Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Прыходзіў КДБ. Даведаліся падрабязнасці рэйду па агенцтвах нерухомасці
  2. Намесніца міністра сувязі расказала, чаму ў Беларусі не блакуюць YouTube, і прызнала, што ў нашым клоне «ніхто не хоча нічога размяшчаць»
  3. «Такая была тьма над городом!» Рассказываем, как жители Западной Беларуси оценивали приход советской власти в 1939 году на самом деле
  4. Што з грашыма, якія мусіў атрымаць фонд зніклай Анжалікі Мельнікавай? Вось што даведалася «Люстэрка»
  5. Сіноптыкі папярэдзілі пра небяспеку ў чацвер
  6. Обновление базы розыска РФ: теперь в ней более 4700 беларусов. Проверьте себя и близких
  7. Эксперты рассказали о главной цели Путина в Украине, для достижения которой он готов вести войну годами
  8. «В последнее время стая „черных лебедей“». Эксперт пояснил, как торговая война Трампа с миром может затронуть рынок жилья Беларуси
  9. Беларусы выкарыстоўваюць лайфхак, каб хутчэй атрымаць шэнген. Даведаліся, што за ён
  10. Новый поворот. Трамп еще больше поднял пошлины для Китая из-за «неуважения», но для других стран ввел отсрочку на три месяца
  11. У беларускіх турмах прымушаюць насіць розныя біркі. Так ужо рабіла раней адна краіна — і ўладам Беларусі не спадабаецца параўнанне
  12. Ці ёсць у вашай сям'і Audi, Porsche або Mercedes? Не? А грошы на такія аўто з вашай кішэні ўсё роўна «выцякаюць» — тлумачым, як так
  13. СМІ: Сілавікі трасуць агенцтвы нерухомасці па ўсёй краіне — што адбываецца
  14. Прапагандысты распаўсюджваюць фэйкавыя фота вядоўцы «Обычного утра» з Pornhub. Яна ім адказала
  15. «Няважна, застаюцца працаваць ці ідуць на пенсію». Наймальнікаў папрасілі даць звесткі пра супрацоўнікаў — навошта
  16. Афіцыйныя прафсаюзы б'юць трывогу праз пенсіі і заробкі бюджэтнікаў. Што з імі не так
  17. З усёй краіны арганізавана звозяць гледачоў на канцэрты, прыдуманыя нявесткай Лукашэнкі. Колькі за гэта плацяць падаткаплатнікі
Читать по-русски


У Беларусі ствараюць міжведамасную камісію для працы з грамадзянамі, якія хочуць вярнуцца на радзіму. Генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што ахвочыя прыехаць у Беларусь мусяць падаць заяву, а ў адказ атрымаюць рашэнне і апісанне далейшых дзеянняў. «Люстэрка» спытала ў беларусаў, якія з’ехалі з краіны праз палітычную сітуацыю, на якіх умовах яны былі б гатовыя вярнуцца дадому пры цяперашняй уладзе.

Андрей Швед. Фото: пресс-служба Генпрокуратуры
Андрэй Швед. Фота: прэс-служба Генпракуратуры

«Гатовыя вярнуцца пасля сыходу Лукашэнкі. Адразу»

Большасць нашых рэспандэнтаў адказала, што пакуль Аляксандр Лукашэнка ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, яны вяртацца дадому не плануюць ні пры якіх умовах.

— Не бачу такіх варыянтаў пры цяперашняй уладзе. Галоўнае пытанне тут не ва ўмовах, а ў даверы. Я лічу, што цяперашняя ўлада ў Беларусі незаконная. Такім чынам, мне ўскосна трэба легітымізаваць яе, прыняўшы яе ўмовы? — разважае Віктар, які цяпер жыве ва Украіне.

— Ехаць дадому пры цяперашняй уладзе — гэта пагадзіцца, што «і так можна жыць». Плаціць падаткі рэжыму Лукашэнкі, не падтрымліваць правільныя ініцыятывы. Пагадзіцца, што дыктатура — гэта прымальна. Не ведаю, што мяне магло б падштурхнуць на такое. Але прашэнне ў камісію думаю напісаць — падзялюся потым з вамі адказам, — смяецца Яўген, які ў 2022 годзе пераехаў у Грузію.

— Мы з мужам і малодшым дзіцем гатовыя вярнуцца пасля сыходу Лукашэнкі. Адразу. А вось старэйшыя дзеці, якія вучацца ў ліцэі, ужо вяртацца не будуць. Толькі ездзіць у госці, — кажа Таццяна з Вроцлава.

Некаторыя беларусы адзначылі, што праз пару гадоў у эміграцыі ўжо адаптаваліся за мяжой і вяртацца жыць на радзіму не збіраюцца нават у выпадку змены ўлады.

— З кожным месяцам знаходжання, на жаль, усё больш адрываешся ад думак пра Беларусь і вяртанне. Час сваю справу робіць. І не толькі ў дачыненні да мяне, — лічыць Дзмітрый, які перабраўся ў Польшчу.

— Першы год у эміграцыі прайшоў з настальгіяй па Беларусі, мы працягвалі падтрымліваць кантакты, некалькі разоў нават ездзілі ў госці. Але час ішоў, і ўсё больш сяброў самі з’язджалі з Беларусі, а з тымі, хто застаўся, стала складаней падтрымліваць сувязь. Вярнуцца? А куды? Як там бавіць вольны час? Кастрычніцкая ў Мінску знішчаная, арт-пляцоўкі — таксама, на канцэрты сусветных знакамітасцяў можна забыцца. У якую школу аддаць дзіця? У тую, дзе яго будуць вучыць людзі, што займаліся «ўкідамі» на выбарах? Я лічу, што праз пэўны час многія ўжо не вернуцца, — дадае чытач «Люстэрка» Аляксей.

«Хай выпусцяць палітвязняў»

Таксама мы атрымалі адказы ад тых беларусаў за мяжой, якія гатовыя абмяркоўваць умовы для вяртання дадому пры цяперашнім палітычным рэжыме. Публікуем іх меркаванні.

Дзмітрый, 37 гадоў, Польшча

Спіс умоваў у мяне вельмі вялікі: спыненне рэпрэсій, поўная рэабілітацыя палітвязняў і выплата кампенсацыі ўсім пацярпелым, вывад расійскіх войскаў і разрыў саюзнай дамовы, адкрытыя працэсы па ўсіх парушэннях закона з 2020 года супраць сілавікоў, чыноўнікаў, прапагандыстаў, прызначэнне новых выбараў пры новым ЦВК і прыцягненні міжнародных назіральнікаў. У такім выпадку я гатовы вярнуцца ў Беларусь, нават калі фармальным прэзідэнтам будзе Лукашэнка.

Святлана, 43 гады, Германія

Калі шчыра, я не веру, што так проста, напісаўшы ім ліст і атрымаўшы станоўчы адказ, можна будзе бяспечна ехаць у Беларусь. Яны змогуць усё роўна да чаго-небудзь прычапіцца. Напрыклад, знайсці ў мяне ў тэлефоне, што я чытаю «Люстэрка», і завесці крымінальную справу. Умова для вяртання можа быць такая: хай для пачатку выпусцяць усіх палітвязняў унутры краіны, і потым будзе відаць.

Юрый, 26 гадоў, Турцыя

Я з’ехаў з Беларусі літаральна праз тыдзень пасля пачатку вайны. Вельмі хацеў бы вярнуцца і гатовы гэта зрабіць пры цяперашняй уладзе, але з дзвюма простымі ўмовамі: пры ўпэўненасці, што Беларусь не ўступіць у вайну, і прыкметным зніжэнні ўзроўню рэпрэсій. На астатнія праблемы я пакуль гатовы закрыць вочы, галоўнае — бяспека. Пад прыкметным зніжэннем рэпрэсій я маю на ўвазе ў першую чаргу зніжэнне колькасці новых арыштаў, асабліва людзей, якіх затрымліваюць па даўніх пратэсных фатаграфіях або па прыездзе ў краіну.

Андрэй, 34 гады, Польшча

Я з’ехаў праз палітычную сітуацыю ў ліпені 2021 года, цяпер жыву ў Польшчы. Гатовы разгледзець магчымасць прыязджаць у Беларусь, калі выпусцяць усіх палітвязняў і перастануць затрымліваць новых. А калі вяртацца жыць у Беларусь, то толькі калі ў агляднай будучыні дыктатура абрынецца і запрацуе закон.

Аляксей, 32 гады, Чарнагорыя

Пры цяперашняй уладзе вяртацца на пастаяннае жыхарства не планую ні пры якіх умовах. Але мог бы наведваць родных, калі б меў гарантыі, што не буду затрыманы і змагу выязджаць з краіны без праблем.

Яўген, 32 гады, Турцыя

Адзіная ўмова для вяртання — гэта поўная рэформа судовай сістэмы і пакаранне ўсіх, хто выносіў незаконныя прысуды, складаў іх і выконваў. Але на практыцы я не асабліва веру, што гэта магчыма за Лукашэнкам, таму што ў асноўным праз яго судовая сістэма і не працуе.

ЦІП на Акрэсціна, Мінск. 2021 год. Фота: Дзмітрый Брушко

«Вывад расійскіх войскаў з Беларусі»

Марына, 34 гады, Польшча

Мы — сям’я з двума дзецьмі і, скажу шчыра, не змагары з рэжымам, а звычайныя людзі, якія займаюцца сваім жыццём. Хоць бы таму, што ў старэйшага з дзяцей ёсць пэўны дыягназ, і ён патрабуе ўвагі. Муж працуе ў IT. З’ехалі з Беларусі ў 2021-м, калі стала зусім ясна, куды рухаецца краіна. Мабыць, пунктам невяртання стаў якраз разгром TUT.BY — сумневаў у тым, што будзе ўсё больш «не да законаў», не засталося.

Малодшае дзіця прывыкла хутка, а вось адаптацыя старэйшага праходзіла няпроста. У пэўны момант былі думкі вярнуцца, ды і цяпер часам праскокваюць. Магчымасць вяртання ў Беларусь я не адкідаю, але з кожным днём варыянт «застацца за мяжой» усё больш пераважвае «вярнуцца».

Часам думаю: што было б, калі б мы не з’ехалі? У першую чаргу разглядаю праз прызму старэйшага дзіцяці з асаблівасцямі. У 5 клас яно мусіла пайсці ў верасні 2022 года. У пачатковых класах яно вучылася ў выдатнай настаўніцы, якая змагла знайсці падыход, мы ёй вельмі ўдзячныя. Але далей патрэбная спакайнейшая абстаноўка, невялікія класы, дзе настаўнік зможа ўлічыць моманты дзіцяці.

Для нас адзіны разумны выхад — прыватная школа і заняткі па праблемных момантах па-за ёй. Ну, а бліжэй да 11 класа пры неабходнасці можна было б узяць дадатковыя заняткі ў цэнтры Яўгена Лівянта. І вось улада заяўляе, што прыватныя школы трэба закрыць. Выбар для такіх сем’яў, як нашая, цяпер у Беларусі практычна знішчаны. У снежні затрымалі Яўгена Лівянта. Яшчэ мінус «цаглінка» ў планаванні будучыні.

Разам: па адукацыйным маршруце ў Беларусь вяртацца няма куды. І гэта я маўчу пра тое, колькі высакакласных спецыялістаў у галіне адукацыі, медыцыны і іншых пакінула краіну.

Што мусіць адбыцца, каб мы вярнуліся? Першае і самае галоўнае — каб стала «да законаў», каб яны выконваліся. Другое — падзел галін улады, каб законы не пісаліся па ўказцы аднаго чалавека. Трэцяе — перагляд таго беззаконня, якое адбывалася ў краіне за апошнія гады і працягвае адбывацца дагэтуль. Ну і чацвёртае — адысці ўбок ад Расіі ва ўкраінскім пытанні.

Мы не актыўныя ўдзельнікі пратэстаў, так што перашкодаў да вяртання няма. Але нават мы не разглядаем магчымасць вярнуцца ў тую краіну, у якую Беларусь ператварылася цяпер. Колькі камісій па вяртанні ні стварай.

Мікіта, 54 гады, Грузія

Я з’ехаў з Мінска ў сакавіку 2022 года, працую праграмістам. Для мяне ўмовай для вяртання магла б стаць поўная амністыя па пратэсных артыкулах за «правапарушэнні» ў перыяд 2020−2022 гадоў.

Кірыл, 51 год, Кіпр

Вярнуцца ў Беларусь можна будзе, калі ўлады вызваляць усіх палітвязняў і спыняць рэпрэсіі, пачнуць крымінальны пераслед службовых асобаў, вінаватых у беззаконнях, і нарэшце адмовяцца ад падтрымкі РФ і запатрабуюць вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

Апошняя ўмова абавязковая, бо яна стала б свайго роду гарантыяй незваротнасці пераменаў і нармалізавала б стасункі з Захадам, стварыла б умовы для супрацоўніцтва з ім. Без гэтага мне ў Беларусі проста няма чаго рабіць. Але нават у гэтым выпадку я б яшчэ падумаў, вяртацца ці не. Жыццё на чужыне ўжо неяк нармалізавалася, дзеці ходзяць у добрую школу, з’явіліся сябры і знаёмыя, хобі і іншыя радасці. Мы паціху пускаем карані на новым месцы, і не вельмі хочацца зноў іх вырываць, як бы мы ні сумавалі па Радзіме.

Кацярына, 30 гадоў, Польшча

Я з’ехала з Беларусі адразу пасля пачатку вайны, балазе была віза. Жыць у Беларусі было страшна, але з’язджаць страшней. А пасля пачатку вайны першы страх усё ж пераважыў.

Пры цяперашняй уладзе я вяртацца жыць у Беларусь не гатовая. Рэпрэсіі не спыняюцца, любыя такія ініцыятывы, як камісіі па вяртанні, я ўспрымаю як фарс. Гэта ўжо было ў пачатку 1930-х: частку інтэлігенцыі вярнулі, каб потым выслаць іх у лагеры або расстраляць.

Я проста адна з дзясяткаў тысяч кваліфікаваных спецыялістаў, карысных і беспраблемных для любой цывілізаванай краіны. А цяпер жыву ў Польшчы і плачу падаткі і адлічэнні памерам з сярэдні польскі заробак. Свабодна тлумачу дачцэ, што ў жыцці здараецца так, што злыдні носяць форму, а героі сядзяць у турме. Яна сябруе ў садку з украінскімі і польскімі дзецьмі, цікавіцца беларускай культурай, свабодна гаворыць на польскай і, мяркуючы па ўсім, выдатна сябе адчувае. Найлепшае ад пераезду — я не ўздрыгваю ад шоргату пад дзвярыма. Гляджу і лайкаю што хачу. Магу планаваць больш чым на тыдзень наперад.

Ці цяжка будаваць жыццё за мяжой? Цяжка. Трэба вучыцца новаму, працаваць, арганізоўваць побыт. Аднак за падаткі ў мяне і тут ёсць медыцына, адукацыя і інфраструктура. А яшчэ ёсць магчымасці, якіх у Беларусі цяпер відавочна менш, і ўсе бачаць, куды яно коціцца.

Я сумую па Беларусі, і мне хочацца рабіць дабро краіне, але не дзяржаве. Падтрымліваю сваякоў палітвязняў і былых палітвязняў, і кожны дзень у мяне баліць за людзей.

Адзінае, што я дапускаю пры цяперашняй уладзе: я змагу наведваць у Беларусі родных, калі гіпатэтычна ператрусы і затрыманні стабільна спыняцца на паўгода і больш. Калі буду бачыць, што няма праблемы з’ездзіць туды і вярнуцца назад. Але вяртацца цяпер, а тым больш з нейкімі «пладамі пакаяння» — выбачайце.

Фото: Минобороны Беларуси
Расійскія вайскоўцы ў Беларусі. Фота: Мінабароны Беларусі

Чые заявы гатовая разгледзець камісія

У інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» Андрэй Швед падкрэсліў, што прапанаваныя меры па вяртанні ў Беларусь датычаць толькі тых грамадзян, якія ўчынілі менш цяжкія злачынствы альбо злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Ён адзначыў, што беларусы, якія праходзяць па «цяжкіх і асабліва цяжкіх» артыкулах, — гэта «зусім іншая гісторыя», а таксама падзяліў беларусаў, што з’ехалі, на тры катэгорыі.

Да першай ён аднёс тых, хто «шчыра памыляецца наконт наяўнасці прэтэнзій з боку дзяржавы» — ім абяцаюць гэта растлумачыць. Да другой — тых, хто здзейсніў нязначныя правіны, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, але пры гэтым людзі «памыляюцца адносна наступстваў сваіх дзеянняў». Да трэцяй — тых, хто здзейсніў менш цяжкія злачынствы, раскаяўся, «публічна пра гэта заявіў, выклаў свае матывы раскаяння, запэўніванні».

Нагадаем, пра стварэнне камісіі Аляксандр Лукашэнка заяўляў яшчэ ў студзені 2022 года падчас паслання беларускаму народу і парламенту:

— Перш чым вы, каму трэба, хто гэтага заслужыў па законе, адседзіце ў месцах не так аддаленых, мы створым грамадскую камісію. Ну, напрыклад, сустаршынямі могуць быць генеральны пракурор. Ну і наш вяшчальнік — Рыгор Азаронак. Два сустаршыні. І будзем арыентавацца на рашэнні гэтай камісіі. Туды ўвойдуць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, нашыя парламентарыі, дэпутаты і сенатары. Мы гатовыя вырашаць гэтую праблему.

Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская адрэагавала на стварэнне камісіі для працы з беларусамі, якія з’ехалі, і заявіла, што ніякія ініцыятывы ўладаў не могуць гарантаваць бяспеку тым, хто вярнуўся.

Яна нагадала, што толькі за 2022 год на мяжы затрымалі 52 чалавекі, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», якія спрабавалі вярнуцца ў краіну, а таксама заклікала беларусаў не верыць абяцанням і гарантыям уладаў.

— Паклапаціцеся пра сваю бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх. Не дайце сябе падмануць, — заключыла лідарка дэмсілаў.