Нядаўна сеціва абляцелі фатаграфіі абвінавачанага па справе пра «захоп улады» Юрыя Зянковіча — ён моцна змяніўся за ўсяго два гады пасля суда. Экс-палітвязень Сяргей Пятрухін паказаў, як выглядаў пасля вызвалення ён сам: паводле блогера, ён страціў амаль 30 кг вагі за 2,5 гады калоніі.
Сяргей Пятрухін прызнаўся, што шакаваны выглядам моцна знясіленага Юрыя Зянковіча, якога нядаўна паказалі на дзяржТБ. Ён выклаў уласныя фота перад зняволеннем і адразу пасля вызвалення і расказаў, што за 2,5 года калоніі схуднеў на 27 кг.
«Думаю, што Юрый — значна больш, і ягоныя здымкі красамоўна сведчаць пра тое, што лукашэнкаўскі палон — гэта канцлагер. І ў гэтым Лукашэнка не адстае ад Гітлера», — напісаў Пятрухін.
Нагадаем, брэсцкі блогер, аўтар YouTube-каналаў Сяргей Пятрухін быў затрыманы 16 чэрвеня 2020 года. Яго абвінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у прыватнасці, у абразе суддзі, у абразе службовай асобы і ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Яму прызначылі тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 17 снежня 2022 года ён выйшаў на волю, але працягваў жыць у Беларусі. Толькі ў пачатку 2024 года яго эвакуявалі з краіны.