2000−2004). Як адзначаў TUT.BY, літоўскі бок некалькі разоў звяртаўся да нашай краіны з просьбай яго выдаць, аднак яму адмовілі. Дамовіліся толькі пра допыт.

Генпракуратура Літвы патрабавала для Усхопчыка пажыццёвага зняволення. Суд асудзіў генерала завочна на 14 гадоў турмы. Беларусь яго так і не выдала. 77-гадовы генерал дагэтуль жыве ў нашай краіне.

Збеглы прэзідэнт з Кыргызстана

У 1990 годзе ў Кіргізскай ССР увялі пасаду прэзідэнта. На ўсенародных выбарах перамог не палітык, а навуковец — доктар фізіка-матэматычных навук, акадэмік Аскар Акаеў, які тады кіраваў акадэміяй навук рэспублікі. Праўда, пачатковец у палітыцы хутка адчуў смак улады і кіраваў краінай 15 гадоў. Ён двойчы выйграваў выбары, а яшчэ двойчы падаўжаў свае паўнамоцтвы праз рэферэндумы.

Пажыццёва ўседзець у крэсле прэзідэнта яму не ўдалося. У сакавіку 2005 года ў краіне пачалася «цюльпанавая рэвалюцыя». Пратэсты ўспыхнулі праз вынікі парламенцкіх выбараў, падчас якіх дапускаліся фальсіфікацыі. Таксама незадаволенасць народа выклікалі цяжкае эканамічнае становішча, карупцыя і кланавасць улады. Прэзідэнтам стаў Курманбек Бакіеў, а Акаеву давялося напісаць заяву пра добраахвотную адстаўку і пакінуць краіну.

Бакіеў цалкам зачысціў эліту краіны ад стаўленікаў Акаева і расставіў на ключавыя пасады сваіх людзей. Кланавасць улады ў Кыргызстане, а таксама цяжкае эканамічнае становішча насельніцтва і карупцыя сталі прычынай масавых пратэстаў, якія пачаліся ў краіне ў 2010 годзе. Падчас штурму будынка ўрада ў Бішкеку і беспарадкаў у горадзе загінулі каля 90 чалавек, паўтары тысячы атрымалі раненні.

Курманбек Бакиев. Фото из архива zerkalo.io
Курманбек Бакіеў. Фота з архіва «Люстэрка»

Усё гэта прывяло да таго, што Бакіеў быў вымушаны пайсці на перамовы з апазіцыяй і пагадзіцца на адстаўку пад гарантыі бяспекі. Тады ж палітык заявіў, што ў яго была размова з Аляксандрам Лукашэнкам, і той нібыта прапанаваў яму палітычны прытулак у Беларусі. На гэта Бакіеў, паводле ўласных словаў, адказаў адмовай.

Заяву пра сваю адстаўку Бакіеў напісаў 15 красавіка 2010 года, а ўжо 19-га ён — насуперак сваім ранейшым словам — аказаўся ў Беларусі.

«Я даў даручэнне адпаведным службам, каб арганізавалі перапраўку Бакіева ў Мінск на ягоную просьбу. Ён пра гэта прасіў неаднаразова. У панядзелак жа (у той жа дзень, калі было аддадзенае даручэнне службам. — Заўв. рэд.) ён быў у Мінску, чатыры чалавекі нам удалося прыняць. Яны знаходзяцца пад аховай нашай дзяржавы і прэзідэнта», — заяўляў тады Лукашэнка.

З таго часу Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі, а многія СМІ паведамлялі, што тут ён атрымаў палітычны прытулак. Зрэшты, дакладнай інфармацыі, ці праходзіў Бакіеў праз гэтую працэдуру, няма. Затое вядома, што ўжо ў жніўні 2010 года былы прэзідэнт Кыргызстана атрымаў беларускі пашпарт (рашэнне пра наданне беларускага грамадзянства прымаецца асабіста Лукашэнкам на падставе персанальнага прашэння).

Семья Бакиева. Фото из соцсетей via euroradio.fm
Сям'я Бакіева. Фота з сацсетак via euroradio.fm

Беларусь неаднаразова атрымлівала запыты на экстрадыцыю Бакіева ў Кыргызстан, але заўсёды адказвала адмовай. Апошні раз гэта здарылася ў 2022-м. Тады беларускі Вярхоўны суд аргументаваў сваё рашэнне тым, што на радзіме палітыку пагражае палітычны пераслед.

Сам Бакіеў выказваў «удзячнасць беларускаму народу і Аляксандру Лукашэнку» і казаў, што становішча не дазваляе яму «сядзець проста так і прапальваць астатняе жыццё». «Я хачу не проста тут жыць, а паспрабую быць карысным краіне гэтай беларускай, прэзідэнту Беларусі, народу Беларусі», — заяўляў Бакіеў у 2010 годзе.

У 2015 годзе Бакіеў даў інтэрв'ю парталу TUT.BY, у якім назваў Беларусь сваёй «другой радзімай» і расказаў, што з задавальненнем бавіў час на Прыпяці з дзецьмі. Улічваючы, што на радзіме яму пагражае пажыццёвае зняволенне, можна зрабіць выснову, што пераезд у Беларусь для экс-прэзідэнта аказаўся ўдалым рашэннем.

Яго неафіцыйная жонка Назгуль Таламушава (дакладна не вядома, ці распісваліся яны) у 2016−2017 гадах займала пасаду дырэктара гатэля «Мінск». У студзені 2023 года яна памерла ад сардэчнай недастатковасці. Ёй было ўсяго 46 гадоў.

«Залаты батон» і размова з пранкерам

Яшчэ два палітыкі так і не дабраліся да сталага месца жыхарства ў Беларусі. Але Лукашэнка выказаў гатоўнасць прыняць прынамсі аднаго з іх.

Першы кейс датычыў Украіны. У лістападзе 2013-га тагачасны ўрад «у інтарэсах нацыянальнай бяспекі» спыніў падрыхтоўку да падпісання пагаднення пра асацыяцыю з ЕС і абвясціў пра збліжэнне з Мытным саюзам. Знешнепалітычны разварот афіцыйнага Кіева паслужыў пачаткам масавых акцый пратэсту ў краіне, якія суправаджаліся гвалтам з боку ўлады.

21 лютага 2014-га прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч падпісаў пагадненне пра ўрэгуляванне палітычнага крызісу. Яно прадугледжвала пераход да парламенцка-прэзідэнцкай формы кіравання, фармаванне «ўрада нацыянальнага даверу», канстытуцыйную рэформу і правядзенне датэрміновых выбараў прэзідэнта да канца 2014 года. У той жа дзень Януковіч пакінуў Кіеў, а праз суткі заявіў, што ва Украіне адбыўся дзяржаўны пераварот. У ноч з 22 на 23 лютага ён уцёк з Украіны ў Расію.

Яго эвакуацыю праводзілі расіяне. Паводле звестак расійскага «Коммерсанта», яе распрацоўвалі пад кіраўніцтвам Аляксея Дзюміна — тагачаснага супрацоўніка аховы прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. У 2014 годзе Дзюмін атрымаў зорку Героя Расіі, але за што менавіта — афіцыйна не абвяшчалася. Сам Дзюмін, зрэшты, гаварыць на гэтую тэму адмаўляўся.

Ужо 28 лютага Януковіч «усплыў» у Растове-на-Доне, дзе даў прэс-канферэнцыю, пасля чаго жыў у Расіі.

Але неўзабаве з’явіліся чуткі, што экс-прэзідэнт можа паўтарыць лёс Бакіева. У траўні 2014-га Лукашэнка ўпершыню сказаў, што не змог бы адмовіць Януковічу ў палітычным прытулку. «Ну, я б не змог яму адмовіць, калі б ён патэлефанаваў. Я не маю на гэта права. Але ў яго шмат варыянтаў, значна лепш, чым у Бакіева. Бакіеў быў проста замкнуты ў кут», — заявіў ён у інтэрв'ю Ксеніі Сабчак.

У чэрвені таго ж года падчас візіту ў Кіеў на інаўгурацыю новаабранага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі Лукашэнка заявіў, што Віктар Януковіч не прасіў у яго прытулку. На пытанне журналістаў, ці прыме ён у сябе ў Беларусі Януковіча, Лукашэнка адказаў: «Навошта? Ён мяне не прасіў, каб я яго прыняў. Але калі ён прыедзе, то ў яго там вёска ёсць, дзе яго бацькі нарадзіліся (бацька Януковіча нарадзіўся ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці. — Заўв. рэд.), і, напэўна, ніхто не можа пазбавіць яго права прыехаць». «Але я вам раю — забярыце свайго прэзідэнта ва Украіну, — дадаў Лукашэнка. — Хай ён будзе ў вас, які б ён ні быў. Калі ад мяне будзе залежаць — дапамагу. Пераступіце праз усё, пераступіце і свайго прэзідэнта забярыце ва Украіну. Хай ён будзе ў вас».

Неўзабаве, у чэрвені таго ж 2014 года, украінскі журналіст Мустафа Наем паведаміў у сваіх сацыяльных сетках пра перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Януковіча-малодшага, сына збеглага ўкраінскага палітыка, якія нібыта мелі месца. Аўдыёзапіс размовы размясціў сайт lb.ua. Нібыта суразмоўца Лукашэнкі выказаў асцярогу, што ягоны бацька можа стаць «разменнай манетай» у палітычным дыялогу паміж Кіевам і Масквой. Нібыта існуе імавернасць, што ў выніку шматбаковых дамоўленасцяў яго выдадуць афіцыйным уладам Украіны.

У адказ Лукашэнка даў зразумець, што Януковіч мусіць вярнуцца ва Украіну. Але калі ён усё ж пажадае пераехаць у Беларусь, то яму і ягонай сям'і дадуць прытулак.

Падчас размовы чалавек, які прадставіўся сынам зрынутага ўкраінскага лідара, паабяцаў таксама падарыць Лукашэнку залаты батон у знак сяброўства. Ён адзначыў, што, нягледзячы на разрабаваную рэзідэнцыю, у іх «засталіся яшчэ некаторыя рэчы».

Неўзабаве рэальны сын экс-прэзідэнта Украіны напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што не тэлефанаваў Лукашэнку. «Адкажу каротка: я — сціплы чалавек, не пакутую на манію велічы, не пляту дзяржаўных інтрыг, не здзяйсняю дзяржаўных пераваротаў для развалу Украіны і не лічу сябе ўпаўнаважаным весці перамовы з кіраўнікамі іншых дзяржаваў. А спадара Лукашэнку, відаць, разыграў вядомы тэлефонны хуліган — пранкер Ваван», — напісаў Віктар Януковіч-малодшы (спасылка выдаленая, але тэкст захаваўся ў архівах TUT.BY).

Кейс Януковіча аказаўся не адзіным. У 2016-м хадзілі чуткі, што ў Мінск можа прыехаць тагачасны лідар Сірыі Башар Асад, пад якім хісталася крэсла: у краіне ішла грамадзянская вайна. Але дыктатар захаваў уладу, і месца заставалася вакантным сем гадоў, пакуль не з’явіўся Прыгожын.

Чытайце таксама

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO