У беларускіх дыпламатаў у Вільні з’явіцца пастаянны напамін пра зняволенага праваабаронцу, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага — проста насупраць вокнаў амбасады створаць стрыт-арт з яго партрэтам, паведамляе Radio R.
Вялікую неафрэску, прысвечаную Алесю Бяляцкаму і іншым беларускім палітвязням, намалююць мастакі з Вільні і Каўнаса. Выява будзе глядзець проста на амбасаду Беларусі з фасада прагімназіі Сімонаса Даўкантаса, размешчанай праз дарогу.
Нагадаем, беларускі праваабаронца, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» і палітвязень Алесь Бяляцкі ў 2022 годзе стаў адным з лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру. Цырымонія ўручэння прэміі прайшла ў сталіцы Нарвегіі 10 снежня, замест праваабаронцы на ёй прысутнічала ягоная жонка Наталля Пінчук.
Аляксандар Лукашэнка ніяк не адрэагаваў на прысуджэнне беларусу Нобелеўскай прэміі, «забыла» пра яго і інфармагенцтва БелТА, а пра цырымонію ўручэння не напісала ніводнае буйное дзяржвыданне.
Адным з нямногіх чыноўнікаў, хто пракаментаваў узнагароду Бяляцкага, стаў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз — праўда, ён не стаў віншаваць праваабаронцу, а назваў рашэнне Нобелеўскага камітэта «палітызаваным».
А прапагандыст газеты Адміністрацыі Лукашэнкі Андрэй Мукавозчык нарадзіў пасквіль, у якім назваў праваабаронцу «рэцыдывістам з крымінальным мінулым». Публікацыю суправаджаў шарж, у якім галава Алеся Бяляцкага была прадстаўленая ў выглядзе скарбонкі для манет.
Алесь Бяляцкі дзесяцігоддзямі выступаў за дэмакратычныя перамены ў Беларусі і адстойваў правы палітвязняў. 17 месяцаў ён знаходзіцца за кратамі. Бяляцкага і яго калег па праваабарончым цэнтры «Вясна» абвінавачваюць у кантрабандзе буйной сумы грошай, арганізаванай групай асобаў, і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Санкцыя самай суровага артыкула абвінавачання прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.