У сераду, 21 жніўня, стала вядома пра тое, што ў Германіі затрымалі каля 40 беларускіх турыстаў, якія ехалі ў Іспанію. У іх усіх былі грэцкія шэнгенскія візы, і ўсе яны па гэтых візах ехалі першы раз. Нямецкая паліцыя палічыла парушэннем той факт, што замест Грэцыі яны ехалі ў Іспанію. Візы анулявалі, людзей адправілі дадому. Але чаму да турыстаў узніклі пытанні? Хіба нельга з шэнгенскай візай падарожнічаць па ўсіх краінах Шэнгенскай зоны? «Люстэрка» пагаварыла з візавым кансультантам і вывучыла заканадаўства.
Візавыя пытанні ў краінах ЕС рэгулюе спецыяльны Візавы кодэкс, прыняты ў 2009 годзе. У ім гаворыцца, што віза можа быць адкліканая ці ануляваная, калі «становіцца відавочным, што ўмовы яе выдачы больш не выконваюцца». Прасцей кажучы, калі падчас падачы дакументаў на візу вы адзначылі ў анкеце, што атрымліваеце яе для падарожжа ў Грэцыю, а насамрэч паехалі ў Іспанію. Як у выпадку з беларускімі турыстамі.
Пры гэтым візу можа адклікаць як сама краіна, якая яе выдала, так і тая дзяржава, на тэрыторыі якой выявілі парушэнне. Менавіта таму нямецкая паліцыя анулявала грэцкія шэнгены.
Але хіба нельга па шэнгенскай візе бываць у любой краіне, якая ўваходзіць у Шэнгенскую зону? Тут ёсць нюансы, кажа візавая экспертка і рэдактарка visaflow.live Анастасія Лысакоўская.
Паводле яе, калі віза аднаразовая і выдадзеная пад паездку, то нямецкая паліцыя ў выпадку з беларусамі мела рацыю:
— Калі віза аднаразовая, то відавочна, што чалавек, які едзе ў Іспанію, не трапіць па гэтай візе ў Грэцыю. Гэтая логіка цалкам адэкватная, і крытыкаваць рашэнне нямецкіх спецыялістаў падставаў няма. Уладальнікі аднаразовых візаў у гэтым выпадку выкарыстоўвалі іх без заезду ў краіну прызначэння. Гэта фундаментальнае парушэнне правілаў перасячэння межаў Шэнгенскай зоны і мэтавага выкарыстання візаў.
Кажучы пра групу затрыманых турыстаў, прадстаўнікі амбасады Беларусі ў Германіі згадвалі, што з аўтобуса знялі тых, «у каго была першая паездка». Няўжо спрацавала «правіла першага ўезду»?
— Турыст можа заехаць наўпрост у краіну выдачы візы альбо праз краіны Шэнгенскай зоны, якія мяжуюць з краінай пражывання, — тлумачыць Анастасія. — Правілы ўезду не былі тут строга парушаныя, бо з Грэцыяй [у Беларусі] няма прамых авіязносін. Але былі парушаныя правілы мэтавага выкарыстання візы, бо турысты не змаглі пацвердзіць, што яны па гэтай візе будуць знаходзіцца ў Грэцыі.
Пры гэтым з 62 беларускіх турыстаў, мяркуючы з інфармацыі «Люстэрка», каля 20 усё ж змаглі паехаць далей. Чаму?
— Што да тых, хто паехаў далей, то там, хутчэй за ўсё, у пашпартах былі мульцівізы (гаворка пра шматразовыя візы. — Заўв. рэд.), — кажа экспертка. — Сутнасць у тым, што такая віза дае магчымасць падарожнічаць па ўсіх краінах Шэнгенскай зоны, у тым ліку з рознымі мэтамі (па гасцявой ці дзелавой візе турыстычныя паездкі дапускаюцца). Нават калі цяпер чалавек едзе ў Іспанію, гэта не выключае таго, што ён альбо ўжо быў у краіне, якая выдала візу, альбо будзе там у будучыні, калі віза яшчэ будзе дзейнічаць.
Атрымліваецца, што нельга зрабіць візу адной краіны і паехаць зусім па іншым маршруце? Могуць быць санкцыі?
— Увогуле, можна, і так робяць, але ёсць рызыка, — папярэджвае суразмоўніца. — То-бок калі віза ў вас аднаразовая і вы паедзеце з ёю ў іншую краіну Шэнгенскай зоны і нарвяцеся на праверку ўнутры іншай краіны, якая не выдала вам візы, вам трэба будзе пастарацца даказаць мэтавае выкарыстанне візы.
Экспертка нагадвае: унутры Шэнгенскай зоны няма пастаяннага ўнутранага кантролю. Аднак ёсць краіны, якія больш строга правяраюць выкананне правілаў уезду і перамяшчэння ўнутры зоны Шэнгенскага саюза, — гэта Германія, Бельгія, Нідэрланды. Таксама магчымы дадатковы кантроль на межах у выпадку правядзення буйных мерапрыемстваў.
Чытайце таксама