Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Зачем Беларуси пакистанские рабочие и готово ли общество их принять? Мнение Льва Львовского
  2. Основатель NEXTA попал в список Forbes «30 до 30»
  3. «Перад вачыма стаіць скурчаная Марыя Калеснікава, якую цягнуць з ШІЗА». Экс-палітзняволеная — пра жахі турэмнай медыцыны
  4. Литва ввела новый запрет в двух оставшихся пунктах пропуска на границе с Беларусью
  5. «Я снимаю, он выбивает телефон». Беларусский блогер Андрей Паук рассказал, что на него напали у посольства РФ в Вильнюсе
  6. «Мальчики не хотели причинить вреда девочкам. Они просто хотели их изнасиловать». История трагедии, в которую сложно поверить
  7. Что умеет программа, которой беларусские силовики «вскрывают» смартфоны? Рассказываем
  8. Чем занималась жена Лукашенко перед пенсией? Рассказываем, где работают некоторые члены семьи политика
  9. Кухарев заявил, что минчане получают по тысяче долларов в среднем. Но чиновник не учел важный момент
  10. Пропагандистку Ольгу Бондареву отчислили из университета
  11. Экс-муж Мельнікавай: Праз знікненне Анжалікі нікуды не заяўляў, не бачу сэнсу
  12. США отменили гранты на демократию для стран бывшего СССР, в том числе Беларуси
  13. Стали известны зарплаты старших сыновей Лукашенко
  14. Российские войска безуспешно пытаются вытеснить ВСУ из Белгородской и Курской областей — ISW
  15. К делу о пропаже Анжелики Мельниковой подключились польские спецслужбы. Вот что узнало «Зеркало»
  16. Азаренок заявил, что пророссийская активистка из Витебска — агентка Запада, живущая на деньги «пятой колонны»
  17. Лявончык пра Мельнікаву: «Ёсць інфармацыя адносна яе магчымага маршруту»
  18. В Польше подписан закон, который касается и беларусов. Что меняется для мигрантов
  19. «Впервые за пять лет попросили показать второй паспорт». Как проходят проверки на границе Беларуси с ЕС
  20. «То, что Лукашенко не признал Крым, страшно раздражало Путина». Большое интервью «Зеркала» с последним послом Украины в России
Читать по-русски


З сакавіка гэтага года Белстат не публікуе дадзеных па аб’ёмах прамысловай вытворчасці ў дрэваапрацоўцы і экспарце. Даведвацца пра сітуацыю ў галіне застаецца ад прадстаўнікоў гэтага бізнесу. Спыталі, як у іх справы з экспартам на звыклы, але практычна закрыты для іх рынак ЕС, ці ёсць патэнцыял на ўнутраным і як складанасці ў галіне адбіліся на фінансах і занятасці.

Фото TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота TUT.BY

Еўрасаюз з 2 сакавіка ўвёў санкцыі ў дачыненні да беларускай драўніны. Яны закранулі дрэваапрацоўку пад спецыяльным кодам 44. Пры гэтым у ЕС пакінулі магчымасць выканаць да 4 чэрвеня заключаныя раней кантракты. Абмежаванні ўступілі ў поўную сілу з пачатку чэрвеня.

Мы ўжо пісалі раней, як дрэваапрацоўка спрабуе даць рады санкцыям. Прачытаць гэтыя матэрыялы можна тут і тут.

Агульная сітуацыя не найлепшая

Сітуацыя ў галіне не вельмі добрая, расказвае Валянцін (імёны суразмоўцаў у тэксце змененыя), абапіраючыся на асабісты вопыт і тое, што бачыць вакол.

— Усе расказвалі пра «чароўны Кітай», а цяпер усе замаўчалі, зразумелі, што з ім нічога не выходзіць. Цана там правалілася настолькі, што па ёй могуць працаваць толькі лясгасы, і тое незразумела, з якім прыбыткам. Гэта звязана з тым, што для іх лес бясплатны, — кажа Валянцін. — У цэлым жа цэны на рынку праселі, да таго ж лясгасы ўвесь час гатовыя прагінацца ў цане больш, чым іншыя вытворцы, забіраючы рынак сабе, проста таму што ў іх ёсць лініі, ёсць абавязанні, ім трэба загружаць вытворчасць. А цана для іх не такая важная, як для прыватнікаў.

Паводле яго словаў, з прыходам зімы пачнецца «мёртвы сезон», значыць, цана на прадукцыю зноў упадзе. Гэта акажа дадатковы ціск на ўдзельнікаў рынку.

Унутраны рынак застаецца невялікім, і грошай на ім «зусім няма», нягледзячы на тое, што нядаўна ў Беларусі змянілі правілы продажу драўніны.

— Гэта цікавая форма клопату пра пакупнікоў: калі цэны былі высокія, ніхто пра гэта не думаў, а калі цэны ўпалі і падзець лес стала няма куды, яны вырашылі, што трэба забяспечыць унутраны рынак, асабліва для тых, хто летась нешта купіў, — каментуе ён паляпшэнне ўмоваў для беларускіх спажыўцоў.

Яшчэ адзін прадстаўнік галіны, Васіль, кажа, што справы са збытам сталі зусім дрэннымі.

— Нашая прадукцыя (піламатэрыял будаўнічы, тарная дошка, дровы) трапіла пад дзеянне санкцый. Таму экспарт у ЕС спыніўся цалкам. Невялікі працэнт прадукцыі адгружаем на ўнутраны рынак, але і тут ёсць свае нюансы. На ўнутраны рынак мы адгружалі паддоны, але пасля з’яўлення дакументаў аб абмежаванні і рэгуляванні цэн попыт значна зменшыўся.

Рынак Еўрасаюза: ручаёк экспарту захаваўся

Летась на рынку ЕС беларускія дрэваапрацоўчыя кампаніі зарабілі 3,2 млрд даляраў. Цяпер пра такія маштабы кампаніі нават не думаюць, а імкнуцца захаваць ці аднавіць хоць нейкі аб’ём экспарту калісьці самага прывабнага экспартнага рынку для гэтай галіны.

Беларускія вытворцы знайшлі некалькі спосабаў працягваць пастаўляць сваю прадукцыю ў краіны Еўрасаюза, дзе дзейнічаюць санкцыі супраць нашай дрэваапрацоўкі. Некаторыя схемы цалкам легальныя, а некаторыя, хутчэй, «шэрыя, бліжэй да чорных», прызнаўся Валянцін. Паводле яго словаў, некаторым яго канкурэнтам удаецца працаваць па шэрых схемах, але гэта заўсёды нясе вялікія рызыкі — ад фінансавых стратаў да крымінальных справаў у краінах ЕС.

Але нават праца па празрыстых схемах, як кажа прадстаўнік галіны, можа прывесці да павышанай увагі кантралявальных органаў і паліцыі ў краінах Еўропы. У пастаўшчыкоў затрымліваюць машыны з грузам часам на некалькі тыдняў ці месяцаў, праводзяць праверкі — і нават калі з таварам усё добра, гэта, зноў жа, нясе дадатковыя страты, у першую чаргу фінансавыя.

Вячаслаў — прадстаўнік кампаніі ў дрэваапрацоўцы, якая шмат гадоў працуе на беларускім і еўрапейскім рынках. У тым ліку яна вырабляла мэблю для вядомых сусветных брэндаў. Са словаў Віталя, пасля таго як прадукцыя кампаніі трапіла пад санкцыі, а таксама пасля анулявання для Беларусі сертыфікатаў Ляснога апякунскага савета (FSC), у фірме вырашылі хутчэй шукаць альтэрнатыўныя рашэнні. Знайшлі яго ў дадатковай апрацоўцы дрэва. Гэта дазволіла законна перавесці прадукцыю ў разрад таварнага кода, які не трапіў пад санкцыі. Хоць пастаўляць цяпер гэтую прадукцыю ўдаецца толькі аднаму пакупніку з Польшчы, які раней закрываў 50% вытворчасці кампаніі.

Але як толькі вырашылася гэтае пытанне, польская фірма змяніла ўмовы супрацоўніцтва, усклаўшы ўсе выдаткі і рызыкі ў працэсе дастаўкі на пастаўшчыка. Да гэтага дадаліся «непад'ёмныя фрахты перавозчыкаў, павялічыліся працэнты банкаў па абслугоўванні крэдытаў».

— Але ў ЕС бізнес з намі гатовы працаваць і працуе, таму што там таксама людзі і там таксама кантракты. Усе хочуць працаваць. Вырашаюць хто як можа, — кажа ён, удакладняючы, што кампаніі дагэтуль спрабуюць наладзіць пастаўкі і ў іншыя краіны Еўропы.

Унутраны рынак: попыт нізкі

Вячаслаў кажа, што яго прадукцыя кампаніі ў Беларусі не асабліва запатрабаваная, бо гэта не канчатковы прадукт, то-бок не гатовая мэбля, а нарыхтоўка для мэблевых вытворчасцяў. Заказы бываюць, але гэта абмежаваныя партыі і нерытмічныя ў вытворчым плане.

— Праца на ўнутраны рынак упіраецца ў нізкі плацежаздольны попыт. Я асабіста не бачу перспектываў для развіцця ў дадзеным кірунку, — расказвае Васіль. — Адзін з нашых кірункаў унутранага рынку — гэта продаж дроваў насельніцтву і арганізацыям. Але і тут ёсць спад: людзі эканомяць грошы. Некаторыя юрасобы, нашы пастаянныя кліенты, папросту закрыліся. Да таго ж грае ролю значна ўзрослая канкурэнцыя.

Рынак Расіі: высокая канкурэнцыя і шэраг абмежаванняў

— У Расіі ёсць вельмі нядрэнныя пакупнікі, але на гэтым рынку ёсць шмат «але». Па-першае, у Расіі ёсць свой лес, прычым якасць прадукцыі, якая ў іх пастаўляецца, заведама вышэйшая. Па-другое, там ёсць свае сур’ёзныя вытворцы, якія таксама сутыкнуліся з закрытым экспартам, і яны пачалі працаваць на свой рынак, — кажа Валянцін.

У цэлым, працягвае ён, тыя, хто спрабуе пастаўляць прадукцыю ў Расію, сутыкаецца з трыма праблемамі. Гэта розныя сістэмы ацэнкі якасці. Бо ў Расіі шырэйшая шкала градацыі якасці драўнянай прадукцыі, беларускія пастаўшчыкі і расійскія пакупнікі не заўсёды могуць дамовіцца.

— У нас жа прывыклі ўсё складаць у адзін пачак і адпраўляць у Еўропу — хай яны самі разбіраюцца. З Расеій такая схема не пракатвае. Другое пытанне — гэта ўвазны ПДВ: калі пакупнік там не аплаціць яго, то на тэрыторыі Беларусі пастаўшчыку яго не вернуць. Трэці — культура працы бізнесу. Было такое, што людзі прывозілі тавар у Расію, а ім раптам казалі, што купяць за паўцаны, — кажа бізнесовец.

Фото TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота TUT.BY

— Рынак РФ для нас наогул не варыянт. Рэч у тым, што з прычыны санкцый для Расіі экспарт закрыты цалкам, яны не могуць нават мэблю прадаваць у ЕС, у адрозненне ад Беларусі. Большасць нам вядомых вытворцаў з РФ практычна на мяжы закрыцця і банкруцтва, а гэта сярэдні бізнес з добрымі магутнасцямі, з недарагой сыравінай і таннай працоўнай сілай, — каментуе перспектывы ўсходняга напрамку Вячаслаў.

Знайсці сябе на іншых рынках няпроста

Нашыя суразмоўцы расказалі, што беларускія кампаніі пачалі больш працаваць на рынках Азербайджана, Кыргызстана, Грузіі. Але і там, паводле словаў Валянціна, не заўсёды справы ідуць гладка. Бывае, што заказваюць якія-небудзь спецыяльныя памеры, а потым іх не забіраюць. Паколькі краіны знаходзяцца далёка, а лагістыка праз санкцыі і іншыя абмежаванні ўскладнілася, то прадукцыя часам даходзіць да пакупніка праз пару тыдняў не ў найлепшым выглядзе, а часам і сапсаваная, напрыклад, зацвілая.

Буйныя вытворчасці спрабуюць працаваць на рынках Ірана, Ірака, Егіпта і нават Ізраіля. «Асабіста не пастаўляў, хоць запыты былі», — прызнаецца Валянцін. Цана прапановаў ад контрагентаў з гэтых краін вышэйшая, чым на рынках Расіі або іншых постсавецкіх дзяржаваў.

Вячаслаў дадае, што шмат у каго не атрымліваецца працаваць з Кітаем, таму што ў беларускіх прадаўцоў няма ведаў і паняцця пра асаблівасці кітайскага менталітэту, вопыту зносін у бізнес-асяроддзі гэтай краіны.

— Кітайцы — складаныя перамоўнікі, складаныя кліенты. З транспартнай лагістыкай таксама вельмі складана. Калі раней фрахт 40-футавага кантэйнера ў порт Шанхая праз Клайпеду каштаваў 1600−1700 даляраў, то па чыгунцы прапануюць фрахт за 7000−9000 даляраў, — тлумачыць ён.

Васіль кажа, што пастаўкі ў Кітай абмяжоўваюцца праблемамі з вагонамі і квотамі ў гэтым пытанні для лясгасаў. «Нам [прыватнікам] дастаюцца вагоны па рэшткавым прынцыпе», — удакладняе ён. Пры гэтым, кажа ён, у Кітаі добры попыт. Але ёсць пытанні з цаной: «Кітайцы хочуць купіць усё танна. Гэта ж датычыць і паставак у Расію».

Фінансы кампаній і занятасць

Фінансавы стан кампаніі Васіля «толькі дазваляе ўтрымацца на плаве». Ратуе, што лізінг за транспарт і абсталяванне быў выплачаны да ўсіх гэтых хваляванняў.

— Што да занятасці, то з 18 чалавек засталося шэсць. Узровень зарплаты стараемся трымаць на ранейшым узроўні, але колькі яшчэ зможам працягнуць, складана сказаць.

Фото TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота TUT.BY

— З сакавіка было зразумела, што будзем на мяжы выжывання, таму мы пайшлі ў калектыў, патлумачылі відавочныя прычыны. У асноўным калектыў у нас адэкватны, адукаваны, навіны чытаюць. Правялі аптымізацыю ў плане інжынерна-тэхнічных работнікаў, прапанавалі сумясціць спецыяльнасці, скарацілі вытворчасць, выдаткі. Цесна размаўлялі з крэдыторамі і банкамі, — расказвае Вячаслаў. — Заробкі выплачваем своечасова, касцяк калектыву стараемся трымаць. Але ў цэлым фінансавае становішча арганізацыі на лязе брытвы: балансуем неяк, але самі здзіўляемся, як гэта выходзіць.

Самае кепскае ў гэтай сітуацыі, працягвае ён, — гэта няпэўнасць. Раней гарызонт планавання быў як мінімум год, цяпер — максімум два-тры тыдні. Рэжым працы стаў такі: заказ зрабілі, грошы прыйшлі — можна працаваць далей.

Валянцін адзначае, што на плаве застаюцца тыя кампаніі, у якіх уся маёмасць свая, няма крэдытаў і была магчымасць «працаваць на сваіх грашах». Гэта дазваляе ім пакрываць бягучыя аптымізаваныя выдаткі.

— Усе, хто працаваў на замежных грашах, у каго былі крэдыты, цяпер стогнуць. Цікава пры гэтым, што лізінгавыя кампаніі і банкі нічога ў такіх кампаній не забіраюць. Проста разумеюць, што нікуды не змогуць гэта рэалізаваць, — кажа Валянцін і дадае, што самі фірмы спрабуюць нешта выручыць, прадаючы маёмасць. Напрыклад, на аўкцыёнах цяпер прапануюць лесавозы, лесапільныя лініі, сушыльныя комплексы і іншае добрае абсталяванне, якога «раней было не знайсці».