Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Восенню 2020 года знакамітага беларускага спевака Ілью Сільчукова звольнілі з Опернага тэатра. Нагодай стаў удзел у запісе відэа «Культура за страйк»: артыст сказаў на камеру словы «Стужкай, словам, дзеяннем», што палічылі «амаральным учынкам». З таго часу Ілья пераехаў у ЗША, дэбютаваў у сусветна вядомым міланскім тэатры Ла Скала і быў запрошаны на галоўную ролю ў «Дзікім паляванні караля Стаха» па Караткевічу — оперы, прэм’ера якой абудзецца ў Лондане. Паразмаўлялі са спеваком пра яго жыццё, цяжкасці і іх пераадольванне.

«Чым моцны Караткевіч? Не проста адлюстраваннем нейкага нацыянальнага каларыту, нацыянальнай ідэі»

— У 2021-м вы казалі нам, што ўспрымаеце сваю вандроўку ў ЗША пасля выезду з Беларусі як творчую камандзіроўку. Гэтае адчуванне знікла?

— Нічога не змянілася. Дагэтуль усё ўспрымаецца як падарожжа. Вялікае артыстычнае падарожжа.

— Бостан, дзе вы жывяце, для вас дом? Часовая дыслакацыя?

— Не рэфлексаваў на гэты конт. Месца, дзе я разам з сям’ёй, дзе сваякі, жонка і дзеці — там і дом. Таму можна назваць Бостан другім домам. Бо першы наш дом — гэта Беларусь.

— Успрыманне эміграцыі як творчай камандзіроўкі дапамагае ці замінае кар’еры?

— Мы ўсе залежым ад вялікага беларускага пытання, якое прымусіла з’ехаць. Існуюць яшчэ і акалічнасці, звязаныя з кавідам. Ён зруйнаваў больш за два з паловай оперныя сезоны, калі ўсё было адменена. Але ўплыў пандэміі адчуваецца дагэтуль.

Илья Сильчуков. Фото: facebook.com/Silchukov.Ilya
Ілья Сільчукоў. Фота: facebook.com/Silchukov.Ilya

— Оперная індустрыя да канца не аднавілася?

— Я часцяком праходжу праслухоўванні на новыя спектаклі: і тут, у ЗША, і ў Еўропе. Адчуванне, што ў нашым бізнесе ўсе шукаюць дно. Бо сказаць, што ўсё стабілізавалася, немагчыма. Усе прызвычаіліся жыць, не заглядваючы наперад — на сезон, два ці нават тры. Цяпер працуюць на кароткатэрміновую перспектыву. Маўляў, «дзякуй Богу, што няма каранціну».

У Еўропе да посткавідных рэалій прызвычаіліся, праца ідзе больш актыўна. А вось у ЗША праслухоўванні перад праектамі дагэтуль адбываюцца ў фармаце анлайн.

— А чаму?

— Ніхто не ведае. Ужо даўно ўсе каранціны прайшлі, а амерыканцы ніяк не могуць выйсці з ранейшага стану. У верасні 2022-га са мной здарылася такая гісторыя. Пра мяне выйшаў артыкул у The Washington Post, пасля чаго мной зацікавілася адно міжнароднае радыё, якое працуе і за акіянам, і ў Еўропе. Прапанавалі інтэрв'ю і пасля згоды спыталі, калі магу зайсці ў Google Meet для размовы. Адказаў ім, што знаходжуся ў Бостане і магу пад’ехаць у студыю. «Ды вы што!» — не паверылі яны. У студыі, акрамя гукарэжысёра і боса гэтага аддзела, нікога не было, пусты будынак. Хоць, па іх словах, да пандэміі там працавалі 30 чалавек. Вядучы задаваў пытанні анлайн з Фларыды.

— Людзям проста спадабалася працаваць анлайн.

— Вядома (усміхаецца). Можна працаваць на розныя радыёстанцыі, а самому знаходзіцца, як Ленін, — у Цюрыху (усміхаецца).

— Падчас нашай мінулай размовы вы казалі, што праходзілі праслухоўванне ў амерыканскіх тэатрах. Чакаўся дэбют на мясцовай сцэне. Ён адбыўся?

— Пакуль пераважаюць канцэрты — сольныя ці з аркестрамі. Выступаў у тэатры Такомы, што ў штаце Вашынгтон. Але вялікага дэбюта пакуль не адбылося. Дакладней, ён павінен быў адбыцца ў Бостане ў гэтым верасні. Але я прыняў запрашэнне Свабоднага тэатра паўдзельнічаць у прэм’еры оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» па Караткевічу. Паколькі паказы мусілі адбыцца ў Лондане, давялося адмяніць спектаклі. Але я і ў Лондане не з’яўлюся…

Илья Сильчуков. Кадр из клипа "Волки"
Ілья Сільчукоў. Кадр з кліпа «Воўкі»

— Вы сышлі з гэтага праекта?

— Не, я на сувязі з трупай, рэжысёр Мікалай Халезін у курсе сітуацыі. На жаль, так склаліся асабістыя абставіны, пра якія не хацеў бы казаць. Я надта хацеў паўдзельнічаць, але на прэм'еры мяне заменіць іншы спявак.

— Тым больш гэта сусветная прэм’ера.

— Так, яны здараюцца вельмі рэдка. У наш час, на жаль, амаль ніхто не замаўляе оперы сучасным кампазітарам. Буйныя тэатры робяць гэта, але вельмі-вельмі рэдка. Між тым гэта ўнікальная з’ява. У маім жыцці гэта першы раз, калі пад мяне, з улікам маіх вакальных даных, пісалася партыя.

Вось чаму лічацца геніяльнымі оперы Вердзі ці Даніцэці? Бо гэтыя кампазітары ведалі, на што здольны чалавечы голас. Кампазітарка Вольга Падгайская, якая напісала «Дзікае паляванне», з такіх творцаў. Мы размаўлялі з ёй і абмяркоўвалі ўсё. Пачынаючы з тэхнічных момантаў (дзе спеваку трэба папрацаваць, а дзе адпачыць, як вытрымаць баланс, каб не перагрузіць) і сканчваючы тым, як павінен стылістычна выглядаць вобраз Андрэя Беларэцкага, які я мусіў выконваць.

— Хто для вас Беларэцкі?

— Для мяне гэта соль зямлі. Прадстаўнік пяці адсоткаў пасіянарыяў. Носьбіт усяго чалавечага і нацыянальнага. Своеасаблівы касмічны чаўнок. Такіх людзей адпраўляюць на Марс з насеннем, каб пачаць новае жыццё. А Беларэцкі — чаўнок беларускасці, усяго сапраўднага, агульначалавечага, гуманнага. Бываюць моманты, калі ён адчайваецца, у роспачы. Але потым ідзе наперад — нягледзячы ні на што.

Бачу ў ім рысы асобы, што вядзе вандроўку ўсё жыццё, увесь час шукае ў сабе не толькі беларуса, але і чалавека з вялікай літары. Чым моцны Караткевіч? Не проста адлюстраваннем нейкага нацыянальнага каларыту, нацыянальнай ідэі. Ён піша пра агульначалавечыя праблемы.

Юозас Будрайціс, адзін з вядомых літоўскіх акцёраў, неяк казаў: «Трэба шукаць не новае ў творчасці, а вечнае. Калі вы апранеце пінжак замест нагавіц, гэта будзе новым. Але будзе недарэчным». Таму трэба казаць у творчасці пра вечныя пытанні.

Илья Сильчуков. Фото: личный архив
Ілья Сільчукоў. Фота: асабісты архіў

— Вы плануеце вярнуцца ў праект «Дзікага палявання»?

— Безумоўна. Гэта мая адказнасць і мара.

— Наступныя паказы оперы будуць?

— Зараз вялікі ажыятаж. Ведаю, што шмат хто едзе ў Лондан з Амерыкі і Еўропы. Што атрымаецца, пакуль ніхто не ведае. Калі б гэта быў драматычны спектакль, то было б прасцей. Усё было б забраніравана наперад, складаліся б планы на сезон 2024/2025. Але людзі ніколі не чулі оперу ад Свабоднага тэатра. Наступныя запрашэнні і паказы цалкам залежаць ад таго, што яны пабачаць. Але пастаноўка «Дзікага палявання» — з’ява новая, унікальная, адзінкавая. Таму спадзяюся, што будуць яшчэ паказы і на іншых пляцоўках.

«Італьянцы для мяне — сусветныя чэмпіёны па прыгажосці, па яе адчуванні і перажыванні»

— Яшчэ восенню 2022 года вы павінны былі дэбютаваць у міланскай Ла Скала, але здарылася гэта толькі ў красавіку гэтага года.

— Так, мяне запрашалі спяваць у оперу Маснэ «Таіс», прычым на галоўную ролю. Але працу трэба было пачынаць літаральна на наступным тыдні. Аднак высветлілася, што нават для кароткатэрміновых кантрактаў у Італіі патрабуецца працоўная віза. Атрымаць яе так хутка было нерэальна.

— Вы цяпер часцей выступаеце ў Еўропе, чым у ЗША?

— Я цяпер увогуле выступаю не так часта. Але тыя спектаклі, якія ёсць, — напрыклад, шэсць спектакляў у міланскім Ла Скала, два спектаклі ў Сафіі (пастаноўка «Пікавай дамы» з беларускім маэстра Андрэем Галанавым) — часцей адбываюцца ў Еўропе.

Илья Сильчуков. Фото: facebook.com/Silchukov.Ilya
Ілья Сільчукоў. Фота: facebook.com/Silchukov.Ilya

— На ваш дэбют у Ла Скала паўплывалі палітычныя падзеі апошніх гадоў?

— Цяжка адсачыць гэтую ўзаемасувязь. Я праслухоўваўся ў Ла Скала у лістападзе 2022-га як звычайны спявак. Так, я знаёмы з дырэктарам тэатра Дамінікам Мейерам ужо шмат гадоў. Ён быў членам ці старшынёй журы на некалькіх конкурсах, на якіх я перамагаў. На адным з іх у 2017-м ён асабіста ўручаў мне прэмію. Але канкурэнцыя вялікая, знаёмства нікому не дапаможа (усміхаецца). Я апынуўся ў добры час у добрым месцы. Для «Русалкі» (оперы, з якой Ілья дэбютаваў у Мілане ў ролі Паляўнічага. — Заўв. рэд.) патрабавалася славянская дыкцыя. А беларуская і чэшская — дужа блізкія мовы.

Але і з улікам гэтага сказаць, што мяне ўзялі толькі таму, што я беларус, не магу. Партыю Русалкі спявала мая сяброўка Вольга Бяссмертная з Украіны. Але сказаць, што яе ўзялі таму, што яна ўкраінка, таксама нельга. Бо разам з ёй спяваў тэнар Дзіма Корчак з Расіі. Астатнія выканаўцы — з Германіі, Паўднёвай Карэі, Балгарыі, Швецыі. Выбар робіцца выключна паводле прафесійных чыннікаў.

— Спектакль у Ла Скала — гэта дарагія квіткі і гледачы ў касцюмах от куцюр. Багема адным словам. А ў шэрагу гарадоў (Мінск не выключэнне) гледачы прыходзяць у тэатр у джынсах. І гэта лічыцца нармальным.

— На жаль, з публікай у Злучаных Штатах таксама трэба працаваць. Нават гардэробы ёсць не ў кожным тэатры. Людзі могуць прыйсці ў вопратцы і сесці ў залі.

Трэба, каб паход у тэатр не з’яўляўся руцінай. Калі глядач пераапранаецца, калі кабеты становяцца на шпілечкі, апранаюць каралі, гэта сведчыць, што надыйшоў асаблівы час, што адбываецца паход за цудам, якога нам так не хапае ў штодзённым жыцці. Гэтаму ў італьянцаў трэба вучыцца.

— А чаму яшчэ?

— Італьянцы ўмеюць жыць. Пакуль рыхтавалася прэм’ера, я імкнуўся назапасіць у сабе пабольш уражанняў. Таму хадзіў па музеях, глядзеў карціны ў галерэях, ездзіў у Геную, хадзіў на іншыя спектаклі. На падставе таго досведу ўпэўнены, што італьянцы для мяне — сусветныя чэмпіёны па прыгажосці, па яе адчуванні і перажыванні. Як фільмы Паола Сарэнціна, якія час ад часу пераглядаю. Напрыклад, «Вялікую прыгажосць». Вось гэтаму нам у італьянцаў варта павучыцца.

Илья Сильчуков. Фото: личный архив
Ілья Сільчукоў. Фота: асабісты архіў

— Вы з захапленнем расказваеце пра працу і жыццё ў Еўропе. Чаму вы тады не пераехалі туды, дзе бліжэй большасць тэатраў?

— Такая думка была. Але трэба разумець, што сям’я і дзеці мусяць стала вучыцца. Трэба стратэгічна выбудоўваць сваё жыццё. У ЗША мы прыехалі напрыканцы ліпеня 2021-га. Дзеці пайшлі ў школу, а разбор нашага кейса ў міграцыйнай службе зацягнуўся і ішоў больш за пяць месяцаў. Бліжэй да снежня прыйшоў дазвол на працу і ўсе дакументы. Я адразу ўладкаваўся працаваць у школу, дзе ўжо навучаліся дзеці, і выкладаю там музыку і тэатр дагэтуль — ужо трэці сезон. Да таго ж тут, у Бостане, вельмі актыўная дыяспара. Шмат дапамогі ідзе ад беларусаў.

«Беларускія дзеці больш сумняваюцца. У амерыканскіх дзяцей „правільнага меркавання“ не існуе»

— Школа, дзе вы працуеце, амерыканская?

— Яна білінгвістычная. Вяду выкладанне на англійскай мове і паралельна працую на рускай. Шмат амерыканцаў, але хапае і тых, хто прыехаў з Украіны і Беларусі.

— Наколькі вашыя вучні адрозніваюцца ад беларускіх дзяцей, з якімі вы працавалі ў Мінску?

— Перш за ўсё, адрозніваюцца выхаваннем. Беларускія дзеці больш дысцыплінаваныя. Але яны больш сумняваюцца і баяцца дзяліцца сваімі меркаваннямі. Кшталту: «А якое правільнае меркаванне?». У амерыканскіх дзяцей «правільнага меркавання» не існуе. Наадварот, іх паводзіны трэба крыху карэктаваць: «Добра, што ў цябе ёсць сваё меркаванне. Але давай паглядзім, што кажуць эксперты». Трэба, каб эксперт успрымаўся як асоба, якой можна давяраць.

Затое мясцовыя дзеці выраслі ў больш свабоднай атмасферы, тыя ці іншыя рэчы ў большай даступнасці для іх на побытавым узроўні. Таму недзе дзеці больш разняволеныя. Яны не баяцца зрабіць памылкі, маюць сваю асабістую пазіцыю наконт тых ці іншых рэчаў, крытычна ставяцца да ўсяго. Тут не прынята праводзіць урок, які нагадвае лекцыю ў форме маналога, калі вучні толькі і будуць рабіць, што канспектаваць. Гэта заўжды інтэрактыў.

Илья Сильчуков. Фото: личный архив
Ілья Сільчукоў. Фота: асабісты архіў

Прычым сярод такіх дзяцей часта сустракаюцца дзеці мінчукоў, якія прыехалі ў Амерыку 20 гадоў таму. Іх бацькі выкладаюць у Гарвардзе, пішуць дысертацыі, працуюць айцішнікамі. Таму мне і падабаецца Бостан, што тут усе недзе пры ўніверсітэтах. Гэта Мека для тых, хто хоча атрымаць адукацыю.

— Прычыны для вашай працы ў школе творчыя ці эканамічныя?

— І тыя, і тыя. Калі была магчымасць, я выкладаў і ў студэнтаў у Беларусі. Хоць вольнага часу было няшмат, але гэта быў цікавы для мяне досвед, я быў рады заахвоціць моладзь і перадаць ёй жарсць да музыкі. Тут — таксама.

Але і без эканамічных прычын ніяк. Бостан, мякка кажучы, не самы танны горад у ЗША. Каб утрымліваць сям’ю, арандаваць дом, плаціць усе рахункі, трэба шукаць добрую працу. Калі б мы пражывалі ў Партугаліі ці Іспаніі, можна было б закрыць патрэбы дастатковай колькасцю спектакляў. Але пакуль цалкам гэта не атрымліваецца.

— Патрэбная колькасць спектакляў не набіраецца з-за наступстваў пандэміі?

— Часткова. Самае цяжкае — гэта не адмена ці адтэрміноўка спектакляў. Каранавірус руйнуе сувязі. Оперны бізнес — вельмі тонкая, далікатная рэч, якая шмат у чым будуецца на асабістых зносінах. Калі цябе пачулі і табой зацікавіліся, патрэбны біток, аншлаг. Але не адзін раз, а праз месяц, праз два, праз тры. Калі нешта з гэтых звенняў выпадае, то губляецца праца ў будучым і трэба зноў усё аднаўляць.

Зараз я не магу так актыўна ездзіць на праслухоўванні, як рабіў бы гэта з Беларусі. А тут свая планета, свае спевакі, свой побыт. Напрыклад, у штаце Масачусетс, дзе знаходзіцца Бостан, жыве пяць мільёнаў чалавек. Такая лічба — сярэднестатыстычная Нарвегія або Фінляндыя. Але там тэатраў некалькі, у нас — толькі адна оперная кампанія, якая ладзіць дзве-тры прэм’еры на год. У некаторых штатах няма ніводнага опернага тэатра. Матэматычна выводзім, што спевакі тут працуюць менш. Амерыканцы зацікаўленыя, каб зрабіць кар’еру ў Еўропе, зрабіць сабе імя і вяртацца ўжо ў статусе зоркі на буйныя сцэны. Такія як Метраполітан, Сан-Францыска ці Чыкага.

Таму ведаю амерыканскіх калег — з кім я супрацоўнічаў, вучыўся, перасякаўся ў Зальцбургу падчас сваёй стажыроўкі, — якія заняліся выкладаннем. Гэта лічыцца прыстойнай кар’ерай для спевака. У Еўропе трошкі іншая сітуацыя, там больш тэатраў і магчымасцей.

— Гучыць песімістычна.

— Насамрэч, не. У біяграфіі любога выканаўцы бываюць перыяды, калі кар’ера насычаная, калі ўсё бурліць. Бывае і больш спакойны перыяд. Часта мы, людзі мастацтва і публічныя асобы, імкнёмся паказаць, якія мы страшэнна занятыя і запатрабаваныя. Я не баюся сказаць, што магу спяваць больш, што ў мяне ёсць час, каб выкладаць дзеткам. Але я працую над тым, каб было больш працы і каб наладзіць сувязі. Тым больш у біяграфіі з’яўляюцца тэатры, як Ла Скала, якія выглядаюць прыстойна.

Илья Сильчуков. Фото: facebook.com/Silchukov.Ilya
Ілья Сільчукоў. Фота: facebook.com/Silchukov.Ilya

— Не проста прыстойна — шыкоўна! Але спытаюся пра іншае. Ваш ад’езд з Беларусі дапамог вашай кар’еры ці не?

— Нават не ведаю, што вам адказаць. Сказаць, што ў мяне адбыўся выбуховы рост кар’еры і што я шукаў жыцця за акіянам? Ды не. Але застацца ў Беларусі? Спяваць так, як нашыя футбалісты гуляюць, з іншароднымі прадметамі ў горле? Застацца я б не змог. Спявак мусіць спяваць пра тое, што з’яўляецца каштоўнасцю для яго і для грамадства. Калі культура руйнуецца, то тэатр становіцца для мяне асабіста нейкім цыркам шапіто, у якім не хочацца ўдзельнічаць.

— Наколькі наогул чалавеку беларускай культуры цяжка ці лёгка знайсці сябе ў эміграцыі?

— Калі ты быў заняты на 100% дома, то, натуральна, не будзеш так запатрабаваны ў эміграцыі. З гэтым сустракаюцца ўсе, не толькі беларусы. Трэба змагацца за месца пад сонцам і ўсё пачынаць наноў. Згадаем дзеля прыкладу савецкага акцёра Савелія Крамарава, іншых выбітных творцаў. Рэдка хто з іх мог зрабіць такую ж кар’еру, якую ён меў на радзіме. Таму нашым драматычным артыстам, акцёрам кіно цяжка. У іх абмежаваныя кропкі для ўваходу ў індустрыю.

Опернаму спеваку ці выканаўцу акадэмічнай музыкі прасцей. Наша ж праца запатрабаваная ў свеце. Хоць, як бачыце на маім прыкладзе, і ў мяне сустракаюцца перашкоды.

Але я не фаталіст, упэўнены, што шмат чаго залежыць ад самога чалавека. Амерыка — добрае месца, каб пачаць усё спачатку, бо тут усе пачыналі спачатку. І шмат у каго гэта атрымліваецца. Атрымаецца і ў мяне.

Чытайце таксама