У канцы красавіка стала вядома, што Шры-Ланка, якая набірае папулярнасць у беларускіх турыстаў, мяняе парадак выдачы віз, пры гэтым іх кошт значна вырас. Аднак неўзабаве ўлады краіны перадумалі і вярнулі танейшыя візы, піша тэлеграм-канал «Собирай рюкзак».
Уведзеныя нядаўна правілы меркавалі, што ўсе замежнікі, якія заязджаюць у Шры-Ланку пасля 1 траўня 2024 года і для якіх не дзейнічае бязвізавы рэжым (у тым ліку беларусы), павінныя загадзя атрымліваць электронную візу праз сайт візавага цэнтра VFS Global.
Замест 30-дзённай увялі самую кароткую даступную візу тэрмінам 6 месяцаў, можна было таксама папрасіць візу на год, 2, 5 або 10 гадоў. Аднак пры гэтым кошт дакумента таксама павялічыўся: для беларусаў самая танная ланкійская віза пачала каштаваць 100,77 даляра, то-бок у два разы даражэй, чым раней.
Ужо праз тыдзень пасля ўступлення зменаў у сілу ўлады Шры-Ланкі перадумалі і вярнулі магчымасць атрымаць візу на 30 дзён па старым кошце — 50 даляраў: высветлілася, што з новым раскладам віза Шры-Ланкі атрымлівалася самай дарагой з усіх краін Азіі, дзе за візы спаганяюць у два-тры разы меншы збор ці ён адсутнічае наогул.
Таксама прапанавана пачаць разбіральніцтва з нагоды немалых памераў сэрвісных збораў візавага цэнтра (ВЦ) VFS Global, праз платформу якога цяпер трэба афармляць e-Visa.
Такім чынам, на сайце візавага цэнтра зноў з’явілася катэгорыя візы ў Шры-Ланку на 30 дзён — 30 Days Single entry Visa, у тым ліку для грамадзян Беларусі.
Выніковы кошт візы на фінальным этапе аплаты — 50 даляраў (з іх 40 даляраў — кошт самой візы і 10 даляраў — сэрвісны збор ВЦ), дадатковай камісіі аплатнай сістэмы няма.
Па-ранейшаму даступныя для афармлення астатнія катэгорыі віз — ад 6 месяцаў да 10 гадоў.
Таксама ёсць інфармацыя, што 30-дзённую візу (і астатнія катэгорыі) можна атрымаць па прылёце ў Шры-Ланку, як і раней, але дакладных пацверджанняў гэтаму пакуль няма.
Праграму бясплатных віз для грамадзян Расіі, Кітая, Індыі, Японіі, Малайзіі, Тайланда і Інданезіі таксама працягнулі.
Нагадаем, паводле звестак SLTDA (займаецца рэгуляваннем турыстычнай галіны краіны), у 2022 годзе Шры-Ланку наведаў 3621 беларус, а ў 2023-м там пабывала 10 969 нашых суайчыннікаў.
Непасрэдных авіярэйсаў паміж Мінскам і сталіцай Шры-Ланкі Каломба няма, можна ляцець праз Абу-Дабі, Дубай (ААЭ) або Доху (Катар), а таксама з Масквы.
Турыстычны сезон у Шры-Ланцы доўжыцца з кастрычніка да траўня, у гэты час тут практычна няма дажджоў, а тэмпература трымаецца на сярэднегадавой адзнацы 28−30 градусаў. Аднак кожны курорт мае свае асаблівасці.
Чытайце таксама