Падчас размовы з журналістамі 14 лістапада прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў двойчы адмовіўся ад каментароў — з нагоды візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў вызвалены Херсон і наконт відэа з пакараннем смерцю былога байца ПВК Вагнера.
Дзмітрый Пяскоў пакінуў без каментароў візіт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Херсон.
«Мы пакідаем гэта без камэнтароў. Вы ведаеце, што гэта тэрыторыя РФ», — сказаў Пяскоў (цытата паводле «Интерфакс»).
Сёння, 14 лістапада, Уладзімір Зяленскі прыехаў у вызвалены Херсон.
Дзмітрый Пяскоў таксама не стаў каментаваць відэа пакарання былога байца ПВК, які здаўся ў палон украінцам.
«Няма ніякага каментара. Мы не ведаем, што гэта, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, — сказаў ён. — Гэта не нашая справа» (цытата паводле «Интерфакс»).
Нагадаем, што ананімны расійскі тэлеграм-канал апублікаваў відэа жорсткай расправы, як сцвярджаецца, над былым байцом з ПВК Вагнера, які апынуўся ў палоне ва ўкраінцаў і сцвярджаў, што збіраўся ваяваць на іх баку, — мужчыну разбілі галаву кувалдай.