Раман прыехаў ва Украіну з групай іншых беларусаў 10 траўня 2023 года. 7 чэрвеня 2024-га ад яго прыйшло апошняе паведамленне.
У пачатку чэрвеня ва Eкраіне загінуў беларус, які прабыў на вайне год. Ён далучыўся да адной з беларускіх адзінак у траўні 2023-га. Увесь час, што ён быў ва Украіне, мужчына вёў перапіску з сябрамі, дзе расказваў пра свае ўражанні ад пабачанага, перажыванні і планы на будучыню. Адзін з сяброў добраахвотніка пасля ягонай смерці перадаў «Радыё Свабода» сканы перапіскі. Мы публікуем іх у выглядзе дзённіка.
Раман (імя загінулага змененае, яго сям’я застаецца ў Беларусі. — РС) прыехаў ва Украіну з групай іншых добраахвотнікаў 10 траўня 2023 года. 7 чэрвеня 2024-га ад яго прыйшло апошняе паведамленне.

10 траўня 2023
Я паехаў паціху. На сувязі, калі што. Памятай словы Хрыста: «Дзе двое ці трое збяруцца ў імя Маё — там і я сярод іх». Маліцца трэба адзін за аднаго. Дай Бог вам усяго добрага.
11 траўня 2023
Я ў Незалежнай, прывітанне. Ехаць яшчэ шмат. Доўга праходзілі мяжу. Нешта трэба рабіць, бо два месяцы навучання без фінансаў, у мяне ж толькі 10 еўра засталося. Сам не думаў, што так складзецца. Да Кіева застаецца 400 кіламетраў. Я не стаміўся, але мне давядзецца перастроіцца, зрабіць высілак над сабой.
Матывацыя ў мяне такая ж, як і ў іншых — вызваленне Беларусі. Ну, і як хрысціяне мы не мусім маўчаць і праходзіць міма таго бязмежжа, якое адбываецца. У палку розныя людзі — маладыя, гарачыя, ва ўзросце. Намі ўсімі рухае любоў да свабоды.
Я тут паціху знаёмлюся з людзьмі, адкрываю шмат харошых людзей, буду ўсё табе апісваць. Ты ж ведаеш — мне нескладана.
Я чытаў, глядзеў навіны, і першае, што мне прыходзіла на розум, — мне трэба быць тут, дапамагаць людзям супрацьстаяць бязмежжу. Не думаю, што нашае шчасце вызначаецца дабрабытам. Гэта вялікі фактар, безумоўна, але я шчасце расцэньваю як стан сваёй душы і сумлення, калі там спакойна.
21 траўня 2023
Прывітанне, усё добра. Сёння будуць вучыць падрыўной справе — ставіць міны, расцяжкі. У мяне ўсё добра, як вы там?
Мы хутка перабяромся жыць у лес, у намёт. Былі ў Бучы — там усё адбудавана ўжо, у Ірпяні — там мірнае жыццё ўжо.

25 траўня 2023
Я з ночы, з нараду, маю 5 хвілін. Сёння едзем у Кіеў на пахаванне (гаворка пра развітанне з Міраславам Лазоўскім, які загінуў разам з іншымі беларускімі ваярамі пад Бахмутам 16 траўня 2023 года. — РС).
Я, напэўна, застануся на базе, тут не хапае кіроўцаў. Але не, паеду далей са сваімі, прайду курсы медыцыны і буду рухацца бліжэй да перадавой, тут мне сумна.
5 чэрвеня 2023
Трэба адпачыць. Сёння кіламетраў 25 прайшоў у поўнай амуніцыі са зброяй, ноччу на пост. Апошнія 150 грыўняў аддаў, медыку букет набывалі за курсы. Таксама ж не скажаш «Не дам». Нічога мне не дасылай пакуль, на тыдзень яшчэ ў мяне ёсць. Тут кормяць, неабходнае ёсць усё. Адзінае што ў звальненне не еду, бо няма сэнсу.
14 чэрвеня 2023
Прывітанне, як справы? У мяне ўсё добра. У нас узмоцненыя заняткі, няма часу на размовы, яшчэ і начныя нарады, дык трохі непрывычна.
28 чэрвеня 2023
Я тут пад ***, на палігоне, у мяне ўсё добра. Шмат трэніруемся, некалькі дзён былі ў Кіеве, цяпер палігон. Буду ў медыцынскай эвакуацыі, але ўсё хутка змяняецца. Хай бы толькі оркі не ўзарвалі АЭС.
9 ліпеня 2023
Я ў *** на палігоне. Яшчэ тыдзень тут, потым у Кіеў, камісія і вайсковы білет. Будзе лягчэй. Тут такая спёка была, што я ледзь не расплавіўся. Добра, што потым дождж пайшоў.
22 ліпеня 2023
Прывітанне, у сябра тэрмін скончыўся, а яго не выпускаюць (з калоніі ў Беларусі. — РС). Тупа не выпускаюць і ўсё, хоць усе тэрміны прайшлі. Мы не разумеем, што рабіць.
У мяне збольшага ўсё добра. Перавозіў шпіталь з Краматорска. Стаміўся як сабака. Я з дарогі, у ноч зноў палячу — у Дніпро.
31 ліпеня 2023
Учора хлопцам вайсковыя білеты далі — 5 месяцаў чакалі. Я пакуль езджу на КАМАЗе вайсковым, шмат дзе бываю. Заўтра боекамплект вязу на Краматорск. Пра нашыя страты ты ведаеш. Галоўнае, каб дапамаглі дзецям, у каго яны ёсьць. М. жыў за сценкай, у суседнім пакоі — той, хто загінуў (за колькі дзён да таго ва Украіне загінулі трое беларускіх добраахвотнікаў. — РС).
Учора Маргарыта Ляўчук у нас давала канцэрт. Сум і журбу развеяла, таленавітая дзяўчына. Маладзец яна і без пантоў.

27 жніўня 2023
У цэлым у мяне ўсё добра, не хапае вайсковага білета і грошай. Асабліва мне тут не надакучыла, усё-такі людзі тут, мова зразумелая. Але шмат бардаку і мала людзей, каб зайсці ў Беларусь і вызваліць краіну — вось гэта блага… Але маё сумленне чыстае. Я дапамагаю як магу. Завозіў на фронт цяжкую тэхніку, адтуль забіраў аўто. Многія людзі расчароўваюцца і едуць назад.
Мне, напэўна, не хапае асабістага жыцця, стасункаў з жанчынай. Але гэта натуральнае жаданне чалавека. А тут вайна. Многія пазбаўленыя і жытла, і роднай зямлі.
Не хапае царквы. Але без вайсковага білета я нікуды не магу паехаць. Дадому мне дарога закрытая. Я гэта добра разумеў, калі ўцякаў адтуль (Раман з’ехаў з Беларусі ў пачатку 2023 года праз палітычны пераслед. — РС). Не ўсе людзі вытрымліваюць тут. Асабліва калі пабываюць на перадавой.
3 верасня 2023
Прывітанне, як справы? Я ў камандзіроўку паехаў. Ноччу фосфарнымі бомбамі абстрэльвалі. Нешта і тыя капейкі не прыйшлі, а я лекі замовіў ад нырак.
7 верасня 2023
Мяне ўжо размеркавалі, еду бліжэй да фронту. Чакаю вайсковы білет.
24 верасня 2023
Прывітанне, заўтра дакументы (вайсковы білет. — РС) мне дадуць. Пакуль пакінулі тут, але я не хачу, хачу далей ехаць. Мяне не хочуць адпускаць, усё з нейкімі нервамі. Пакуль буду цягаць цяжкую гаўбіцу два месяцы.
1 кастрычніка 2023
Прывітанне, даўно не пісаў табе. Я ў Купянску, адаптуюся да вайны. Страх Божы, што тут робіцца (увосень 2023 года ўкраінскае войска працягвала жорсткія баі за горад Купянск Харкаўскай вобласці, які ў 2022 годзе быў часова захоплены расіянамі. — РС).
1 лістапада 2023
Ідзе паўнавартасная вайна, боль і гора людзей. Многія выехалі. Горад, дзе я цяпер, разбураны напалову. І вёскі вакол яго. Страшна. Мы такога гора ў сябе і блізка не бачылі. Практычна ў кожнай сям'і нехта загінуў. Могілкі калі праязджаеш — паўсюль украінскія сцягі. У Кіеве калі быў — там усё не так было. Калі назіраць гэта ўсё блізка — то страшна. Як пісала Святлана Алексіевіч у кнізе «У вайны не жаночы твар».

10 лістапада 2023
Летам, можа, адпусцяць у адпачынак. Думаю, каб дзе ў глушы дом наняць, пажыць. Дай Бог, убачымся. У нас тут зіма поўным ходам, снегу шмат, пурга, немагчыма ехаць.
8 лютага 2024
Я ў Харкаве цяпер. Ездзіў у Кіеў зуб палячыць. Падаў дакументы на «ўдзельніка баявых дзеянняў». Здаецца, вайсковым беларусам абяцаюць грамадзянства даваць. Адпачынак дазволілі без таго, каб разрываць кантракт. 15 дзён. Хачу летам да вас заехаць.
На вайне навіны не дай Бог. Нядаўна прарыў быў, ледзь спынілі. У нас дзяжурства кожную ноч. Працую на медыцынскай эвакуацыі, на «нуль» езджу па параненых. Паціху прывык да выбухаў вайны, але ўсё роўна страшна.
Прабач, што рэдка пішу.
12 красавіка 2024
Усё добра. Апошняя задача была проста жах. Летам прыеду да вас на адпачынак.
26 красавіка 2024
Цяпер на ратацыі. Папіў трохі (алкаголь. — РС). Калі нехта гіне — гэта вельмі дызмараліць. Можа, год яшчэ пабуду тут. Але калі ў такія штурмы будуць кідаць, як апошні, то наколькі нерваў хопіць. Стаміўся, калі шчыра. Без малога ўжо год тут. Можа, заўтра паразмаўляем, бо самаадчуванне проста жах.
Самае страшнае — калі ідзе рух войска. Калі сядзяць на пазіцыях — яно цішэй, нават калі кожныя 10 хвілін нешта прылятае. Цяпер рацыя не змаўкала: «Там 200, там 300».
Ехаў па параненага — два мінамётныя прылёты. Палохае, калі шчыра. А так увесь бой я чуў па рацыі. У цэлым медыцына справілася з задачай. Мне за гэтую задачу падзякавалі.
Мы спачатку глядзім дарогу, ездзім у асноўным «па сераку» — што значыць «па змроку». Калі ноччу, то я маю прыбор начнога бачання. Там усё добра, на адрэналіне. На ратацыі, калі выпіваеш, то разумееш пасля, што ўсё, нервы згарэлі. Можа, мне пакуль у забяспечанне перавесціся? Нервы супакоіць? У многіх псіхіка не вытрымлівае. Хто п’е, хто наркотыкамі займаецца, хто грошы прайграе ў анлайн-казіно. Такая тут рэальнасць.
Усе прыфрантавыя гарады разбітыя артылерыяй, жудаснае відовішча. Яшчэ ёсць сабакі, якія паспыталі чалавечыны. Такія зграяй могуць і загрызці. А так — неяк жывём. Страты забіваюць увесь баявы дух.
Малы адзін быў у нас, дык у яго парушылася псіхіка, пасля кантузіі паехаў у Польшчу. Я проста памятаю, якім ён быў і якім ён стаў. Ты не ўяўляеш, колькі «рускі свет» прынёс сюды гора. Ці ёсць канец і край гэтым маньякам, якія выжылі з розуму?

27 траўня 2024
Выязджаем на задачу. Плануецца вельмі рызыкоўная задача. З пяхотай і сумежнікамі (цывільныя структуры, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы ваенных дзеянняў. — РС). А так прылятае кожны дзень.
7 чэрвеня 2024
Мы на харкаўскім кірунку. Баі ідуць па ўсіх франтах. Я нармальна, здаецца. У адпачынак, напэўна, не атрымаецца трапіць гэтым летам. Буду тут. Я цяпер лічуся ў Сілах спецыяльных аперацый. Задачы рэдкія, але рызыкі каласальныя, недзе 80 на 20 адсоткаў.
Якое тут жыццё? Наймаем кватэру, заступаем на баявыя. Калі нехта гіне — шмат людзей сыходзіць, гэта моцна дызмаралізуе. Нас і так мала. Але неяк пакуль трымаемся. Людзі розныя. Часам сварымся, часам — нармальна.
Куды мне ўцякаць? Я пакуль тут буду, ужо прывык. Тут шмат праблем… Вайна, я так думаю, некалі мусіць закончыцца. Ніхто не ведае, што будзе заўтра, адна надзея — на Пана Бога. Я ж у медыцыне, я кроў не лію, я дапамагаю і эвакуюю.
Паглядзім, усё можа змяніцца ў адзін момант. Рызыкую, так, але вайна ўся — гэта рызыка. Харкаў штодзень бамбяць. Ніхто тут ні ад чога не застрахаваны.
Я нідзе не свячуся, але да радні ў Беларусі прыходзілі. Як страшна жыць у тым канцлагеры.
Раман загінуў 9 чэрвеня 2024 года. Гэта адбылося падчас спробы забраць адзін з баявых разлікаў на Харкаўскім кірунку для ратацыі. Аўтамабіль Рамана, у якім знаходзіўся яшчэ адзін добраахвотнік, падарваўся на міне.
Абодва вайскоўцы атрымалі траўмы, несумяшчальныя з жыццём, і памерлі на месцы. Іх целы ўдалося эвакуяваць.
Агулам з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне загінулі больш за 63 беларускія добраахвотнікі, якія ваявалі на баку Кіева. Імёны большасці з іх публічна не называюцца з прычыны пераследу іх сваякоў у Беларусі.