Опубликовано 13 лiстапада 2024 у 08.22
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-site.space/news/world/83141.html    

Трамп вылучыў на пасаду кіраўніка Мінабароны тэлевядоўцу Fox News

Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп намінаваў вядоўцу тэлеканала Fox News Піта Хегсэта на пасаду міністра абароны. Пра гэта гаворыцца ў заяве пераходнай каманды Трампа, якую цытуе Reuters.

Пит Хегсет и Дональд Трамп. Фото: Reuters
Піт Хегсэт і Дональд Трамп. Фота: Reuters

«Піт — моцны, разумны чалавек, ён шчыра верыць у прынцып „Амерыка перадусім“… З Пітам ля стырна ворагі Амерыкі папярэджаныя: нашыя вайскоўцы зноў стануць вялікімі і Амерыка ніколі не адступіць», — сказана ў заяве.

Гэтае рашэнне Трампа ўжо выклікала крытыку ў дэмакратаў.

«Пасада міністра абароны не павінная быць пасадай пачатковага ўзроўню», — заявіў вядучы дэмакрат у Камітэце Палаты прадстаўнікоў па справах узброеных сіл Адам Сміт.

44-гадовы тэлевядоўца Піт Хегсэт — ветэран Нацыянальнай гвардыі ЗША, ён служыў у Афганістане, Іраку і ў Гуантанама на Кубе. На тэлеканале Fox Хегсэт працуе з 2014 года, у апошнія гады займаў пасаду сувядоўцы праграмы Fox & Friends Weekend.

Раней Трамп прыняў рашэнне наконт прызначэння Ілана Маска. Бізнесовец сумесна з Вівекам Рамасвамі ўзначаліць новае Міністэрства па павышэнні эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання (Department of Government Efficiency, DOGE). Яно будзе займацца барацьбой з «урадавай бюракратыяй», скарачэннем залішніх нарматыўных актаў і паспрыяе рэструктурызацыі федэральных агенцтваў і змяншэнню іх «марнатраўных выдаткаў».

Ганна Матсан / «Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO