Аўстралійскі стратэгічны аналітык і эксперт Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS) Мік Раян апублікаваў у Twitter свае меркаванні з нагоды магчымага развіцця расійска-ўкраінскай вайны зімой. На яго думку, змяненне ходу баявых дзеянняў, звязанае з замаразкамі, адкрывае перад УСУ новыя магчымасці — аднак для гэтага ім трэба вынесці ўрокі з канфлікту з удзелам СССР, які здарыўся больш за 80 гадоў таму. Расказваем, што прагназуе гэты эксперт.
Хто такі Мік Раян?
Аналітык, які з 2018 года ўзначальвае Аўстралійскі абаронны каледж, у пачатку жніўня гэтага года зрабіў у Twitter дэталёвы разбор украінскай ваеннай стратэгіі ў цяперашняй вайне — тады мы яго таксама публікавалі. Адстаўны генерал-маёр, які за тры дзесяцігоддзі вайсковай службы які прайшоў па прыступках кар’ернай лесвіцы шлях ад камандзіра ўзвода да камандзіра брыгады, прыдумаў для дзеянняў УСУ на фронце трапную назву — «стратэгія карозіі». З яе дапамогай украінскае камандаванне, на думку Раяна, разбурае ваенны патэнцыял Расіі на фізічным, маральным, інтэлектуальным і інфармацыйным кірунках.
Акрамя службы ў войсках за плячыма ў аўстралійскага генерал-маёра навучанне ў амерыканскім Універсітэце Новай Англіі (ступень бакалаўра ў галіне даследаванняў Азіі), Камандна-штабным каледжы і Школе перспектыўных баявых дзеянняў Корпуса марской пяхоты ЗША, Школе перспектыўных міжнародных даследаванняў амерыканскага Універсітэта Джона Хопкінса (ступень магістра ў галіне міжнародных адносін). Генерал выкладаў у Інстытуце сучаснай вайны Ваеннай акадэміі ЗША ў Вест-Пойнце. У сферы яго інтарэсаў — ваенная гісторыя і гісторыя ваеннага мастацтва, перадавыя тэхналогіі ваеннага прызначэння (асабліва штучны інтэлект і робаты), арганізацыйныя інавацыі.
Расійскі і ўкраінскі падыходы да зімовай вайны: што піша аналітык і што вядома гісторыкам
У пачатку паста, прысвечанага баявым дзеянням паміж расійскімі і ўкраінскімі вайскоўцамі блізкай зімой, генерал Раян праводзіць аналогіі з савецка-фінскай вайной 1939−1940 гадоў, вядомай у заходняй гістарыяграфіі як «Зімовая вайна». Па словах аўстралійскага аналітыка, яна была прыкладам барацьбы Давіда і Галіяфа — то-бок дзяржаваў і армій з несупастаўнымі на першы погляд ваеннымі патэнцыяламі. Эксперт адзначае, што фіны ў абароне прадэманстравалі разумнае выкарыстанне мясцовасці і ўмоваў надвор’я. Галоўная ж выснова з канфлікту 83-гадовай даўніны ў аўстралійца такая: нават суровай зімой можна весці войны і выйграваць бітвы; абодва бакі цяперашняй вайны пра гэта ведаюць і ніякай перадузятасці з нагоды вядзення баявых дзеянняў зімой у іх няма.
Мік Раян лічыць, што расійскі і ўкраінскі падыходы да вядзення вайны зімой будуць рознымі. Мэта Расіі — зацягнуць канфлікт да 2023 года. Ключавым элементам яе стратэгіі будзе вайна супраць украінскай энергетыкі, якая ўжо закранула каля 30% генеравальных магутнасцяў Украіны. Адключэнні электраэнергіі, вывад з ладу сістэм цэнтральнага ацяплення, разрыў замерзлых водаправодаў — усё гэта моцна ўдарыць па цывільным насельніцтве Украіны, зімы ў якой бываюць суровымі.
Пазбаўленне ўкраінцаў энергіі і цяпла ў самыя халодныя месяцы года Раян лічыць наўмыснай стратэгіяй Пуціна, скіраванай як на запалохванне насельніцтва, так і на аказанне ціску на ўкраінскае кіраўніцтва. Вынік, на які спадзяюцца расіяне, — спыненне супраціву з боку УСУ альбо дасягненне нейкага іншага кампрамісу, які задаволіў бы РФ.
Аўстралійскі генерал мяркуе, што ўжо прадэманстраваныя ўкраінцамі падчас вайны якасці (вынослівасць, стойкасць, вельмі высокая падтрымка жыхарамі дзеянняў УСУ па поўным выгнанні арміі агрэсара з Украіны) робяць такі вынік малаімаверным. Свае рэзоны ў гэтага меркавання ёсць.
Напрыклад, падчас той жа Зімовай вайны СССР таксама выкарыстаў метады паветранага тэрору супраць фінскага цывільнага насельніцтва. Ужо 30 лістапада 1939 года, праз тры гадзіны пасля пачатку ўварвання, савецкія самалёты бамбілі Хельсінкі. За час Зімовай вайны сталіца Фінляндыі падвяргалася бамбардзіроўкам восем разоў — на горад упала 350 бомбаў, ад якіх загінулі 97 чалавек, яшчэ 260 атрымалі раненні. Нейкага адчувальнага для савецкага боку эфекту гэтыя акцыі застрашвання не далі: фіны не паддаліся паніцы, не адправілі ў адстаўку вярхоўнага галоўнакамандуючага Карла Манергейма і не запатрабавалі ад урада неадкладнай капітуляцыі. Хутчэй, наадварот — іх воля да супраціву толькі ўзмацнілася.
Як адзначае Раян, магчыма, гэта ўжо разумее і Пуцін, — таму ён усё яшчэ спадзяецца, што ягоны энэргетычны шантаж у дачыненні да ЕС мацней паўплывае на насельніцтва краін Еўропы, якія падтрымліваюць Украіну і адначасова залежаць ад расійскіх энерганосьбітаў. Але і тут, падобна, яго надзеі не апраўдваюцца. Еўропа актыўна шукае (і знаходзіць) альтэрнатыўныя шляхі паставак нафты і газу, што ў сукупнасці з эканоміяй і загадзя сабранымі запасамі не дазволіла Пуціну сур’ёзна паўплываць на заходнюю падтрымку Украіны.
Украіна, якая ўпарта змагалася восем месяцаў з мэтай перахапіць ініцыятыву ў расіян, на думку Раяна, будзе старацца ў зімовы час захаваць наступальны імпульс, каб працягнуць вызваляць захопленыя раней расіянамі тэрыторыі. Але ў халодны час года УСУ падчас наступлення сутыкнуцца з новымі праблемамі. Пастаянны холад вельмі хутка знясільвае салдат. Цёплае адзенне, гарачая ежа і абарона ад непагадзі становяцца ключавымі фактарамі захавання іх баяздольнасці.
Як зіма ўплывае на тактыку і стратэгію
Мік Раян адзначае, што ва ўмовах снежнай зімы зніжаецца праходнасць колавай тэхнікі, а гэта непазбежна паўплывае на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне абодвух бакоў (дастаўку зброі і прадуктаў харчавання). З іншага боку, сучасная гусенічная ваенная тэхніка ва ўмовах украінскай зімы мусіць захаваць рухомасць.
Яшчэ адным вынікам халоднага перыяду будуць цяжкасці з тым, каб маскіраваць ваенныя машыны і пазіцыі. Апалае лісце абцяжарыць маскіроўку ў лясах, парках і лесапалосах, а больш кантраснае ў зімовы час інфрачырвонае выпраменьванне ад людзей і разагрэтых машын зробіць іх выдатнымі мішэнямі, добра прыкметнымі на халодным фоне. Зрэшты, у пэўнай ступені гэтая дадатковая ўразлівасць можа быць скампенсаваная абмежаваннямі, якія зіма накладае на выкарыстанне пілатаваных і беспілотных лётных апаратаў (у прыватнасці, у БПЛА, якія працуюць на акумулятарах, ад марозу зніжаецца далёкасць дзеяння).
Многія асаблівасці вядзення баявых дзеянняў у халоднае надвор’е моцна ўплываюць на характар ваенных аперацый. Але, як паказваюць згаданыя аўстралійцам прыклады (бітва за Ардэны ў снежні 1944 — студзені 1945 гадоў, Зімовая вайна 1939−1940 гадоў, бітва ля Чосінскага вадасховішча паміж войскамі ААН і добраахвотнікамі КНР у лістападзе-снежні 1950 года ў Карэі, інда-пакістанскія канфлікты на ледніку Сіячэн), зіма і холад не спыняюць войнаў.
Фінскі досвед для УСУ
Мік Раян лічыць, што ўкраінцы, якіх ён называе разумнымі стратэгамі і тактыкамі, маглі б выкарыстаць фінскі вопыт гадоў Зімовай вайны. У 1939 годзе фіны прыйшлі да высновы, што для паспяховага супрацьдзеяння значна больш шматлікаму і тэхналагічна мацнейшаму ворагу недастаткова толькі добра прыстасавацца да суровых прыродных умоваў. Гэтаму яны, зразумела, таксама далі рады — але галоўным складнікам іх эфектыўнай абароны стала распрацоўка новых формаў аператыўнага майстэрства, якія дазваляюць выкарыстоўваць геаграфічныя і кліматычныя ўмовы супраць дрэнна прыстасаванага да іх праціўніка.
Аўстралійскі генерал не раскрывае гэты свой тэзіс, але ён, безумоўна, мае рацыю па сутнасці. Савецка-фінская вайна мела шмат выпадкаў выкарыстання фінамі тактычных і аператыўных інавацый, якія дазволілі ім паспяхова стрымліваць нашмат мацнейшыя сілы Чырвонай арміі. Яскравым прыкладам можа служыць бітва пры Суамусалмі, якая пачалася ў канцы лістапада 1941 года на ўсходняй мяжы Фінляндыі.
Савецкае камандаванне, пачынаючы ўварванне ў Фінляндыю ў зімовых умовах, разумела ўсе недахопы такога рашэння, як і яго перавагі. Маючы вялікую перавагу ў танках і сродках матарызацыі ў цэлым, Чырвоная армія магла эфектыўней выкарыстоўваць іх у зімовы перыяд, калі шматлікія фінскія азёры, рэкі і балоты замярзаюць. Згодна з савецкай задумай, узмоцненая 163-я стралковая дывізія (больш за 15 000 чалавек, каля 40 танкаў, 120 гармат, сотні аўтамабіляў і некалькі тысяч коней) мусіла імклівым ударам праз мястэчка Суамусалмі на захад выйсці да Батнічнага заліва, раздзяліўшы Фінляндыю на дзве прыкладна роўныя па памеры часткі.
Фіны, якія мелі ў гэтым раёне толькі адзін батальён памежнікаў, не ўвязаліся ў самазабойчае лабавое сутыкненне, а дазволілі савецкай дывізіі і далучаным да яе часткам заглыбіцца ў сваю тэрыторыю, толькі турбуючы саперніка пастаяннымі флангавымі нападамі. Калі 163-я дывізія дайшла да Суамусалмі, падышлі невялікія фінскія падмацаванні і перарэзалі адзіную дарогу на ўсход — і савецкае злучэнне аказалася ў акружэнні.
Магчыма, дывізія змагла б прабіцца назад, да савецкай мяжы. Але гэта азначала б адмову ад стратэгічнай задумы. якая на паперы выглядала выдатна. Таму на дапамогу акружанаму злучэнню была адпраўлена яшчэ адна, 44-я, стралковая дывізія, узмоцненая бранятанкавай брыгадай. Новая дывізія, якая прыбыла, дарэчы, з Украіны, не мела нават нармальнага зімовага абмундзіравання. Фіны дазволілі і ёй заглыбіцца ў фінскую тэрыторыю, пасля чаго атакавалі, рассеклі на некалькі частак і знішчылі калону дывізіі, якая расцягнулася на 20 км па адзінай даступнай дарозе.
Часткі 163-й дывізіі (той, што штурмавала Суамусалмі) удалося вырвацца з акружэння па лёдзе замерзлага возера Кіянтаярві, але як злучэнне яна была разгромленая і перастала існаваць. Страты Чырвонай арміі савецкія і расійскія крыніцы ацэньваюць прыкладна ў 3 тысячы забітых, 2,2 тысячы зніклых без вестак і 1,4 тысячы параненых. Паводле фінскіх ацэнак, забітымі і параненымі РСЧА страціла каля 27,5 тыс.чалавек. Фіны пад Суамусалмі страцілі 300−350 чалавек забітымі і каля 600 параненымі.
Фінская тактыка і аператыўнае майстэрства падчас бітвы пад Суамусалмі была гнуткай і інавацыйнай на той час. Войскі, якія саступалі Чырвонай арміі ў механізацыі, мелі ва ўмовах паўночнай зімы большую рухомасць дзякуючы ўмеламу выкарыстанню лыж і санак. Пазбягаючы буйных бітваў з мацнейшым праціўнікам, фіны выдатна выкарыстоўвалі недахопы нерэалістычнага савецкага плана, стваральнікі якога не ўлічылі характару мясцовасці і асаблівасцяў дарожнай сеткі ў раёне меркаванага наступлення. У той жа час у выпадку неабходнасці фіны не баяліся выкарыстоўваць і лабавыя атакі — асабліва на завяршальным этапе бітвы, калі праціўнік ужо быў знясілены і дэзарганізаваны.
На тактычным узроўні цікавым фінскім ноу-хау было вызначэнне ў якасці прыярытэтных мэтаў савецкіх палявых кухняў — мэтаў, здавалася б, не самых відавочных. Іх знішчэнне ва ўмовах прыпалярных маразоў яшчэ больш аслабіла і дэмаралізавала савецкіх салдат.
Мік Раян чакае, што ўкраінцы, пераймаючы фінскі вопыт, змогуць выкарыстаць зіму ў сваіх інтарэсах.
Ёсць яшчэ адна аналогія з Зімовай вайной, на якую аўстралійскі аналітык звяртае ўвагу. Вайна 1939−1940 года стала толькі пачаткам больш працяглага канфлікту паміж Фінляндыяй і СССР. У чэрвені 1941-га, пасля пачатку нямецкага ўварвання ў СССР, савецкая авіяцыя нанесла ўдары па фінскіх гарадах і аэрадромах, пачаўшы новую гарачую фазу гэтага супрацьстаяння, вядомага ў Фінляндыі як «Вайна-працяг». Яна цягнулася да верасня 1944 года, калі Хельсінкі перайшлі на бок антыгітлераўскай кааліцыі. Вайна прывяла да гібелі, раненняў і знікнення без вестак больш чым аднаго мільёна чалавек. Мік Раян лічыць такое развіццё расійска-ўкраінскага канфлікту няўдалым, але цалкам магчымым.