Пасля паспяховай спецаперацыі ўкраінскіх спецслужбаў «Сініца», падчас якой расійскі пілот Максім Кузьмінаў перагнаў ва Украіну расійскі верталёт Мі-8, колькасць расійскіх вайскоўцаў, якія хочуць здацца ў палон, вырасла на 70%. Пра гэта ў эфіры «Радыё Свабода» расказаў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Андрэй Юсаў.
«Ёсць вялікі скачок па лініі „Хачу жыць“ асобна і па іншых каналах сувязі. Пасля паспяховай аперацыі „Сініца“ з Мі-8 і пілотам, скажам, павялічылася колькасць вайскоўцаў арміі РФ, якія разглядаюць для сябе такі сцэнар. Зварот у дзяржаўны праект „Хачу жыць“ — скачок адбыўся прыкладна на 70 працэнтаў за дзень», — заявіў Юсаў.
Пракаментаваў Юсаў таксама інфармацыю, якая разыходзіцца па тэлеграм-каналах, пра тое, што асобе, якая перадасць Украіне знішчальнік МіГ, дадуць два мільёны даляраў.
«Гэтая інфармацыя носіць больш характар такой легенды і народнай ініцыятывы. Але, вядома, узнагароджанне за МіГ будзе», — сказаў ён.
«Хачу жыць» — дзяржаўны праект Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, закліканы дапамагчы вайскоўцам РФ бяспечна здацца ў палон Украінскім узброеным сілам і захаваць сваё жыццё. Праект, як заяўляюць, гарантуе пры здачы ў палон ўтрыманне вайскоўцаў згодна з нормамі Жэнеўскіх канвенцый.