Аляксандр Лукашэнка ў аўторак, 26 сакавіка, наведаў палігон на Ашмянскім тактычным напрамку. Падчас вайсковай нарады побач з ім на століку ляжаў шпіц Умка. Да гэтага сабака ездзіў з афіцыйнымі візітамі ў іншыя краіны. Напрыклад, на саміце ШАС у Самаркандзе Умку следам за гаспадаром па горадзе вазілі ў вазку. Акрамя гадаванца побач з палітыкам у паездках і на мерапрыемствах з дзяцінства быў яго малодшы сын Мікалай, прычым у дзесяць гадоў ён ужо ўдзельнічаў у паседжанні Генасамблеі ААН. Калі Лукашэнка бярэ на працу дзіця і сабаку, ці могуць гэтак жа рабіць шараговыя грамадзяне — спыталі мы ў чыноўнікаў.
«Ваш сабака працоўным заканадаўствам не рэгулюецца»
Журналістка «Люстэрка» звярталася ў ведамствы як звычайная грамадзянка, што мае невялікіх памераў сабаку і дзіця, якіх яна хацела б перыядычна браць з сабой у офіс. І цікавілася, ці дазволена гэта і якімі нарматыўнымі актамі або законамі рэгулюецца.
Датэлефанавацца на гарачую лінію Міністэрства працы і сацабароны мы не змаглі, аднак на званок адказалі на гарачай лініі Дэпартамента дзяржінспекцыі працы. Там параілі абмеркаваць, ці можна прывесці на працу, да прыкладу, сына ці сабаку, са сваім кіраўніцтвам. Асобных дакументаў на гэты выпадак, растлумачылі ў ведамстве, у іх няма.
— Ваш сабака працоўным заканадаўствам не рэгулюецца. Гэта ўжо нейкія вашыя асабістыя пажаданні. Калі наймальнік вам пойдзе насустрач — размаўляйце з ім, — адказала суразмоўніца і ўдакладніла, што тое самае датычыць і дзяцей. — У вас па кантракце або працоўнай дамове прадугледжана, што наймальнік абавязаны вам стварыць спрыяльныя ўмовы для працы, а вы сваімі дзеяннямі ці бяздзейнасцю не мусіце парушаць працоўны распарадак, тым самым перашкаджаючы нармальнай і прадуктыўнай працы сваіх калег. Можа, нейкі калега скажа, што яго не задавальняе, што вы прывялі дзіця ці сабаку?
На ўдакладненне, што на працу з дзіцем і сабакам хадзіў і ходзіць Аляксандр Лукашэнка, а нядаўна нават наведваў з жывёлінай вайсковы аб’ект, супрацоўніца дэпартамента толькі заўважыла, што не ўпэўненая, што мае права нешта каментаваць. І параіла звярнуцца ў ведамствы, якія адказваюць за санітарныя нормы.
«Я думаю, вы ніколі не бачылі, каб прэзідэнт у залу нарады браў з сабой сабаку?»
Мы скарысталіся парадай і патэлефанавалі ў Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Разгорнуты адказ удалося атрымаць на гарачай лініі па пытаннях гігіены і медыцыны працы. Там таксама патлумачылі, што ў санітарных патрабаваннях па адміністрацыйных будынках няма забароны адносна хатніх жывёл. Затое, паводле суразмоўніцы, такія патрабаванні ёсць ва ўмовах іх размяшчэння ў грамадскіх месцах накшталт інтэрнатаў ці гатэляў.
— Мусіць быць нейкі лакальны акт, унутраны дакумент, дазваляе адміністрацыя сабаку ці не. Але вы ж зразумейце, [яшчэ залежыць] ад таго, як сабака будзе сябе паводзіць. І калі будуць нейкія скаргі, вашыя калегі могуць звярнуцца кудысьці. Нібыта ўсе будуць усміхацца, а потым напішуць зварот у тэрытарыяльны цэнтр гігіены, што ў адміністрацыйным будынку знаходзіцца сабака, — тады пачнуць правяраць вашае кіраўніцтва: «Пакажыце дакумент, дзе сказана, што вы дазваляеце супрацоўнікам прыводзіць з сабой жывёл». Ні адзін адэкватны кіраўнік на гэта, я думаю, не пойдзе ніколі, загадам сваім унутраным не агаворыць, што дзяцей, сабак можна браць з сабой на працу. Што гэта за кіраўнік, які [дазваляе] супрацоўнікам нейкія моманты, што адцягваюць ад працы?
Супрацоўніца цэнтра дадала, што выказала толькі сваё меркаванне, і паўтарыла, што канчатковае рашэнне залежыць ад начальства на месцы. Мы таксама яшчэ раз удакладнілі, ці можна прыводзіць з сабой дзяцей.
— Дзяцей ні ў якім разе нельга, бо інфекцыя ў кожнага свая, мікраарганізмы і гэтак далей. Хтосьці чхае, хтосьці кашляе, у кагосьці інкубацыйны перыяд. І калі вашае дзіця захварэе, будзе праводзіцца эпідрасследаванне, дзе яно знаходзілася, дзе магло захварэць. Выявіцца, што крыніца інфекцыі была ў вас на працы. А чаму дзіця знаходзілася ў дарослым арганізаваным калектыве? Гэта таксама прэтэнзіі да вашага кіраўніцтва.
— Учора ў навінах паказвалі, як Лукашэнка з сабакам быў на палігоне, да гэтага ён часта браў на працу свайго сына. Мы думалі, раз яму можна, то, можа, і астатнім, — перапыталі мы.
— Я думаю, вы ніколі не бачылі, каб прэзідэнт у залу нарады браў з сабой сабаку? Гэта асабістыя нейкія кантакты. Вы зразумейце, [ на палігоне] - гэта нейкая нефармальная [сустрэча], нейкія выключныя моманты.
— І сын у афіцыйныя паездкі ездзіў з ім не раз.
— Так, давайце вы агаворыце гэта з вашым кіраўніцтвам, — унікла адказу суразмоўніца. — Я вам выказала сваё меркаванне, а вы вырашайце. Але такіх спецыфічных нормаў па трыманні жывёл на працоўным месцы не знойдзеце ні ў адных санітарных правілах. Усюды ёсць зноскі пра меркаванне кіраўніцтва. Але ў вас мусіць быць унутраны загад, дзе [жывёліна] будзе ўтрымлівацца. Калі, напрыклад, вас шасцёра ў кабінеце, будзе яшчэ сабака там знаходзіцца… Які кіраўнік гэта дазволіць, я не ведаю.
Як Лукашэнка ўжо прыводзіў сабаку туды, куды іншым нельга, і, між іншым, парушыў закон
У траўні 2023-га Лукашэнка прыходзіў на «Алімпік Арэну» глядзець хакей і побач з сабой на трыбунах пасадзіў шпіца Умку. Журналістцы «Люстэрка» на пытанне, ці можна прыводзіць на такія мерапрыемствы хатніх жывёл, у службе аховы спарткомплексу адказалі, што заўзятара з гадаванцам на трыбуны не пусцяць. Прычым там спаслаліся на закон «Пра масавыя мерапрыемствы», аднак у гэтым дакуменце пра жывёл нічога не гаворыцца, як і ва ўнутраных правілах «Алімпік Арэны».
Затое ў Правілах утрымання хатніх сабак і катоў у населеных пунктах гаворыцца, што ўладальнікам хатніх жывёл забараняецца браць гадаванцаў у крамы, школы, грамадскія будынкі, на стадыёны, рынкі і іншыя месцы, у тым ліку нават паркі і скверы. Выключэнне — толькі для сабак-павадыроў. За парушэнне правіла пагражае «адміністратыўка». Напрыклад, калі сабака нанёс шкоду здароўю чалавека ці маёмасці, яго гаспадару могуць даць штраф да 30 базавых велічынь ці адправіць яго пад арышт.
Дарэчы, шпіц Умка быў ужо як мінімум на пяці хакейных матчах.
«Люстэрка» заўважае злоўжыванні ўладай нават у невялікіх нюансах. Калі не звяртаць увагі на несправядлівасць, яна стане нормай. А мы не хочам дапусціць, каб гэта здарылася.
Дапамажыце «Люстэрку» працягнуць працу 👇
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Гэта бяспечна?
Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».
Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Любая дапамога, асабліва калі яна рэгулярная, дапаможа нам працаваць. Пяць, дзесяць, 25 еўра — гэта нашая магчымасць планаваць працу.
Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.
Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.
Чытайце таксама


