Выпускныя вечары «адназначна» нельга ладзіць у рэстаранах, кавярнях, забаўляльных цэнтрах і іншых падобных аб’ектах — гэтая пазіцыя акрэсленая ў загадзе Міністэрства адукацыі, паведаміла БЕЛТА кансультантка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі ведамства Таццяна Асмалоўская. Раней правесці выпускныя «без лімузінаў і рэстаранаў» запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка, але з першапачатковага каментара намесніка міністра адукацыі вынікала, што школа і бацькоўскі камітэт могуць арганізаваць свята і ва ўстанове пасля ўзгаднення з уладамі.
Сёлета выпускнікамі 11-х класаў у Беларусі стануць больш чым 55 тысяч маладых людзей, 9-я класы заканчвае больш за 108 тысяч. «Апошнія званкі» для іх пройдуць 25 траўня, а выпускныя вечары з уручэннем атэстатаў адбудуцца 14 чэрвеня.
Таццяна Асмалоўская паведаміла, што арганізацыя гэтых мерапрыемстваў рэгламентаваная Міністэрствам адукацыі і праводзіць іх варта ў памяшканнях установаў адукацыі — як правіла, у школах.
— У выключных выпадках урачыстасці могуць праводзіцца ва ўстановах культуры або ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Можна арганізаваць свята і на адкрытай пляцоўцы, але гэта ўсё роўна мусіць быць пляцоўка ўстановы адукацыі, — расказала кансультантка.
Паводле яе, у Мінадукацыі рэгулярна атрымліваюць пытанні ад бацькоў і выпускнікоў наконт таго, ці можна праводзіць выпускныя вечары ў рэстаранах, кавярнях, забаўляльных цэнтрах і іншых аб’ектах, аднак адказ ведамства — «адназначна не».
— Гэтая пазіцыя акрэсленая ў загадзе Міністэрства адукацыі. Любая лакацыя правядзення ўрачыстага мерапрыемства знаходзіцца на кантролі і органаў упраўлення адукацыі, і органаў унутраных справаў, — дадала Асмалоўская.
Яна адзначыла, што ўлады ўжо распланавалі правядзенне як «апошняга званка», так і выпускных вечароў:
— Адпрацаваныя маршруты сустрэчы світанку, масавыя гулянні ў горадзе. На ўсіх этапах у мэтах стварэння ўмоваў бяспекі будуць забяспечаныя дзяжурствы педагагічных і іншых работнікаў установаў адукацыі. Урачыстасці будуць праходзіць таксама ва ўзаемадзеянні з бацькоўскімі калектывамі. Цяпер шырока абмяркоўваецца тэма зместу мерапрыемстваў, сцэнарныя распрацоўкі. Натуральна, мы трымаем на кантролі і гэтыя моманты.
Сярод формаў правядзення выпускных вечароў Таццяна Асмалоўская прапанавала «школьныя капуснікі, традыцыйныя конкурсы талентаў, прэзентацыі кінафільмаў і кінастужак са школьных гадоў».
— Таксама цікавыя складнікі мерапрыемстваў — памятныя дзеянні ў выглядзе закладкі алеі або капсулы памяці для выпускнікоў наступных гадоў. Гэта дазволіць падкрэсліць сувязь выпускнікоў са школай, з пакаленнямі іншых выпускнікоў. Вядома, у кожнай установе ёсць свае традыцыі, свае фішачкі, гэта таксама мае месца, — сказала кансультантка.
Нагадаем, 30 красавіка Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў больш сціпла адзначаць выпускныя вечары. Ён адзначыў, што да святкавання ў рэстаранах з паездкамі на лімузінах ён ставіцца «вельмі негатыўна»: «Гэта мусіць быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, — калектывам. Паскачуць, світанак сустрэнуць».
Ён заявіў, што «нельга дапускаць расслаення», а ўлады робяць усё для таго, «каб стварыць для навучання ў школе роўныя магчымасці».
Заяву палітыка пракаментаваў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, аднак з ягоных словаў вынікала, што пытанні правядзення выпускных вечароў у рэстаранах і кавярнях — гэта справа кіраўніцтва школы і бацькоўскага камітэта, але толькі пасля ўзгаднення з уладамі.
— Важна адзначыць, што Міністэрствам адукацыі пытанні правядзення выпускных вечароў у рэстаранах, кавярнях, іншых аб’ектах не рэгламентуюцца, — заявіў Кадлубай.
Паводле яго, час, працягласць і месца правядзення выпускнога вечара вызначаюцца «рашэннем, якое прымаецца кіраўніком установы агульнай сярэдняй адукацыі з удзелам бацькоўскага камітэта і па ўзгадненні з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па падпарадкаванасці».
Пры гэтым ён адзначыў, што мясцовыя ўлады і чыноўнікі «нясуць персанальную адказнасць за належную арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў», у тым ліку за ідэалагічную скіраванасць.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO