З 00.00 18 ліпеня Літва забараняе ўезд легкавых аўто на беларускіх нумарах. Абмежаванне распаўсюджваецца на легкавікі незалежна ад грамадзянства іх уладальніка ці кіроўцы. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Літоўскай мытні.
У ведамстве дадалі, што ў забароне ёсць выключэнне. Да 16 жніўня 2024 года ў Літву змогуць заехаць зарэгістраваныя ў Беларусі легкавікі, калі яны не прызначаныя для продажу і належаць грамадзянам Беларусі з дзейнай візай ці відам на жыхарства ў Літве (часовым ці пастаянным), якія дазваляюць уезд у ЕС. Пры гэтым кіраваць аўтамабілем мусіць яго ўласнік. Гэтае выключэнне не распаўсюджваецца на аўтамабілі, якія належаць юрыдычным асобам ці выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах.
«Легкавыя аўтамабілі з беларускімі нумарамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Еўрасаюза, у тым ліку ў Літве, мусяць пакінуць Літву да 18 студзеня 2025 года ўключна. Да гэтай даты аўтамабілі з беларускімі нумарамі могуць удзельнічаць у руху па тэрыторыі Літвы, а таксама ўвозіцца і рэгістравацца ў Літве», — паведамілі ў мытнай службе, дадаўшы, што пасля 18 студзеня наступнага года аўтамабілі на беларускай рэгістрацыі не змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Літвы — парушальнікам пагражае штраф з канфіскацыяй транспартнага сродку.
Гэтая забарона не будзе распаўсюджвацца на транспартныя сродкі, прызначаныя для выкарыстання дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўніцтвамі, уключаючы дэлегацыі, амбасады і прадстаўніцтвы.
Паводле звестак беларускага Дзяржпамежкамітэта, на 12.00 17 ліпеня ў пунктах пропуску на беларуска-літоўскай мяжы прастойвала 240 легкавікоў (140 — у «Каменным Логу» і 100 — у «Беняконях»).
Раней аналагічнае абмежаванне ўвяла Латвія.
Чытайце таксама