Амаль палова палякаў у той ці іншай ступені лічыць, што Расія можа напасці на Польшчу. Пра гэта сведчаць вынікі апытання United Surveys для RMF FM i Dziennik Gazeta Prawna.
Да 47% апытаных лічаць, што напад Расіі на Польшчу імаверны. Гэта на 16 працэнтных пунктаў больш, чым у аналагічным апытанні, праведзеным у траўні 2023 года. З іх 12% перакананыя ў тым, што такі напад адбудзецца, больш за 35% лічаць напад хутчэй імаверным.
Крыху больш за 38% рэспандэнтаў не згодныя з тэзісам пра магчымую расійскую агрэсію супраць Польшчы.
У рэспандэнтаў таксама пацікавіліся іх меркаваннем пра вынікі вайны ва Украіне. 47,4% апытаных лічаць, што канфлікт скончыцца знішчэннем абедзвюх краін. 14,1% упэўненыя, што пераможа Расія, 17,4% — што перамога будзе за Украінай.
Даследаванне было праведзенае шляхам тэлефоннага апытання United Surveys групы з 1000 чалавек 10−11 лютага 2024 года.