Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў адзначыў, што ў 2025 годзе неабходна знайсці рашэнне супраць выкарыстання расіянамі оптавалаконных FPV-дронаў. Акрамя таго, ён лічыць, што 2025 год будзе для Украіны лепшым за 2024-ы, піша «Украінская праўда».
«У вайне дронаў мы перамагаем. Але расіяне масава пайшлі на выкарыстанне оптавалаконных дронаў. Гэта велізарная для нас праблема, бо сродкамі РЭБ іх спыніць немагчыма, маецца на ўвазе выкарыстанне FPV-дронаў. Гэта ноу-хау і трэнд гэтага года. У наступным годзе будзем усе разам шукаць тэхналагічнае рашэнне, як змагацца з вялікай колькасцю такіх апаратаў», — расказаў ён.
У цэлым Буданаў лічыць, што 2025 год будзе для Украіны лепшым за 2024-ы, у той час як Расіі давядзецца прымаць вельмі няпростыя рашэнні.
«Летась нехта з журналістаў мяне спытаў, якія чаканні ад 2024 года. І я тады абсалютна шчыра сказаў, што, на жаль, 2024-ы будзе вельмі цяжкім. Адносна 2025 года ў мяне значна больш аптымізму. 2025-ы будзе дакладна лепшы за гэты. Для гэтага ёсць аб’ектыўныя фактары, і я спадзяюся, у 2025-м мы ўбачым вельмі шмат добрых падзей, якія ўрэшце прынясуць нам тое, чаго мы так усе чакаем», — дадаў ён.
На думку кіраўніка ўкраінскай разведкі, калі Расія не апамятаецца да сярэдзіны 2025 года, Маскве дакладна давядзецца прымаць вельмі няпростыя рашэнні ў галіне эканомікі і фінансаў.