Былая палітзняволеная Наталля Хершэ распавяла «Радыё Свабода» пра тое, што адбываецца з Марыяй Калеснікавай, пра турэмную мэдыцыну і ўмовы, у якіх вымушаны знаходзіцца палітычныя зняволеныя, у тым ліку ў ШЫЗА.
«Уначы ў ШЫЗА наступае самы страшны і цяжкі час»
— Наталля, апішыце ўмовы знаходжання ў ШЫЗА гомельскай калоніі, адкуль Марыю адвезлі ў рэанімацыю.
— Дзень і ноч ты ў камеры шырынёй паўтара мэтра, даўжынёй тры мэтры. Рукамыйнік і прыбіральня-дзірка. Заходзіш туды, здымаеш з сябе адзенне, застаешся ў майтках, табе даюць моцна зношаную ўніформу з тонкай тканіны. Можаш мець пры сабе невялікую колькасць рэчаў — мыльніца, футарал ад яе, зубная паста, зубная шчотка, туалетная папера і кухонны ручнік. На ноч не даюць ані матраца, ані падушкі, ані коўдры. Прагулак няма. 24 гадзіны на содні ты ў вузкім памяшканні.
Уначы наступае самы страшны і цяжкі час. Тэмпэратура апускаецца. Я сядзела там на пачатку траўня, але было халодна. Усе зняволеныя насілі яшчэ зімовую ўніформу. Акно ў ШЫЗА ў дзірках, у спэцыяльна зробленых тонкіх шчылінах. Камера вузкая, схавацца няма дзе, моцная цяга паветра з вакна. З такім холадам немагчыма спаць. Спрабуеш сагрэцца, бегаеш на месцы. Потым пачынаецца знясіленне.
На пяты дзень я проста ўпала, седзячы на тумбе. Паўтара мэтра — шырыня камеры. Двое нараў збоку кладуцца падчас адбою на дзьве цэмэнтавыя табурэткі. Але зняволеных трымаюць у ШЫЗА па адной. Ляжаць нельга цягам дня. Удзень можна хадзіць, можна сесці на тумбу, але калі ты нахіліш галаву на калені, ім падасца, што ты спіш, цябе заўсёды пабудзяць, нагадаюць, будуць грукаць у дзьверы, што нельга спаць. Я гэтага не вытрымала. Я проста апусціла галаву на калені... Нічога далей не памятаю, бо ўпала і пабіла галаву аб вісячую нару, бо яна акантаваная жалезным профілем. Пашкодзіла скуру галавы. Выклікалі медсястру, мне апрацавалі рану і завялі назад у камеру.
— Можам меркаваць, што і Марыя магла ўпасці, моцна ўдарыцца, страціць прытомнасць.
— Калі я была ў ШЫЗА, чула, што ў суседняй камеры ШЫЗА была іншая зняволеная, якая хварэла на эпілепсію. У яе былі эпілептычныя прыпадкі. Я чула, як цела бʼецца аб падлогу. Падышла наглядчыца, выклікала медперсанал. Хвілінаў праз 15-20 яны прыходзяць з чамаданчыкам, адчыняюць дзьверы, напэўна, мераюць ціск, даюць таблеткі, магчыма, робяць нейкую ін'екцыю — і ўсё. Прыпадак на той момант ужо скончыўся, і яе пакідаюць у камеры, далей сядзець. Гэта метады лячэння ў ШЫЗА.
Калі я заявіла, што ў мяне пачаліся праблемы са здароўем, што баляць суставы, мне сказалі, што я атрымаю медычную дапамогу толькі пасля таго, як закончу адбываць тэрмін пакарання ў ШЫЗА. Мяне абурыў факт з хворай на эпілепсію, і калі я пазней сустрэлася з начальнікам калоніі, то запыталася — як вы можаце такое рабіць. Так усё вузка, яна можа ўпасці, ударыцца скроняй аб жалезны край і памерці. Талсцянкоў глядзіць на мяне і гаворыць: так ніхто ж не памёр яшчэ.
«Першыя 40 дзён у ШЫЗА — за адмову шыць адзенне для сілавікаў, апошнія 6 дзён — за тое, што адмовілася зняць летнюю сукенку, якую адзела пад касцюм»
— Колькі разоў вы былі ў ШЫЗА і колькі дзён?
— Агулам я там правяла 46 дзён. Першыя 40 дзён — за адмову шыць адзенне для сілавікаў, апошнія 6 дзён за тое, што адмовілася зняць летнюю сукенку, якую адзела пад касцюм, бо было вельмі халодна. Гэта быў верасень 2021 году, мяне павінны былі вывесці на паўгадзінную прагулку, і я адзела сукенку пад касцюм, каб нармальна сябе адчуваць гэтыя паўгадзіны. Наглядчыца падняла спадніцу, пабачыла сукенку, запатрабавала, каб я яе зняла, я адмовілася, за гэта мяне адправілі на 6 дзён у ШЫЗА.
Без матраца, без падушкі, без коўдры было вельмі халодна. Яны самі адзеліся ў зімовыя курткі ў верасні 2021-га. Схавацца не было дзе ад холаду. У некаторых камерах ёсць металічная шырма паміж нарай і прыбіральняй, дык яе спецыяльна прадзіравілі малатком па ўсёй паверхні, каб і там чалавек не мог схавацца ад скразняку і халоднага паветра.
— Вы кажаце, што за вамі назіралі ўвесь час. Гэта азначае, што калі робіцца дрэнна, то павінны хутка заўважыць і зрэагаваць?
— Першыя дні камера ШЫЗА была без відэакамэры, потым ва ўсіх камерах усталявалі відэакамэры. Гэта спрашчае працу наглядчыцы. Яна сядзіць за сталом, у яе на кампутары відаць адначасова ўсе камэры. Калі яна бачыць нейкае парушэнне, то прыходзіць і адразу гаворыць. Натуральна, калі камусьці дрэнна, яна павінна прыйсці і прыняць нейкія захады.
«У ШЫЗА просьба медычнай дапамогі проста ігнаруецца»
—Я хачу працытаваць допіс былой палітзняволенай Вольгі Гарбуновай, былой кіраўніцы прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава».
«Аднойчы я ў СІЗА развітвалася з жыццём, я думала, што паміраю і мне ніхто не дапаможа з медыкаў. Памятаю, як я ляжала, плакала і ў думках развітвалася з блізкімі. Я б і не ўспомніла пра гэта, але вось ужо амаль содні ўвесь час думаю пра Марыю Калеснікаву ў рэанімацыі, увесь час бачу флэшбэкі і плачу. Я ня ведаю, як гэта — апынуцца ў іх у закладніцах на гады. Каб спалохацца за сваё жыццё, мне хапіла некалькі месяцаў хворых нырак ад холаду на Акрэсціна, двух ковідаў, выкашлівання лёгкіх, пары прыступаў страўніка, парушаных гармонаў, запалення суставаў і анальных крывацёкаў ад нерухомасці, зніжанага зроку, поўнага роту крыві пасля некалькіх тыдняў адсутнасці зубной шчоткі і ўсякіх іншых „дробязяў“. Калі я не магла дыхаць і задыхалася, мэдык хацеў слухаць мае лёгкія праз кармушку. На хвіліначку — маёй сяброўцы менавіта так, праз кармушку, праводзілі агляд кутняй кішкі (не ў СІЗА): ён проста ёй сказаў „станьце спінай да дзьвярэй і нахіліцеся“.
„Ды нічога страшнага, проста зэчка ёб*улася са шконкі!“ і „Здохні, толькі не на маёй змене!“ — гэта цытаты ад медыкаў СІЗА.
А двух палітвязняў, якія спрабавалі скончыць жыццё самагубствам у карцарах, спачатку пабілі нагамі (гэта было чуваць), а потым адвялі ў медычны блок. Я ведаю, што, хутчэй за ўсё, Марыя спачатку ветліва прасіла аб дапамозе (я сядзела калісьці празь сценку ад яе ў СІЗА і чула, як яна з імі камунікавала), потым, хутчэй за ўсё, яна патрабавала (такое я таксама чула), потым, хутчэй за ўсё, заклікала да чалавечнасці, ёй было вельмі балюча і яна была напалоханая (яна была на той момант у ШЫЗА калоніі, і ёй нават не маглі дапамагчы іншыя жанчыны), потым яна, хутчэй за ўсё, проста развітвалася з жыццём, а потым сітуацыя стала крытычнай і яе забрала хуткая з калоніі. Толькі такі парадак аказання медычнай дапамогі ў СІЗА ды калоніях. Іншых гісторыяў я не бачыла і не чула. Жыві, калі ласка!»
Наталля, раскажыце: ці можна ўвогуле атрымаць медычную дапамогу за кратамі? Якую?
— У ШЫЗА просьба аб медычнай дапамозе проста ігнаруецца. Я памятаю, як боль у каленях дасягнуў апагею, я ніколі ў жыцці не адчувала такога болю. Я проста стагнала. Падумала, што выйду адсюль калекай. Начальнік медычнай часткі сказаў, што зоймецца пасля выхаду маім далейшым лячэннем, але нічога гэтага не было зроблена.
Магу ўявіць, што Марыя была ў такой сытуацыі, як піша Вольга, што яна спрабавала розныя варыянты, але ўсе яе просьбы былі непачутыя і праігнараваныя. Мэта — каб ёй было дрэнна, каб яна атрымала шмат фізычнага болю, каб была гатовая змяніць свае прынцыпы, сваю пазыцыю, якую яна не зменіць.
Я не ведаю, чаму яна трапіла ў ШЫЗА. Думаю, што, напэўна, гэта было запланавана адміністрацыяй, бо знайсці прычыну, чаму зняволеную можна пасадзіць у ШЫЗА, — тысяча і адна магчымасьць у адміністрацыі. Як мне сказаў адзін аператыўны супрацоўнік калоніі — калі ў зняволенай няма парушэнняў, гэта не гаворыць пра тое, што яна стала на шлях выпраўлення, гэта гаворыць пра тое, што аператыўны аддзел дрэнна выконвае сваю працу.
«Калі я была ў медычнай частцы, сустрэла там жанчыну, якая практычна аслепла»
— Ці маглі б вы даць ацэнку кваліфікацыі і чалавечым якасцям турэмных медыкаў?
— Гэта практычна ўсе медыкі ў пагонах. Ёсьць розныя медыкі. Мала, але ёсць людзі, якія спачуваюць палітычным, спадзяюся, і проста зняволеным. А ёсць людзі, якім усё абыякава. Да такіх адносяцца загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Сілкіна Святлана Аляксандраўна і яшчэ адна тэрапеўтка. Не памятаю прозвішча, яе завуць Марыя. Гэта маладая жанчына, але таксама абсалютна без эмоцыяў і спачування.
Якасць дапамогі? Калі я была ў медычнай частцы, сустрэла там жанчыну, якая практычна аслепла. Яна казала, што праз адміністрацыю калоніі, якая не выконвала тэрміны, ёй не зрабілі своечасова аперацыю на вачах, і яна практычна не бачыць.
Я была сведкай аднаго эпізоду на фабрыцы. Цэх быў поўны работніц, якія шылі форму для сілавікоў. Адначасова працавала будаўнічая брыгада, фарбавалі сцены алейнай фарбай. Я абурылася, на што інжынэр аховы працы сказала, што нічога не можа зрабіць, трэба рабіць рамонт. Я бачу, як жанчыне стала дрэнна, яна страціла прытомнасць, упала паміж машынкамі ў вузкім праходзе. Яе вывелі на вуліцу, калі яна апрытомнела, пасадзілі на лаву, а праз 30 хвілінаў зноў пасадзілі на працоўнае месца. Пах фарбы быў па-ранейшаму моцны. Яна нічога не магла рабіць і другі раз страціла прытомнасць. Потым прыехала хуткая, і я доўга гэтую жанчыну не бачыла. Праз тры тыдні я яе пабачыла на мыліцах. Яна стала інвалідам. Хутчэй за ўсё, у яе быў інсульт.
— Калі ў Марыі сапраўды прабадная язва, то пасля такой аперацыі патрабуецца працяглая рэабілітацыя, спэцыяльнае харчаванне. Наколькі гэта магчыма ў калоніі?
— Умовы для рэабілітацыі ў калоніі ніякія. Слова «рэабілітацыя» тут ужываць немагчыма. Я ёй жадаю, каб яна найдаўжэй заставалася ў медычнай частцы. У параўнанні са звычайным атрадам там лягчэй. Ёй не трэба будзе хадзіць на працу. Паўнавартаснага харчавання яна не зможа атрымліваць. Ёй могуць дадаткова даць 100-150 грамаў тварагу, адно яйка на дзень і кавалачак масла — 10-15 грамаў. Людзі ў калоніі моцна страчваюць вагу праз нястачу калорыяў.
«Самае галоўнае — гэта вялікі стрэс, якім пранізаная кожная хвіліна зняволенай»
— Ці можаце апісаць тыднёвы рацыён зняволенай?
— Раніцай каша на малацэ. У турме каша на вадзе. Гарбата, хлеб, часам масла. На абед суп, макарона, якія зьліплася, і катлета, якую есьці нельга. Рыбную катлету часта даюць, там можна было есьці толькі корачку, але мусіш есьці гэтую катлету. Кампот. На вячэру маглі быць лянівыя галубцы, гэта месіва з капусты, крыху фаршу і морквы. Калі ты не ў карцары, ёсць магчымаць нешта купіць у краме. Можна купіць сыр, які змяшчае пратэін.
Харчаванне будзе вялікай праблемай пры аднаўлені Марыі. Калі яна вернецца ў атрад, ёй забароняць ляжаць ці сядзець на ложку. Яна будзе ўвесь час стаяць ці сядзець на крэсле. Гэта нядобра ў пасляаперацыйны пэрыяд. Самае галоўнае — гэта вялікі стрэс, якім пранізаная кожная хвіліна зняволенай. Дзень арганізаваны такім чынам, што ты не маеш вольнай хвіліны ўвогуле. У правілах запісана, што ты павінен мець не менш за гадзіну вольнага часу. Яны даюць гадзіну вольнага часу ўвечары, але яго недастаткова, каб спортам заняцца, напрыклад. Не магу ўявіць, як можа выглядаць паўнавартаснае выздараўленне Марыі ва ўмовах калоніі.
— Марыя заўсёды перадавала з турмы аптымістычныя пасланні — гэта адпавядае яе сутнасці, але давайце паспрабуем апісаць умовы, у якіх яна за кратамі. Яна была вымушаная шыць форму для сілавікоў, у яе ёсць каля 15-20 хвілін на дзень для фізычных практыкаванняў, калі на іх застануцца сілы. З ёю нельга кантактаваць іншым зняволеным. Наталля, працягніце гэты спіс з улікам вашага досведу.
— Гэта холад. Цяпер такі сэзон, што ідзе дождж ці снег, а пасушыць мокры абутак няма дзе. Адзін раз на тыдзень памыцца — гэта не гігіена. З Марыяй ніхто не размаўляе — увогуле не магу такога сабе ўявіць. Можна сябе настроіць і гэта пераадолець. Я так разумею, што яе спрабуюць зламаць любымі шляхамі і сродкамі. Калі яны шые ўніформу, важкіх падставаў, каб закрываць яе ў ШЫЗА, няма. Тады яны кіруюцца тактыкай — калі няма парушэнняў, мы знойдзем. Найхутчэй гэта былі прыдзіркі, за якія яе і кінулі ў ШЫЗА. А не шыць форму — гэта самае цяжкае непадпарадкаванне для адміністрацыі.
— Што можна зрабіць для Марыі людзям, якія цяпер на свабодзе — як у Беларусі, так і за яе межамі? Што можна зрабіць, каб не паўтарылася трагедыя Вітольда Ашурка?
— Маліцца за ўсіх палітвязняў, каб яны жывымі прышлі дадому, каб вярнуліся да сваіх семʼяў і родных. Спрабаваць актыўна выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю, калі не ў Беларусі, а за мяжой. Браць удзел у дэманстрацыях, каб урады розных краін бачылі, што беларусы тут, што праблема Беларусі нікуды не знікла і яе трэба вырашаць. Я часта маю выступы і сустрэчы ў розных швейцарскіх мэдыя, я ўвесь час гаварыла і гавару пра палітвязняў і пра тое, што трэба нешта рабіць...
— Хто для вас Марыя Калеснікава?
— Вельмі мужная і годная жанчына, вартая захаплення. Не ведаю, ці змагла б я зрабіць тое, што зрабіла Марыя, калі б мяне вывозілі за мяжу... Чалавек свядома сабе наканаваў гэтыя катаванні. Для мяне яна застаецца ідэалам нашай беларускай дэмакратыі. Спадзяюся, што здароўе яе палепшыцца. Я ёй вельмі жадаю хутчэй паправіцца і найхутчэй вярнуцца да нас.