Ужо тры тыдні нічога не вядома пра месцазнаходжанне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Пакуль ёсць толькі ўрыўкавая інфармацыя: што ейныя дзеці, мяркуючы па ўсім, у Беларусі, як і былы муж Андрэй. «Еўрарадыё» паразмаўляла з экс-мужам Мельнікавай Андрэем.
Падчас размовы мы прадставіліся журналістамі, не ўдакладніўшы з якога медыя, каб не ствараць для яго пагрозаў праз камунікацыю з «экстрэмістамі».
— Можа, з’явіліся нейкія навіны пра Анжаліку?
— Ну не, не… таксама ніхто нічога не ведае, нічога пакуль няма.
— А вы звярталіся куды-небудзь… у міліцыю?
— Ну… я асабіста не звяртаўся… Гэта… так, праз знаёмых больш.
— Праз знаёмых, але хтосьці звярнуўся ў нейкія органы? Калі знікае чалавек — трэба ж, напэўна, каб шукалі?
— Ну… ну я… нікуды афіцыйна не звяртаўся. Не ведаю, не бачу ў гэтым сэнсу.
— А чаму?
— Ну… таму… хм… таму што не бачу… не ведаю. Ну, не хачу звязвацца з органамі ў такім стылі.
— Ці вы думаеце, што яна сама кудысьці проста з’ехала?
— Ой! Без паняцця. Увогуле ж… ну я не ведаю, у мяне ніякай інфармацыі няма.
— А дзеці з вамі яшчэ?
— Так, дзеці са мной. У мяне… як бы [уздыхнуў] мы разведзеныя, у прынцыпе, таму… вось…
— Скажыце, а як вы з’язджалі? Вы з Польшчы разам з дзецьмі з’язджалі?
— Усё, без каментароў.