У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што УСУ працягнулі спробы наступаць на Данецкім, Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што за суткі адбылося больш за 20 баявых сутыкненняў з праціўнікам.
Расказваем, пра што яшчэ гаворыцца ў зводках штабоў і ў высновах экспертаў на 523-і дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: працягнулі наступальныя аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках
За мінулыя суткі расійская армія нанесла чатыры ракетныя, 42 авіяцыйныя ўдары і правяла 76 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва, разбураныя жылыя дамы, паведамляе Генштаб УСУ.
За суткі адбылося больш за 20 баявых сутыкненняў з праціўнікам.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках войска РФ з мінамётаў і артылерыі абстраляла больш за 40 населеных пунктаў Чарнігаўскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку УСУ трымаюць абарону і адбілі атакі на ўсход ад Бераставога на Харкаўшчыну. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам расійскіх войскаў падвергліся шэсць населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.
— На Ліманскім напрамку войска РФ нанесла авіяцыйныя ўдары ў раёнах чатырох і абстраляла шэсць населеных пунктаў на Данеччыне і Луганшчыне.
— На Бахмуцкім напрамку праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах Кляшчэеўкі, Белай Гары і Канстанцінаўкі. Ад артылерыйскіх абстрэлаў пацярпелі больш за 20 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку авіяцыя РФ нанесла ўдар у раёне Аўдзееўкі. Артылерыйскім абстрэлам праціўніка падвергліся больш за 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку Сілы абароны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёнах Мар'інкі і Перамогі. Праціўнік абстраляў больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку расійская армія нанесла авіяцыйны ўдар у раёне Старамаёрскага, абстраляла тры населеныя пункты Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі засяроджваюць асноўныя намаганні на недапушчэнні далейшага прасоўвання УСУ. Нанеслі авіяўдар у раёне Зміеўкі Херсонскай вобласці. З артылерыі абстралялі больш за 25 населеных пунктаў Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай абласцей. У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла сем удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка.
— Знішчаныя чатыры ўдарныя беспілотнікі тыпу «Шахед-136» і чатыры разведвальныя БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі зенітна-ракетны комплекс, восем артылерыйскіх сродкаў на агнявых пазіцыях, дзве станцыі радыёэлектроннай барацьбы, а таксама два раёны канцэнтрацыі асабовага складу расійскіх сіл.

Мінабароны Расіі: Знішчылі цэх па зборцы беспілотнікаў для УСУ
Узброеныя сілы Украіны працягнулі спробы наступаць на Данецкім, Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках, заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі.
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў адбілі 11 атак УСУ ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка, Бераставое, Спірнае, Паўночнае, Мар'інка, Вадзяное і Маёрск Данецкай вобласці. Авіяцыя і артылерыя нанеслі ўдары па жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Краматорск, Навасёлаўка, Канстанцінаўка і Бераставое.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках падраздзяленні групоўкі войскаў «Усход» ва ўзаемадзеянні з авіяцыяй і артылерыяй нанеслі агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Новаданілаўка, Лясное, Праабражэнка, Малая Такмачка, Рабоціна і Арэхаў Запарожскай вобласці.
Адбітая атака УСУ ў раёне населенага пункта Старамаёрскае Данецкай вобласці. У раёне населенага пункта Успенаўка Запарожскай вобласці адбітая атака і знішчаныя тры ўкраінскія дыверсійна-разведвальныя групы. Таксама спыненая дзейнасць дзвюх дыверсійна-разведвальных груп у раёнах населеных пунктаў Марфаполь і Прыютнае.
— На Чырвоналіманскім напрамку падраздзяленнямі групоўкі войскаў «Цэнтр» пры падтрымцы авіяцыі і артылерыі адбітыя дзве атакі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Крамянная і Кузьміно Луганскай вобласці. Нанесенае комплекснае агнявое паражэнне падраздзяленням 21-й, 63-й, 67-й механізаваных і 25-й паветрана-дэсантнай брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Ямпалоўка, Тарское Данецкай і Кузьміно і Кармазінаўка Луганскай вобласці.
— На Купянскім напрамку штурмавыя атрады Заходняй групоўкі войскаў, якія падтрымліваліся артылерыйскім агнём і авіяцыяй, працягнулі наступальныя дзеянні ў раёне населенага пункта Куземаўка Луганскай вобласці і занялі больш выгадныя пазіцыі.
Паспяхова адбітая атака УСУ ў раёне населенага пункта Навасёлаўскае Луганскай вобласці. Акрамя таго, нанесенае комплекснае агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Чырвонае Першае, Двурэчная і Бераставое Харкаўскай вобласці.
Авіяцыяй, ракетнымі войскамі і артылерыяй за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 107 артылерыйскім падраздзяленням УСУ, жывой сіле і ваеннай тэхніцы ў 119 раёнах.
У раёне населенага пункта Вялікі Бурлук Харкаўскай вобласці знішчаны цэх па зборцы беспілотных лётных апаратаў для УСУ. У раёне населенага пункта Вясёлае Запарожскай вобласці пабітыя штаб і месца пражывання аператыўнага складу 35-й брыгады марской пяхоты УСУ. У раёне населенага пункта Дачнае Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 24-й механізаванай брыгады УСУ.
Сродкамі СПА збіты самалёт Су-25 Паветраных сіл Украіны. Перахопленыя 12 рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя 23 беспілотныя лётныя апараты.
Інстытут па вывучэнні вайны: УСУ вялі контрнаступальныя аперацыі мінімум на трох участках фронту
Расійскія ваенныя блогеры праігнаравалі ўкраінскі ўдар па Чангарскім мосце, які злучае акупаваную частку Херсонскай вобласці з Крымам. У Інстытуце па вывучэнні вайны (ISW) лічаць, што гэта можа сведчыць пра тое, што Крэмль загадаў ім устрымлівацца ад асвятлення пэўных тэмаў. Эксперты адзначаюць, што папярэдні ўдар УСУ па мосце 22 чэрвеня выклікаў бурнае абурэнне і абмеркаванне ў блогерскім асяроддзі. Гэтым разам пра ўдар паведаміў толькі кіраўнік акупацыйнай улады Херсонскай вобласці Уладзіміра Сальда, заявіўшы, што расійскія войскі перахапілі 12 украінскіх крылатых ракет Strom Shadow, скіраваных на мост, і адзін з мясцовых блогераў, які напісаў, што мост закрылі для руху. Раней ISW адзначаў, што некаторыя расійскія блогеры пасля арышту Гіркіна могуць баяцца пакарання Крамля і таму бываюць стрыманымі ў выказваннях. Аднак агульны страх перад пакараннем з боку Крамля наўрад ці прывёў бы да такога амаль паўсюднага маўчання, і больш імаверна, што гэта выклікана канкрэтнай дырэктывай Крамля не асвятляць збоі ў працы крытычна важных ліній сувязі, мяркуюць аналітыкі.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін назваў украінскае контрнаступленне перашкодай для мірных перамоваў. Падчас прэс-канферэнцыі на саміце «Расія — Афрыка» Пуцін заявіў, што Украіна пачала шырокамаштабны наступ, каб Расія не магла абмяркоўваць перамір'е, пакуль яе войскі абараняюцца ад украінскіх атак. Расійскія афіцыйныя асобы і раней выкарыстоўвалі тэму перамоваў у якасці зброі, каб абвінаваціць Украіну ў тым, што яна — той бок, які не жадае вырашаць канфлікт мірным шляхам, адзначаюць эксперты. Яны нагадваюць, што расійскія войскі амаль бесперапынна праводзілі свае атакі ў Луганскай і Данецкай абласцях яшчэ да пачатку ўкраінскага контрнаступлення, пра што Пуцін, натуральна, не згадаў.
- Украінскія войскі вялі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на трох участках фронту і на некаторых дамагліся значных поспехаў.
- Украінскія войскі вялі наступальныя дзеянні на паўднёвы захад і паўночны захад ад Бахмута і дамагліся поспехаў на гэтым напрамку.
- Украінскія сілы працягвалі наступальныя аперацыі на захадзе Данецкай вобласці і захадзе Запарожскай вобласці і дамагліся малаважнага прасоўвання.
- Расійскія войскі вялі наступальныя аперацыі на рубяжах Сватава — Крамянная і Аўдзееўка — Данецк, але пацверджаных поспехаў на гэтых участках не дабіліся.
- Расійскія крыніцы сцвярджалі, што расійскія войскі контратакавалі і вярнулі страчаныя пазіцыі ў заходняй частцы Данецкай і заходняй частцы Запарожскай абласцей.
- Паведамляецца, што 29 ліпеня ўкраінскія партызаны правялі дыверсію і знішчылі расійскую ваенную тэхніку ў акупаваным Марыупалі Данецкай вобласці.