Як стала вядома 11 студзеня, у Ляхавіцкім лесе да смерці замерз нецвярозы 59-гадовы мужчына. Побач з ім знайшлі яго адзенне. Чаму так адбываецца, падчас прэс-канферэнцыі адказаў загадчык падстанцыі № 11 хуткай дапамогі ў Мінску Яўген Юдакоў.
Спецыяліст адразу адзначыў, што абставіны гэтага здарэння яшчэ трэба высветліць праваахоўным органам, але дапусціў наступнае:
«Але як здагадка — магчыма, ён намачыў сваё адзенне, і, натуральна, яму было досыць холадна ў прамоклым адзенні. І ў гэтай сітуацыі зняць прамоклае — лагічнае рашэнне. Але, імаверна, у яго не аказалася з сабой сухога адзення, каб у яго пераапрануцца», — сказаў Юдакоў.
Як піша Smartpress, у гэтым выпадку гаворка можа ісці пра даволі распаўсюджаную з’яву «парадаксальнага раздзявання». Упершыню яе апісалі нямецкія судмедэксперты ў 1995 годзе. Аўтары прааналізавалі 69 выпадкаў гібелі людзей ад пераахаладжэння з 1978 па 1994 год і выявілі, што кожнага чацвёртага замерзлага ў розных абставінах чалавека знаходзілі раздзетым.
Судмедэксперты мяркуюць, што раздзяванне падчас замярзання — вынік перыферычнай вазадылатацыі (пашырэння крывяносных сасудаў у целе са зніжэннем крывянога ціску), якая выклікае адчуванне цяпла. Чалавек у гэты момант адчувае хвалю жару і зрывае з сябе адзенне, чым яшчэ больш пагаршае сваё становішча.
Парадаксальнае раздзяванне вядомае і ў альпінісцкіх колах: зафіксаваныя выпадкі, калі замерзлых людзей знаходзілі раздзетымі ў пячоры ці ў снезе, а непадалёк ляжала іх акуратна складзенае адзенне.
Часцей за ўсё ад гіпатэрміі гінуць пажылыя або хворыя людзі, дзеці ці людзі ў стане наркатычнага або алкагольнага ап’янення.
Як зразумець, што вы атрымалі абмаражэнне, і як нельга грэцца
Юдакоў нагадаў, што часцей за ўсё абмаражэнне зазнаюць пальцы, нос, вушы. Першыя прыкметы, што нешта не так, — гэта страта адчувальнасці і белы колер скуры. А падчас іх сагравання пачынаецца рэзкі боль. Усе гэтыя прыкметы — падстава звярнуцца па медыцынскую дапамогу.
Не варта выкарыстоўваць для расцірання снег.
«Яго крышталі прыводзяць да дадатковай траўматызацыі скуры, якая ўжо пашкоджаная тэмпературай», — растлумачыў ён.
Не варта расціраць пашкоджаныя часткі гарэлкай ці спіртам — яны выклікаюць увільгатненне і дадатковае цеплаадвядзенне ад тканін.
Не рэкамендуецца сагравацца ў гарачай ванне. Пераахалоджаную частку цела трэба саграваць павольна: пачаць з досыць прахалоднай тэмпературы вады, паступова яе павялічваючы.
Апранайцеся цёпла і не курыце.
Насіце шапку, шалік, пальчаткі. Абутак не мусіць быць цесным. Медык папярэдзіў, што алкаголь пагаршае стан — дае адчуванне ўяўнага сагравання, пры якім складана зразумець, што вы змерзлі.
У моцны мароз пажадана шмат не хадзіць на дварэ. Акрамя таго, на ветры імавернасць атрымаць абмаражэнне нашмат вышэйшая.
Курэнне на марозе зніжае перыферычную цыркуляцыю крыві і робіць арганізм больш уразлівым да холаду.
Падчас маразоў пажадана не насіць металічныя ўпрыгожанні (пярсцёнкі, завушніцы) — метал у сілу сваёй цеплаправоднасці адводзіць цяпло ад цела, і можа ўзнікнуць пераахаладжэнне і абмаражэнне. Не варта і мачыць скуру.