26-гадовы абаронца зборнай Турцыі Мерых Дэмірал дыскваліфікаваны на два матчы, паведамляе УЕФА.
Пакаранне прызначылі «за невыкананне агульных прынцыпаў паводзін, за парушэнне асноўных правілаў годных паводзін, за выкарыстанне спартовых мерапрыемстваў для дэманстрацый неспартовага характару і за шкоду рэпутацыі футбола».
Скандал вакол Дэмірала разгарэўся на чэмпіянаце Еўропы пасля матча 1/8 фіналу, у якім Турцыя перамагла аўстрыйцаў (2:1) і выйшла ў чвэрцьфінал. Мерых стаў адным з галоўных герояў сустрэчы. На яго рахунку два галы: на першай і 59-й хвілінах.
Абаронца адсвяткаваў перамогу сваёй каманды «воўчым салютам» — жэстам, які забаронены, у прыватнасці, у Аўстрыі і Францыі.
🇹 Ne mutlu Türküm diyene! pic.twitter.com/4K3kVPFxgW
— Merih Demiral (@Merihdemiral) July 2, 2024
«Воўчы салют» звязаны з арганізацыяй «Шэрыя ваўкі» — ультраправым і самым радыкальным моладзевым аддзяленнем Партыі нацыяналістычнага руху Турцыі. Акрамя таго, Дэмірал напісаў у сацсетках пасля гульні: «Які шчаслівы той, хто можа назваць сябе туркам». Гэтая фраза першага прэзідэнта Турцыі Мустафы Кемаля Атацюрка лічыцца неафіцыйным дэвізам нацыяналістаў.
Паводзінамі футбаліста абурыліся нямецкія палітыкі. У Турцыі чыноўнікі пачалі абараняць Мерыха. Цяпер ён зможа згуляць на Еўра толькі калі яго зборная выйдзе ў фінал.