Контрнаступленне Украіны на некалькіх напрамках відавочна пачалося — з гэтым цяпер згодныя абодва бакі. УСУ ідуць наперад, вызваляюць населеныя пункты, але перыядычна нясуць страты — у тым ліку ў бранятэхніцы, пастаўленай з Захаду. Разбіраемся, як ідзе, магчыма, самая важная ваенная аперацыя 2023 года і на якой стадыі яна цяпер.
Дзе праходзіць украінскае контрнаступленне
Апошнімі днямі ў інфармацыйнай прасторы ўсё часцей згадваецца так званы Урэмеўскі выступ. Вёска Урэмеўка (або Урэм’еўка — на некаторых картах яе пазначаюць так) размешчаная на захадзе Данецкай вобласці, побач з населеным пунктам Вялікая Навасёлка. На поўдзень ад гэтых двух пунктаў размешчаныя вёскі Няскучнае, Благадатнае, Макараўка і некалькі іншых — усе гэтыя пункты расіянам раней удалося захапіць (у той час як Вялікая Навасёлка і Урэмеўка заўсёды заставаліся за Украінай).
«Урэмеўскі выступ» сфармаваўся да пачатку лета 2022 года, калі расіянам удалося замацавацца ў Няскучным так, што і на ўсход, і на захад былі пазіцыі ўкраінскіх войскаў.
Пасля таго як лінія фронту акрэслілася ў чэрвені такім чынам, расіяне рэгулярна абстрэльвалі Урэмеўку, часам паведамлялася пра баі ў раёне выступу, аднак маштабных баявых дзеянняў там не вялося.
Акрамя «Урэмеўскага выступу» баі ідуць трохі на захад — УСУ ўдалося тут прасунуцца. Таксама ўкраінская армія атакуе ў раёне Арэхава — каля рэшткаў Кахоўскага вадасховішча. Нарэшце, УСУ працягваюць наступальныя дзеянні на флангах Бахмута, патроху прасоўваючыся наперад і адваёўваючы тэрыторыю (намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр тлумачыла шум, які расійскі бок падняў вакол украінскага контрнаступлення, жаданнем схаваць няўдачы РФ якраз у Бахмуце).
Якія ўдары галоўныя, а якія — дапаможныя або закліканыя адцягнуць увагу, гадаць, не ведаючы планаў камандавання ўкраінскай арміі, бессэнсоўна. У выніку галоўным можа аказацца любы з пералічаных напрамкаў (ці ўвогуле нейкі іншы).
«Планы любяць цішыню». Асноўныя падзеі наступу
Афіцыйныя асобы Украіны, якія ўсю вясну рабілі розныя намёкі на тое, дзе і калі будзе адбывацца контрнаступленне, у першыя дні чэрвеня рэзка змянілі тактыку. Украінскі істэблішмэнт перайшоў у рэжым радыёмаўчання, недвухсэнсоўна давёўшы да грамадскасці, што інфармацыі пра ход баявых дзеянняў будзе вельмі мала. Ганна Маляр яшчэ 4 чэрвеня каротка напісала ў сваім тэлеграм-канале: «Планы любяць цішыню. Абвяшчэння пачатку [контрнаступлення] не будзе».
Практычна адразу ж пасля гэтага пачалі з’яўляцца паведамленні прарасійскіх каналаў, што на Запарожскім фронце пачаўся рух з украінскага боку ў раёне Урэмеўкі. Іншыя крыніцы згадвалі наступ на «чатырох напрамках» Запарожскага фронту: ад Полагаў да той самай Урэмеўкі і пад Наваданецкім бліжэй да Вуглядара.
Медыйны эфект ад гэтых падзей быў невялікі — асноўную ўвагу на той момант забіраў чарговы рэйд Рускага добраахвотніцкага корпуса і Легіёна «Свабода Расіі», якія ваююць на баку УСУ, у Белгарадскую вобласць.
Між тым менавіта 4 чэрвеня з’явіліся першыя відэапацверджанні стратаў УСУ на Запарожскім напрамку — украінскія расследавальнікі адзначаюць, што на кадрах відаць да дзевяці адзінак тэхнікі, з іх адна падбітая. Зрэшты, ні заходніх танкаў, ні БМП сярод іх на той момант не заўважылі. Аднак пра танкавыя баі паведамлялася — у раёне Навадараўкі заўважылі паражэнне расійскай браніраванай машыны.
6 чэрвеня была знішчаная плаціна Кахоўскай гідраэлектрастанцыі — незалежна ад таго, каму здарэнне было больш выгаднае, гэта чарговым разам адцягнула ўвагу ад распачатага (здаецца) контрнаступлення. Мінабароны Расіі да гэтага часу ўжо наўпрост паведамляла пра тое, што Украіна вядзе наступ на «Урэмеўскі выступ» і страчвае там дзясяткі танкаў, уключаючы «Леапарды» (пра страты тэхнікі мы пагаворым асобна). Так ці інакш, да 6 чэрвеня стала зразумела, што менавіта Запарожская вобласць і паўднёвы захад Данецкай вобласці будуць найбліжэйшым часам месцам галоўных баёў.
7 чэрвеня цяжкія баі на Запарожскім напрамку працягнуліся, і ўжо на наступны дзень расійскія крыніцы пачалі масава паведамляць пра маштабную атаку УСУ недалёка ад населенага пункта Малая Такмачка (у раёне Арэхава — гэта самы заходні з участкаў, дзе наступаюць УСУ). Расійскі прапагандыст Аляксандр Коц называў гэты кірунак удару галоўным.
Менавіта гэтая атака, мабыць, стала першай, у якой украінскі бок страціў сучасныя браніраваныя машыны, пастаўленыя з Захаду, уключаючы як мінімум адзін танк Leopard A4 і чатыры БТР (пазней высветлілася, што танк быў больш сучаснай версіі — Leopard 2A6, а БМП было мінімум пяць — гаворка пра «Брэдлі»). Пра страты Украіны гэтым разам вырашыў выказацца (чаго звычайна не бывае) міністр абароны РФ Сяргей Шайгу, які заявіў пра больш чым 30 знішчаных украінскіх танкаў.
Праўда, у адрозненне ад большасці такіх заяваў расійскага боку, у гэтым выпадку факт быў бясспрэчны: пэўная колькасць «Леапардаў» і «Брэдлі» сапраўды знішчаная, пашкоджаная альбо кінутая. Вядомы ўкраінскі журналіст Юрый Бутусаў дапусціў, што тэхніка трапіла на шчыльнае міннае поле.
9 чэрвеня ўкраінскі бок паведаміў пра баі за населеныя пункты па лініі Наваданецкае — Няскучнае — Ляваднае: усе яны размешчаныя якраз у раёне «Урэмеўскага выступу». Тая ж крыніца агучыла інфармацыю пра баі «ад Лабковага да Малой Такмачкі», то-бок па ўсім Арэхаўскім напрамку з усходу на захад. Расійскі бок сцвярджаў, што ўсе атакі адбітыя, але ніякіх новых відэапацверджанняў стратаў УСУ не публікаваў. Частка расіян (як мінімум некалькі дзясяткаў) на адным з участкаў фронту з пазіцый проста ўцякла.
10 чэрвеня ўкраінскія войскі прасунуліся пад Арэхавым і Бахмутам. З Арэхаўскага напрамку з’явіліся відэапацверджанні пачатку штурму вёскі Лабковае — яно знаходзіцца на захад ад Малой Такмачкі, дзе напярэдадні ўкраінская калона трапіла пад удар.
А на поўдзень ад Бахмута, у раёне Маёрска, батальён УСУ атакаваў расійскія пазіцыі, прычым гэта адбылося на ўсход ад важнага канала Северскі Данец — Данбас. Падобна, УСУ фарсіравалі тут водную перашкоду і атрымалі пэўную свабоду дзеянняў.
У наступныя дні асноўныя навіны прыходзілі з «Урэмеўскага выступу». Ужо 11 чэрвеня асобны батальён тэрабароны «Арэй» паказаў відэа са сцягам у вёсцы Няскучнае. Ганна Маляр расказала, што на гэтым напрамку вызваленыя таксама вёскі Благадатнае (на поўдзень ад Няскучнага) і Макараўка. Агульнае прасоўванне на гэтым напрамку намесніца міністра ацаніла як «да 1500 метраў».
Расіяне ў гэты ж дзень выклалі фота вялікай колькасці падбітай тэхнікі УСУ — на здымках зноў былі два танкі Leopard 2A6, БМП Bradley і інжынерная тэхніка, уключаючы машыны размініравання Leopard 2R HMBV, пастаўленыя з Фінляндыі. Прарасійскія крыніцы паведамлялі, што калона была накрытая агнём на Арэхаўскім напрамку — то-бок прыкладна тамсама, дзе першая.
12 чэрвеня Ганна Маляр падвяла першыя вынікі наступу. УСУ ўдалося вызваліць сем населеных пунктаў: Лабковае, Ляваднае, Навадараўку, Няскучнае, Старажавое, Макараўку і Благадатнае (тут можна паглядзець іх размяшчэнне на карце). Большая частка гэтых паселішчаў, акрамя Лабковага, знаходзяцца ва «Урэмеўскім выступе» або побач з ім (Ляваднае і Навадараўка). Агульная плошча вызваленых тэрыторый, паводле Маляр, склала 90 квадратных кіламетраў. 13 чэрвеня можна было з упэўненасцю казаць, што Макараўка перайшла пад поўны кантроль УСУ — 137-й батальён 35-й асобнай брыгады выклаў пацверджанне поўнай зачысткі вёскі.
Страты
Самай значнай інфанагодай, звязанай з падзеямі контрнаступлення, сталі страты Узброеных сіл Украіны ў бранятэхніцы. Калі раней за падбітыя танкі Leopard 2 расійскай прапагандзе даводзілася выдаваць трактары, то цяпер стала вядома, што «Леапарды» і «Брэдлі» сапраўды падбіваюць.
Пры гэтым сапраўдны шторм прапаганды з расійскага боку 9−11 чэрвеня прыходзіў «у адны вароты» — украінскі бок, які выконваў рэжым радыёмаўчання, практычна не каментаваў тое, што адбываецца. У выніку СМІ РФ пішуць пра больш чым дзясятак знішчаных «Леапардаў», нават падлічваючы кошт (праўда, інфармагенцтва ТАСС пераблытала мадэлі і прысвоіла цану больш старога Leopard 1, якія яшчэ не пастаўляліся Украіне, рэальна страчаным Leopard 2). У сеціве шматкроць рэпосціліся адны і тыя ж фота падбітых танкаў і БМП Bradley, што магло стварыць уражанне, нібыта заходняя тэхніка гарыць паўсюдна і ўжо амаль уся знішчаная.
Падыходзіць да пытання варта з халоднай галавой. Паколькі гэтым разам, у адрозненне ад усіх папярэдніх, ёсць фота- і віэапацверджанні падбітай тэхнікі, яе можна падлічыць. Вядомы нідэрландскі блог Oryx, які спецыялізуецца на стратах тэхнікі, дэталёва падлічыў усе падбітыя, пашкоджаныя і кінутыя машыны за 8 і 10 чэрвеня, уключаючы ўсе заўважаныя заходнія танкі і БМП. Што ж атрымалася?
Паводле апошніх зводак, Украіна страціла за 8 і 10 чэрвеня 53 і 30 адзінак бранятэхнікі адпаведна, з іх адзін Leopard 2А4 і адзін Leopard 2A6 знішчанымі, а яшчэ адзін Leopard 2A6 — кінутым. Пасля да іх дадаўся яшчэ адзін такі ж танк кінутым. Разам — чатыры баявыя машыны. Чаму так мала на фоне лічбаў вышэй? Рэч у тым, што танк, нават той, што трапіў на міннае поле, імгненна не гіне — звычайна машына проста страчвае здольнасць рухацца, страціўшы гусеніцу або некалькі каткоў. Але пры наяўнасці эвакуацыйнай тэхнікі такі танк дастаткова проста эвакуяваць і адрамантаваць. Прыклады ўжо ёсць: спачатку з’явіліся кадры з Leopard 2А4, які адправілі ў тыл для рамонту, а потым — відэа, на якім браніраваная рамонтна-эвакуацыйная машына буксіруе Leopard 2A6 без гусеніцы.
Што да машын Bradley, то іх падбілі істотна больш — Oryx налічыў 16 штук. Гэта нямала, але большасць з іх (як і ўсе «Леапарды» і нашмат радзейшыя фінскія машыны размініравання) была пашкоджаная або знішчаная падчас дзвюх няўдалых атак на Арэхаўскім напрамку. ЗША, зрэшты, ужо абвясцілі пра новы пакет дапамогі Украіне — у яго ўвойдуць, акрамя іншага, 15 «Брэдлі» і 10 бронетранспарцёраў Stryker.
Пры гэтым за 8 і 10 чэрвеня страты Расіі, адпаведна, склалі 56 і 32 адзінкі тэхнікі, з іх 18 танкаў (Украіна страціла 13 — але частка, як мы памятаем, можа быць эвакуяваная і адрамантаваная). Былі знішчаныя, у прыватнасці, дзве досыць рэдкія цяжкія агнямётныя сістэмы «Санцапёк». Мяркуючы з усяго, УСУ актыўна выкарыстоўваюць ракеты «Хаймарсаў» з вальфрамавымі паражальнымі элементамі — такім боепрыпасам падбілі РСЗА «Град» і дзве самаходкі. Падчас спробы контратакаваць на «Урэмеўскім выступе» загінуў начальнік штаба 35-й агульнавайсковай арміі РФ генерал-маёр Сяргей Гарачоў — гібель афіцэраў такога ўзроўню сведчыць пра цяжкую сітуацыю для Расіі ў цэлым.
Такім чынам, можна абагульніць: за апошнія дні расіяне спынілі адну атаку УСУ на мінным полі, а другую адбілі артылерыяй. Страты бранятэхнікі ўкраінскай арміі ў тых атаках — гэта на дадзены момант амаль усе заходнія бронемашыны, страчаныя за час контрнаступлення. Вядома, гэта больш, чым раней (бо раней ні «Леапарды», ні «Брэдлі» не ўдзельнічалі ў баях і не гінулі), але значнасць стратаў расійская прапаганда, хутчэй, перабольшвае. Новых танкаў, мяркуючы з усяго, не падбілі, бо Мінабароны Расіі зноў пачало выдаваць за падбітую ўкраінскую тэхніку свае знішчаныя танкі.
Дык што, наступ Украіны ідзе паводле плану?
Мы не ведаем, бо планы не вядомыя нікому, акрамя ўкраінскага камандавання. Можна дастаткова ўпэўнена канстатаваць, што паўтарыць поспех Харкаўскага контрнаступлення не ўдалося — што зусім не дзіўна. У верасні 2022 года УСУ наступалі на парадзелыя рэшткі кадравай расійскай арміі, толькі злёгку разбаўленыя добраахвотніцкімі атрадамі.
З таго часу расіяне паспелі правесці мабілізацыю і прыкрыць свае абарончыя лініі міннымі палямі і траншэямі, пабудаваўшы «лінію Суравікіна». Як бачым, часам гэтая абарончая тактыка дзейнічае і прыводзіць да вельмі адчувальных стратаў УСУ.
Аднак, як мы ўжо адзначалі, гэтыя страты былі зафіксаваныя толькі на адным з участкаў фронту — а найбольшых поспехаў украінская армія дабіваецца на ўсход ад, ва «Урэмеўскім выступе» і часткова на флангах Бахмута. Імаверна, альбо атака была закліканая адцягнуць увагу, хоць і стратная, альбо ўкраінцы хутка памянялі планы і нанеслі ўдар там, дзе абарона слабейшая.
Тэарэтычна ўдар УСУ на поўдзень нясе шмат плюсаў: там узбярэжжа Азоўскага мора, там Бярдзянск і Марыупаль, вызваленне якіх і пераразанне сухапутнага калідора ў Крым стала б безумоўным поспехам контрнаступлення. Аднак да такога выніку яшчэ вельмі далёка. На карце ніжэй вы можаце ўбачыць месца размяшчэння расійскіх умацаваных ліній, нанесеныя аналітыкамі на аснове спадарожнікавых здымкаў.
Чорным чатырохвугольнікам і дзвюма пазнакамі ў верхняй частцы карты адзначаныя месцы, дзе цяпер праходзяць баявыя дзеянні. Ясна відаць, што асноўныя ўмацаванні яшчэ наперадзе — цяпер УСУ праходзяць так званае «перадполле», дзе могуць быць і мінныя палі, і варожыя гарнізоны і артылерыя, але няма суцэльных палос траншэяў, «зубоў цмока» і іншых абарончых збудаванняў. Найбліжэйшыя ўмацаванні чакаюць украінскае войска на поўдзень ад вёскі Старамлынаўка — расследавальнікі ўжо зрабілі разбор, што канкрэтна там знаходзіцца.
Словам, наступ у Данецкай і Запарожскай абласцях пакуль развіваецца, хутчэй, паводле сцэнара леташніх баявых дзеянняў пад Херсонам, а не пад Харкавам. Таму развязкі, мабыць, давядзецца чакаць яшчэ не адзін тыдзень.
Чытайце таксама


