Беларусь выкарыстоўвае магутныя сродкі радыёлакацыйнай барацьбы, каб ускладніць Украіне працу па назіранні за мяжой. Пра гэта «Украінскай праўдзе» заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.
— Дзяржаўная памежная служба Украіны фіксуе, што па той бок мяжы актыўна працуюць падраздзяленні радыёлакацыйнай барацьбы, што ў першую чаргу нацэлена на недапушчэнне назірання сіламі абароны Украіны за лініяй дзяржаўнай мяжы. У прыватнасці, іх сродкі РЭБ (радыёэлектроннай барацьбы) спрабуюць здушыць працу нашых беспілотнікаў, а нярэдка і перахапіць кіраванне БПЛА, якія мы выкарыстоўваем, — расказаў Дземчанка.
Спікер адзначыў, што ўкраінскія памежнікі не ладзяць правакацый на мяжы, «у адрозненне ад суседняй краіны, якая пастаянна спрабуе абвінаваціць у нечым нашую дзяржаву».
— Беларусь жа, фактычна, з’яўляецца сатэлітам РФ, які аддае сваю тэрыторыю, палігоны, базу для падраздзяленняў УС РФ. Адкуль пастаянная пагроза нанясення ракетных і авіяцыйных удараў, у тым ліку і з выкарыстаннем ударных БПЛА. У той жа час здзіўляе, як яны спрабуюць перакінуць адказнасць за ўзмацненне напружання на Украіну. Нядаўна беларускі памежны камітэт паказваў украінскія ўмацаванні і чамусьці здзіўляўся ім, але яны павінныя разумець: пакуль Беларусь будзе пад уплывам РФ, мы будзем рабіць усё, каб забяспечыць нашу бяспеку.
Прадстаўнік украінскай памежнай службы падкрэсліў, што ўсе мерапрыемствы па ўмацаванні мяжы праводзяцца з мэтай абароны ад агрэсіі, на Беларусь нападаць ніхто не збіраецца.
— Украіна не развязвала гэтай вайны, але, на жаль, Беларусь з’яўляецца той краінай, якая падтрымлівае Расію. Менавіта таму адбываецца ўмацаванне па лініі мяжы на ўсёй працягласці з Рэспублікай Беларусь, — заявіў Андрэй Дземчанка.
У той жа час спікер адзначыў, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю застаецца кантраляванай: памежнікі пакуль не адзначаюць ні зменаў у колькасным складзе падраздзяленняў Узброеных сіл РБ паблізу мяжы, ні зменаў у характары іх дзеянняў. Аднак гэтаму ўчастку працягнуць надаваць значную ўвагу, у прыватнасці, праз нарошчванне рэгіянальнай групоўкі войскаў саюзнай дзяржавы.
Працягласць украінска-беларускай мяжы складае 1048 км. Раней украінскі бок паказаў і расказаў праўзвядзенне жалезабетоннага плота на мяжы: яго працягласць пакуль складае 3 км, але працы працягваюцца. У Роўненскай вобласці Украіны, дзе плот яшчэ не пабудавалі, перакапалі трасы, выкапалі равы, замініравалі памежную тэрыторыю.
Акрамя таго, 10 жніўня стала вядома, што ўкраінская тэрытарыяльная абарона замініравала мясцовасць у Валынскай вобласці, што прымыкае да Беларусі. У ліпені паведамлялася пра ўсталяванне ўкраінскімі вайскоўцамі супрацьтанкавых мін на тэрыторыі пункта пропуску Выступовічы — Новая Рудня.
Мінабароны Украіны заявіла, што для ворага, які вырашыць уварвацца на тэрыторыю краіны, «кожная дарога і сцежка, лясы і пагоркі стануць пасткай або непрыемным сюрпрызам», а «яго страты будуць велізарнымі».
Беларускі бок абвінавачвае Украіну ў правакацыях, заяўляючы, што «адчувае ціск». У прыватнасці, кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Анатоль Лапо заявіў, што з украінскай тэрыторыі «цэляцца ў беларускіх памежнікаў» і «часам страляюць у паветра», украінскі бок узарваў «практычна ўсе памежныя масты, і аўтамабільныя, і чыгуначныя», а прыгранічныя дарогі ва Украіне цалкам замініраваныя.
ДПК Беларусі таксама паведамляў пра перахоплены ўкраінскі беспілотнік, які «выкарыстоўваўся для трэніровак перамяшчэння і скіду выбуховых прыладаў, а таксама вядзення разведкі і здымкі тэхнічных сродкаў аховы мяжы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». На думку дзяржаўных прапагандыстаў, гэта сведчанне гатоўнасці да нападу.
Распечатано с портала ZERKALO.IO